Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
У беларускіх турмах палітычных зняволеных не толькі катуюць. Паміж катаваннямі і змяшчэннем у карцар фактычна рабская праца зняволеных выкарыстоўваецца на шматлікіх прадпрыемствах на базе калоній і турмаў.
Дэпартамент выканання пакаранняў рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўвае працу зняволеных амаль у 30 папраўчых калоніях па ўсёй краіне для вырабу велізарнага асартыменту тавараў, сярод іх: дрэваапрацоўка, мэбля з дрэва і метала, запчасткі для заводаў, вырабы з метала, ваенная форма, скрыні для боепрыпасаў і іншыя вырабы для ваенна-прамысловага комплексу і многае іншае.
Свае тавары яны прапануюць для экспарту, прадаюць у інтэрнэт-крамах, у крамах і на старонках у сацыяльных сетках. Таксама да рэалізацыі турэмнай прадукцыі прыцягнутыя шматлікія дылеры і пасярэднікі з ліку як дзяржаўных прадпрыемстваў, так і прыватных кампаній.
Даходы ад т. зв. беларускага турэмна-прамысловага канвеера велізарныя, бо рабская праца зняволеных з'яўляецца практычна бясплатнай для рэжыму. І гэтыя даходы паступаюць для фінансавання як утрымання ўлады Лукашэнкі, так і для фінансавання ажыццяўлення саміх рэпрэсій.
Пры гэтым турэмная эканоміка максімальна закрытая: сайт Дэпартамента выканання пакаранняў не абнаўляецца з 2020 года. І закрылі гэтую інфармацыю па асабістым распараджэнні Лукашэнкі. Знешнеэканамічная дзейнасць Дэпартамента таксама цяпер старанна хаваецца. У 2019 годзе ДВП паведамляў аб супрацоўніцтве з кампаніямі з больш чым 20 краін свету.
У апошнія часы для рэалізацыі прадукцыі, вырабленай вязнямі ў калоніях, прыцягваюцца шматлікія пасярэднікі. Тавар перамаркіроўваюць і хаваюць паходжанне. І ўжо немагчыма вызначыць, што стол, стул, шафа або клюшка зробленыя зняволенымі.
Санкцыі павінны быць уведзеныя магутным пакетам на ўсе групы тавараў, аналагі якіх вырабляюць зняволеныя на прадпрыемствах Дэпартамента выканання пакаранняў. А гэта больш за тысячу найменаванняў тавараў, якія ўваходзяць у дзясятак таварных груп.
І гэта будзе пакараннем за парушэнні правоў чалавека, за незаконнае асуджэнне па палітычных матывах і ўтрыманне ў няволі тысяч невінаватых беларусаў. І менавіта гэта стане асновай для патрабавання аб вызваленні ўсіх палітвязняў.
Comentários