Сёння адным з асноўных накірункаў працы каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення з'яўляецца садзейнічанне ў пытаннях прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і яго памагатых за злачынствы супраць беларускага народа, супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы, у тым ліку за злачынствы, звязаныя з арганізацыяй незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
Рэжым бачыць пагрозу выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі і спрабуе пазбегнуць гэтага. Аднак наша каманда працягвае працу. Што ўжо зроблена? Каманда НАУ на сёння ажыццявіла тры крокі, накіраваных на тое, каб прыцягнуць да адказнасці дыктатара Лукашэнку і яго памагатых.
1. Камандай НАУ падрыхтавана папярэдняя справаздача па факце незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, якая:
прадстаўлена ў Савеце Еўропы і Еўрапарламенце (май 2023 года);
перададзена дэпутатам ПАСЕ і Вярхоўнай Рады Украіны;
перададзена міністрам замежных спраў Украіны, краін ЕС, Дзярждэпартамент ЗША;
перададзена генеральнаму пракурору Украіны і ўпаўнаважанаму па правах чалавека Украіны;
шырока прадстаўлена ў міжнародных і сусветных медыя.
2. 27 чэрвеня 2023 года намі была перададзена камунікацыя ў адпаведнасці з артыкулам 15 Рымскага статута пракурору МКС аб незаконнай дэпартацыі і перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупіраваных Расіяй тэрыторый у Беларусь.
3. Сёння, 7 лістапада 2023 года, адбудзецца перадача другой часткі камунікацыі ў МКС з дадатковымі доказамі ваенных злачынстваў, здзейсненых дыктатарам Лукашэнкам і яго памагатымі.
На падставе падрыхтаваных камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення справаздач і матэрыялаў:
Сусветныя СМІ стварылі матэрыялы па тэме ролі рэжыму Лукашэнкі і т.з. Саюзнай дзяржавы ў ваенных злачынствах (Telegraph, Reuters, Sky News, Economist, Associated Press, Washington Post, Fox News, New York Times, US News, ABC News і інш.).
ПАСЕ ў рэзалюцыі ад 27 красавіка 2023 года адзначыла адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынныя дзеянні па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.
3 мая 2023 года Вярхоўная Рада Украіны ўнесла змены ў «Зварот да парламентаў і ўрадаў замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый і іх парламенцкіх асамблеяў аб асуджэнні ўчыненых Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь злачынстваў прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей». Важна, што як у зварот, так і ў пастанову Вярхоўнай Рады ўнесеныя папраўкі, дзе адзначана роля Лукашэнкі ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.
На саміце кіраўнікоў дзяржаў Савета Еўропы 16-17 мая 2023 года ў Рэйк'явіку ў тэкст дэкларацыі была дададзена роля рэжыму Лукашэнкі ў вышэйзгаданым злачынным дзеянні.
У маі 2023 года Генеральная пракуратура Украіны пачала следства па фактах незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Мы працягваем шчыльнае ўзаемадзеянне з Генеральнай пракуратурай па гэтым пытанні.
12 чэрвеня 2023 года папярэдняя справаздача па факце незаконнага перамяшчэння прадстаўлена каманадай НАУ на міжнароднай канферэнцыі «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя» ў Вільні, арганізаванай Міністэрствам юстыцыі Літвы і цэнтрам Права і дэмакратыі (Літва).
У жніўні 2023 года пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд закранула, са спасылкай на дадзеныя НАУ, тэму ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў ваенных злачынствах. Заява была зроблена ў Савеце Бяспекі ААН. Важна адзначыць, што пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН з'яўляецца членам Кабінета Прэзідэнта ЗША і членам Савета нацыянальнай бяспекі ЗША.
Каманда НАУ вядзе сістэмную працу па пытаннях прыцягнення да адказнасці вінаватых у злачынствах. Адказнасць за ўчыненыя злачынствы непазбежная.
Comments