«Мы высока цэнім прынятую Еўрапарламентам заяву, якая яшчэ раз падкрэслівае непахісную падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага народа. Заява дакладна адлюстроўвае сённяшнюю рэчаіснасць у Беларусі, дзе выбары па-ранейшаму выкарыстоўваюцца не як механізм выяўлення волі народа, а як інструмент захопу ўлады.
Пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года беларусы сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным узроўнем гвалту і парушэнняў правоў чалавека. Еўрапейскія дэпутаты таксама ведаюць гэтую жудасную статыстыку: больш за 1300 палітзняволеных, тысячы арыштаваных і сотні тысяч людзей, вымушаных пакінуць Беларусь у пошуках бяспекі.
Актуальныя для кожнага беларуса правы і свабоды, у тым ліку права ўдзельнічаць у галасаванні, працягваюць парушацца рэжымам, і сёння любыя выбары без празрыстых умоў, без удзелу міжнародных назіральнікаў – гэта толькі фарс.
Мы дзякуем дэпутатам Еўрапарламента за гэты дакумент, які не проста асуджае дзеянні рэжыму, але і накіроўвае дакладны сігнал пра тое, што беларускі народ заслугоўвае свабоднага выбару і павагі да сваіх правоў.
Беларусь заслугоўвае будучыні, у якой кожны грамадзянін можа свабодна галасаваць і вырашаць лёс сваёй краіны без страху, пагроз і прымусу. Мы будзем працягваць барацьбу за гэтыя правы і за вяртанне нашай краіны на шлях дэмакратыі».
Comments