Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка прызначыў двух намеснікаў — Арцёма Праскаловіча і Юрыя Губарэвіча
Арцём Праскаловіч будзе адказваць за юрыдычныя пытанні ў справе пераследу прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі на падставе міжнароднага права. Да гэтага ён 14 гадоў працаваў на дзяржаўнай службе — у судзе Партызанскага раёна г. Мінска, Міністэрстве юстыцыі, Адміністрацыі прэзідэнта — і звольніўся 13 жніўня 2020 года ў знак пратэсту. Мае вялікі досвед у рабоце з заканадаўствам па пытаннях канстытуцыйнага будаўніцтва і праваахоўнай дзейнасці. Апошнія два гады працуе ў Народным антыкрызісным упраўленні і адказвае за юрыдычныя пытанні.
Юрый Губарэвіч будзе займацца пытаннямі падрыхтоўкі кадравага рэзерву для новай Беларусі. У першай палове 2000-х гадоў Губарэвіч быў дэпутатам, намеснікам старшыні Белаазёрскага гарадскога савета. З’яўляецца старшынёй руху «За Свабоду». У камандзе Народнага антыкрызіснага упраўлення адказвае за пытанні рэгіянальнага развіцця.
Прызначэнне ў Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі вопытных спецыялістаў дазволіць сістэмна і інстытуцыйна працаваць над набліжэннем пераменаў у Беларусі.
Comments