top of page

Пазіцыя каманды НАУ ў сувязі са спробамі рэжыму Лукашэнкі легалізаваць ваенныя злачынствы


А. Лукашэнка
А. Лукашэнка

Рэжым Лукашэнкі плануе арганізаваць 4 кастрычніка сустрэчу замежных дыпламатаў з дэпартаванымі ўкраінскімі дзецьмі. Паводле звестак МЗС Украіны, сустрэчу з дзецьмі з Лісічанска і Севераданецка плануюць правесці ў так званых «месцах пражывання, навучання і аздараўлення». Падобныя «сустрэчы» — спроба легалізаваць незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, якая ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права з'яўляецца ваенным злачынствам.

Незаконнае перамяшчэнне дзяцей з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь — ваеннае злачынства, матэрыялы па якім сабраныя і перададзеныя камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў Міжнародны крымінальны суд. Міжнародная супольнасць, у тым ліку краіны Еўрапейскага саюза, асуджае незаконную дэпартацыю, а МКС ужо займаецца ацэнкай доказаў па дадзенай справе.

Сёння рэжым Лукашэнкі робіць крокі, каб зачысціць факты ўчыненых злачынстваў, разам з тым працягваючы паказушную гульню ў інфармацыйнай прасторы, у той час як дзеці, незаконна вывезеныя з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, падвяргаюцца індактрынацыі, мілітарызацыі і русіфікацыі.

У сувязі з правядзеннем прапагандысцкага «мерапрыемства» каманда НАУ звяртае ўвагу на наступнае:

  1. Камандай НАУ ідэнтыфікаваны дзеці, якія сталі ахвярамі ваеннага злачынства рэжыму Лукашэнкі, а таксама ўстаноўлены асобы, вінаватыя ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.

  2. Дзеці з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны вывезены незаконна, а таму арганізацыя падобных «мерапрыемстваў» азначае спробы легалізацыі ваеннага злачынства.

  3. Матэрыялы па ваенных злачынствах, звязаных з прымусовым перамяшчэннем дзяцей, ужо разглядаюцца Міжнародным крымінальным судом.

  4. Міжнародная супольнасць і краіны ЕС рашуча асуджаюць дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, а роля рэжыму Лукашэнкі ў ваенным злачынстве актыўна асвятляецца міжнароднымі і сусветнымі СМІ.

Таксама хацелася б задаць дыпламатам Лукашэнкі наступныя пытанні:

  1. На якіх падставах сіроты прыязджаюць у Беларусь? Ці давалі ўкраінскія кампетэнтныя органы згоду на іх вываз у Беларусь?

  2. Як медыцынскай рэабілітацыі дзяцей ад вайны дапамагаюць сустрэчы з беларускімі ваеннымі арганізацыямі?

Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення працягвае працу па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за здзяйсненне ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці. Адказнасць рэжыму непазбежная.

Comments


bottom of page