top of page

Расія адмаўляе права на існаванне Беларусі і беларускага народа


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

28 сакавіка Сусветны рускі народны сабор на сваім пазачарговым з'ездзе пад старшынствам Патрыярха Маскоўскага Кірыла абвясціў Украіне ні многа ні мала — «святую вайну», гэта значыць, атрымліваецца, «джыхад».

Удумайцеся, гэта зрабілі не якія-небудзь тэрарысты з ісламісцкіх груповак на Блізкім Усходзе, гэта зрабіў сход пад кіраўніцтвам Прадстаяцеля адной з найбуйнейшых хрысціянскіх цэркваў. Пазачарговы з'езд Сусветнага рускага народнага сабора зацвердзіў дакумент пад назвай «наказ».

«З духоўна-маральнага пункту гледжання СВА з'яўляецца Святой вайной, у якой Расія і яе народ, абараняючы адзіную духоўную прастору Святой Русі, выконвае місію «ўтрымліваючага», абараняючага свет ад націску глабалізму і перамогі спадлага ў сатанізм Захаду», — гаворыцца ў дакуменце.

У наказе сабора таксама адмаўляецца існаванне ўкраінцаў і беларусаў як асобных народаў. Знішчэнне незалежнасці Украіны і Беларусі аўтары наказу лічаць ключавымі ўмовамі выжывання і паспяховага развіцця Расіі і так званага «рускага свету» ў XXI стагоддзі.

На жаль, цяперашняе кіраўніцтва РПЦ, кананічнай часткай якой сёння з'яўляецца і праваслаўная царква ў Беларусі, усё больш і больш уцягваецца ў рэалізацыю ваенна-палітычных мэтаў Крамля і рэжыму Лукашэнкі, апраўдваючы ваенную агрэсію, гвалт і адмаўляючы права на самастойнае існаванне асобных краін і народаў. Тым самым кіраўніцтва царквы само, сваімі ж рукамі падрывае да яе давер з боку грамадства. Мы ведаем, што ў Беларусі многія шараговыя праваслаўныя, то бок царкоўная паства, а таксама прадстаўнікі святарства і манаства, не падтрымліваюць рэакцыйныя ідэі цяперашняга вышэйшага кіраўніцтва РПЦ. Многія святары і дыяканы выступалі з антываеннымі выказваннямі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну, многія ўсталі ў 2020 годзе на бок беларускага грамадства, якое рэжым Лукашэнкі масава рэпрэсаваў.

Я хачу звярнуцца да кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы з просьбай публічна адмовіцца ад падтрымкі сумнеўных палітычных заяваў, якія зыходзяць з Масквы, ці хаця б максімальна дыстанцыявацца ад іх. Гэта датычыцца і супрацоўніцтва з рэпрэсіўным рэжымам Лукашэнкі, які страціў давер беларусаў. Падтрымліваючы ідэі, якія адмаўляюць самастойнасць беларусаў як народа са сваёй культурай, мовай, гісторыяй і шматвяковымі традыцыямі, падтрымліваючы гвалт, масавыя рэпрэсіі і вайну, царква ідзе супраць інтарэсаў беларусаў, падрывае да сябе давер як інстытуту, які фарміруе маральныя арыенціры грамадства.

 

Comments


bottom of page