top of page

Прыгоды «агента Шмідта»


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Прайшло ўжо амаль 2,5 гады вайны. Але Захад, на жаль, так і не перабудаваўся на антыкрызіснае мысленне, адпаведнае часу. Так і не прыняў крызіс бяспекі і пагрозы, якія сыходзяць ад Расіі і рэжыму Лукашэнкі сур'ёзна. Кейс суддзі Томаша Шміта — ён менавіта пра гэта.

 
Томаш Шміт на прэс-канферэнцыі ў Мінску. 6 мая 2024 года. Фота: БЕЛТА
Томаш Шміт на прэс-канферэнцыі ў Мінску. 6 мая 2024 года. Фота: БЕЛТА

Томаш Шміт, былы суддзя з Варшавы, 6 траўня 2024 года ў Менску заявіў пра просьбу палітычнага прытулку ў Беларусі, сцвярджаючы, што ў Польшчы яго пераследвалі за незалежнасць поглядаў. Яго выпадак шырока асвятляўся беларускімі СМІ і спецслужбамі як частка антыпольскай прапаганды. У Польшчы Шміт быў вядомы ўдзелам у «хейтэрскай афёры», якая выклікала шэраг расследаванняў і дыскусій.

 

Выведкі заўсёды працавалі і працуюць у розных краінах. Цяпер выведкі рэжыму Лукашэнкі і Расіі дзейнічаюць праактыўна. Чаму? Таму што атрымана палітычнае заданне. Мэта — дэстабілізаваць сітуацыю ў Польшчы, у Літве, у цэлым у ЕС, на Захадзе. Для чаго гэта робіцца? Ідзе вайна, развязаная Расіяй і рэжымам Лукашэнкі супраць Украіны. 

Шмідт у гэтых адносінах выконвае, з аднаго боку, ролю карыснага ідыёта. Ён ужо выкарыстоўваецца ў антыпольскіх, антызаходніх мэтах у рамках інфармацыйна-прапагандысцкай вайны супраць «калектыўнага Захаду».

У такіх персанажаў нядоўгі тэрмін службы. Гэта як жуйка, якая мае густ у пачатку, а потым досыць хутка яго губляе і яе выплёўваюць. І ў гэтым сэнсе ў далейшым самога Шмідта чакае лёс аднаразовага прапагандыста.

Лукашэнка нядаўна пра былога польскага суддзю заявіў наступнае: «Мы яго (Шмідта) папярэдзілі: ты можаш даць прэс-канферэнцыю і іншае. Яны ж забілі Чачко. Глядзі, ты ставіш сябе пад удар».

 
Эміль Чачко
Эміль Чачко. Скрыншот відэа. Крыніца: news.zerkalo.io

Эміль Чачко быў польскім жаўнерам, які ў снежні 2021 года перасёк мяжу Беларусі, дзе папрасіў палітычнага прытулку, патлумачыўшы свой учынак нязгодай з палітыкай Польшчы ў дачыненні да міграцыйнага крызісу і абыходжаннем з уцекачамі. Пасля пераходу мяжы Чачко заяўляў у інтэрв'ю, што стаў сведкам масавых забойстваў мігрантаў польскімі сілавікамі. У сакавіку 2022 года ён быў знойдзены павешаным у Мінску.

 

Хто забіў? Якія яны? Зразумела, Лукашэнка тут намякае на Польшчу, такі танны прапагандысцкі ход. І нам, і таму ж Шмідту таксама зразумела, што ўсё гэта — галаслоўныя абвінавачванні. Але ўжо былому суддзі пасля гэтых слоў варта напружыцца. Для Лукашэнкі не ўпершыню прыбіраць сведак.

З іншага ж боку, калі Шмідт на самой справе сапраўдны шпіён, праблема больш істотная. Калі ён сапраўды валодае істотнай інфармацыяй, то, выкарыстаўшы яго для прыніжэння і палівання брудам Польшчы, Лукашэнка перадасць яго Расіі. Пуцін зацікавіўся гэтай гісторыяй. Ну а Расія знойдзе такой інфармацыі прымяненне, калі яшчэ не знайшла.

Якую выснову варта зрабіць з «прыгод» агента Шмідта? Падчас вайны нельга недаацэньваць праціўніка. А галоўнае — падчас вайны трэба дакладна разумець, хто з'яўляецца тваім саюзнікам, а хто праціўнікам. 

З боку Расіі і рэжыму Лукашэнкі, праціўнік даўно вызначаны — для іх гэта Захад, сама дэмакратыя. І яны ў адзіным саюзным парыве будуць ваяваць з ёй усімі даступнымі сродкамі. На Захадзе такога ж выразнага разумення, здаецца, дагэтуль няма. Як дагэтуль няма і выразнай стратэгіі дзеянняў.

 

コメント


bottom of page