Студэнта юрфака БДУ прымусілі на камеру прызнацца ў дыскрэдытацыі пярвічкі БРСМ.Відэа апублікавалі ў афіцыйным акаўнце факультэта
У афіцыйным інстаграм-акаўнце юрфака БДУ апублікавалі «пакаяльнае» відэа са студэнтам.У ім ён нібыта прызнаецца ў распаўсюджванні звестак, якія ганьбяць адміністрацыю і БРСМ факультэта.
На камеру малады чалавек назваў сваё імя, прозвішча, курс, а таксама агучыў прэтэнзіі, якія ўзніклі да яго ў «актывістаў».
— Дазволіў сабе публічна распаўсюджваць дыскрэдытуючыя звесткі ў дачыненні да адміністрацыі юрыдычнага факультэта, а таксама звесткі, якія ганьбяць імідж БРСМ юрыдычнага факультэта.Сваю віну прызнаю цалкам, каюся.На падставе сваіх памылак рэкамендую моладзі старанна сачыць за тым, што, каму і ў якіх сітуацыях яны кажуць, а таксама працаваць на карысць нашай краіны, — прамовіў трэцякурснік.
Беларусам гэты жанр знаёмы даўно — пасля 2020 сілавікамі былі апублікаваны дзясяткі ўдзячных відэа, запісаных пад ціскам.Навінай жа з'яўляецца тое, што цяпер да такіх метадаў звяртаюцца і беларускія ВНУ, не саромеючыся публікаваць гэтыя матэрыялы ў сваіх сацыяльных сетках.
Пасля агалоскі ў СМІ і каментароў ад юрыстаў студэнта прымусілі запісаць яшчэ адно відэа — з заклікам не прыцягваць увагу да гэтай сітуацыі.
Чаму такія відэа — гэта парушэнне закона і катаванне?
Як адзначыла Марыя Колесава-Гудзіліна:
— Гэта прамое парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, калі чалавек змушаны ў непрацэсуальнай форме прызнацца ў здзяйсненні забароненых дзеянняў. Такое відэа парушае права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму абыходжанню ці катаванням.Тых, хто прымушае здымацца ў такіх відэа, можна прыцягнуць да адказнасці па арт.426 КК РБ.
Юрыст «Вясны» Павал Сапелка адзначае, што запіс падобных “пакаяных” відэа парушае адразу некалькі канстытуцыйных і міжнародных нормаў:
— Сам працэс здымкі і выкарыстанне відэазапісаў такога кшталту парушаюць адразу некалькі нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). У першую чаргу - комплекс правоў чалавека, затрыманага па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, бо менавіта такія людзі, як правіла, становяцца ахвярамі прымусовых здымак.Іх правы замацаваны артыкулам 14 МПГПП і ўключаюць правы быць прадстаўленым абаронцам, не сведчыць супраць сябе, ведаць, у чым чалавек абвінавачваецца, паўстаць перад судом у максімальна кароткі прамежак часу.
Акрамя таго, прымус да ўдзелу ў такіх роліках — прамое парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, калі чалавек вымушаны ў непрацэсуальнай форме прызнацца ў здзяйсненні забароненых дзеянняў або абгаварыць сябе ў здзяйсненні злачынства. Магчыма, з крымінальна-працэсуальнага пункту гледжання гэта было б не так важна, калі б у нас быў справядлівы і незалежны суд. Але, на жаль, гэтыя відэа прызнаюцца доказамі і выкарыстоўваюцца для абгрунтавання вынесеных прысудаў, хаця былі здабыты непрацэсуальным шляхам.
Прымус да ўдзелу ў такіх роліках парушае свабоду выказвання меркаванняў, бо гэтае права ўключае ў сябе не толькі выказваць сваё меркаванне, але і не выказваць яго, адмовіцца ад выказванняў адносна тых ці іншых пытанняў грамадска-палітычнага характару. А бо вельмі часта людзей прымушаюць выказацца не толькі адносна іх учынкаў, учынкаў блізкіх і сяброў, але і ў цэлым — наконт учынкаў асобных сацыяльна-палітычных груп. Акрамя таго, такія запісы — прамое ўмяшанне ў таямніцу асабістага жыцця, таму што людзей вымушаюць адкрываць непублічныя бакі свайго жыцця: прафесійныя пытанні, матэрыяльнае становішча, сэксуальную арыентацыю і гэтак далей.
Таксама відэа парушаюць права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму абыходжанню ці катаванням. Бо нават калі на чалавеку няма бачных слядоў ці да яго не ўжывалі жорсткія меры ці катаванні, мы і людзі, якіх прымушаюць здымацца, цудоўна разумеем, што адмова ад здымак можа пацягнуць гэта за сабой.
Асаблівы цынізм у тым, што да такіх метадаў звяртаецца менавіта юрыдычны факультэт. Месца, дзе павінны вучыць законам, зараз практыкаваецца ў іх парушэнні. Толькі за мінулы навучальны год актывістам вядома мінімум аб 10 выпадках палітычных рэпрэсій на факультэце.
Гэтыя парушэнні закону відавочна не будуць расследаваць пры цяперашнім рэжыме. Але хаця б долю справядлівасці можа вярнуць распаўсюд інфармацыі аб тых, хто мае дачыненне да злачынства:
Рэктар БДУ Андрэй Кароль
Дэкан юрфака Андрэй Шыдлоўскі
Намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце Віктар Сухопараў
Старшыня ВА БРСМ Кірыл Панамароў
Старшыня Студсаюза Ганна Сяргеенка
Старшыня прафбюро Кірыл Палюховіч
Праект Сумленны ўніверсітэт просіць: калі вам нешта вядома пра гэты інцыдэнт, напішыце ў чат-бот @honestuniver у Тэлеграме.
Сумленны ўніверсітэт будзе дамагацца, каб датычныя да рэпрэсій на юрфаку апынуліся ў санкцыйных спісах і ў далейшым панеслі законнае пакаранне за свае дзеянні.
Крыніцы публікацыі: Сумленныя людзі і zerkalo.io
Comments