Першы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна падчас сустрэчы з намеснікам кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам адзначыў, што падчас старшынства Польшчы ў ЕС краіна будзе працягваць адстойваць падыход санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі. Пазіцыя МЗС Польшчы ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі застаецца «незменнай і цвёрдай».
Падчас сустрэчы Павел Латушка перадаў Анджэю Шэйну памятную запіску, падрыхтаваную Народным антыкрызісным упраўленнем на аснове даных беларускіх праваабарончых арганізацый, у якой адлюстраваны маштаб палітычных рэпрэсій, якія працягваюць узмацняцца ў Беларусі на фоне спробаў Лукашэнкі зноў прызначыць сябе на захопленую пасаду прэзідэнта. Павел Латушка асабліва звярнуў увагу на тое, што фактычна ў Беларусі рэалізуецца падыход часоў сталінізму — рэпрэсіі закранаюць цэлыя сем’і.
Першы намеснік міністра замежных спраў Польшчы таксама адзначыў, што прызначэнне Адама Халацынскага спецыяльным прадстаўніком Міністра замежных спраў Польшчы па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі з'яўляецца важным сігналам аб прыярытэтнасці падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл.
Анджэй Шэйна падкрэсліў, што няма падстаў чакаць дэмакратычных і празрыстых выбараў, бо Лукашэнка працягвае палітыку рэпрэсій супраць беларусаў. «Мы гэта бачым і разумеем. Польскі бок не застаецца абыякавым», — дадаў Анджэй Шэйна.
Таксама падчас сустрэчы было закранута пытанне магчымых падыходаў да вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі і абмеркаваны варыянты міжнароднага пасярэдніцтва.
Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета таксама звярнуўся да Анджэя Шэйны, які адначасова з'яўляецца дэпутатам Сейма Польшчы, з просьбай падтрымкі польскім бокам афіцыйнай дэлегацыі Каардынацыйнай Рады Беларусі, якая ўпершыню прыме ўдзел у пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы 27–31 студзеня 2025 года. Анджэй Шэйна падкрэсліў важнасць таго, што дакладчыкам ПАСЕ па Беларусі прызначаны дэпутат Сейма Польшчы Рышард Петру, і выказаў гатоўнасць польскай місіі пры Савеце Еўропы аказваць садзейнічанне ў працы беларускай дэлегацыі.
Павел Латушка акцэнтаваў увагу на тым, што для дэмакратычных сіл важна, каб у момант магчымых перамоваў па Украіне тэма Беларусі не засталася па-за ўвагай. Гэтае пытанне, безумоўна, патрабуе дадатковых кансультацый з украінскім бокам і Еўрапейскім саюзам. Асобна Павел Латушка адзначыў магчымую вядучую ролю Польшчы ў гэтым пытанні, якая з 1 студзеня 2025 года прыме старшынства ў ЕС. «Лукашэнка не мае права прадстаўляць Беларусь на гэтых перамовах, бо ён страціў суб'ектнасць і не можа гаварыць ад імя беларускага народа. Важна, каб голас дэмакратычнай большасці беларускага грамадства быў пачуты падчас гэтых перамоў», — падкрэсліў Павел Латушка.
Σχόλια