top of page

Польшча працягне падтрымку беларусаў


Фота: НАУ-медыя

«Дэкларуем далейшую падтрымку вольнай Беларусі з боку Прэзідэнта Польшчы і працяг акцэнтавання Прэзідэнтам пытання Беларусі на сустрэчах на міжнародным узроўні. Гэта ёсць і гэта будзе заўсёды», — заявіў Дзяржсакратар, кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Мешка Паўляк падчас сустрэчы ў Палацы Прэзідэнта Польшчы з намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам.

Павел Латушка перадаў словы ўдзячнасці Прэзідэнту Польшчы за падтрымку беларусаў, якія выступаюць за дэмакратычныя змены ў Беларусі. Павел Латушка акцэнтаваў увагу на сітуацыі з палітычнымі рэпрэсіямі супраць грамадзянскага насельніцтва ў Беларусі, якія зноў маштабаваліся ў апошнія дні: «Узбуджэнне крымінальных спраў у дачыненні да 20 вядомых беларускіх палітыкаў, журналістаў і незалежных аналітыкаў мае мэту абмежаваць магчымасці беларусаў і міжнароднай супольнасці ў доступе да праўдзівай інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі». Міністр у Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы пагадзіўся з падыходам, выказаным прадстаўніком АПК, аб тым, што дэмакратычныя, незалежная і еўрапейская Беларусь адпавядае агульным нацыянальным інтарэсам беларускага грамадства і Польшчы.

Падчас сустрэчы асабліва адзначана важнасць адказнасці Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Перададзена інфармацыя аб дакументаванні дадзеных злачынстваў. Павел Латушка станоўча адзначыў факт выдачы польскай пракуратурай 6 ордараў на арышт прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку ў дачыненні да кіраўніка турмы ў Жодзіна, цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (Акрэсціна) у Мінску і іншых датычных да рэпрэсіяў.

Падчас сустрэчы:

  • Павел Латушка праінфармаваў аб «электаральнай кампаніі», якая пачалася ў Беларусі, і аб правядзенні 25 лютага «адзінага дня прызначэння дэпутатаў Лукашэнкі», а таксама адзначыў, што дадзеная кампанія не можа быць прызнаная выбарамі;

  • даведзена інфармацыя аб дзеяннях Лукашэнкі, накіраваных на мілітарызацыю Беларусі: значнае павелічэнне ваеннага бюджэта, размяшчэння ядзернай зброі і г.д.;

  • у адказ на просьбу суразмоўцы прадастаўлена інфармацыя аб інкарпарацыі баевікоў ПВК «Вагнер» у структуры ўнутраных войскаў МУС Лукашэнкі;

  • бакі абмеркавалі неабходнасць супрацьдзеяння пагрозам суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, якія сыходзяць ад так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі;

  • асобна абмеркаваная тэматыка палітзняволеных, у тым ліку ў кантэксце рэпрэсіяў у дачыненні да блізкіх палітзняволеных і былых палітзняволеных. Павел Латушка агучыў падыход дэмакратычных сіл Беларусі аб неабходнасці неадкладнага вызвалення ўсіх палітзняволеных, у тым ліку і аднаго з вядомых дзеячаў польскай этнічнай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута.

Павел Латушка адзначыў, што Беларусь і Польшча — еўрапейскія дзяржавы, якія маюць сумеснае гістарычнае мінулае. Дзве дзяржавы звязваюць і славутая Бітва пад Грунвальдам, і Канстытуцыя 3 мая. Сувязь народаў, якая прайшла праз стагоддзі, важная і сёння, калі беларусам асабліва неабходная салідарнасць.

Comments


bottom of page