Дамоўленасць аб стварэнні платформы з партфоліа і дадзенымі беларускіх артыстаў у эміграцыі дасягнута падчас рабочай сустрэчы лідара фракцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”» Паўла Латушкі і чальца фракцыі, вядомага беларускага акцёра Ігара Сігава з беларускімі артыстамі. На інтэрнэт-платформе будуць сакумуляваныя звесткі аб беларускіх артыстах у эміграцыі — прадстаўніках Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра і ўсіх іншых тэатраў, акцёры якіх вымушаны былі пакінуць Беларусь. Партфоліа будзе ўключаць у сябе відэаматэрыялы, фотаздымкі, фільмаграфію, біяграфію, дадзеныя пра валоданне мовамі і іншае. У Польшчы, па розных звестках, сёння можа пражываць больш за 100 артыстаў тэатра і кіно з Беларусі.
Платформа дасць магчымасць польскім агенцтвам у сферы кіно знаходзіць і запрашаць беларускіх акцёраў і артыстаў да ўдзелу ў здымках у мастацкіх і тэлевізійных стужках, а ў сваю чаргу беларускім дзеячам культуры — знаходзіць магчымасці для творчай рэалізацыі і працаўладкавання за мяжой.
Папярэдні кошт такой платформы — 3 000 €. Сёння галоўным з’яўляецца пошук фінансавай падтрымкі для стварэння платформы для беларускіх акцёраў, якія вымушана знаходзяцца ў эміграцыі. Калі ў вас ёсць магчымасць падтрымаць праект, прапануем пералічыць сродкі на рахункі НАУ з пазнакай «On a platform for Belarusian culture».
(просім устрымацца ад пералічэння сродкаў з Беларусі ці з беларускіх банкаў — гэта можа быць небяспечна)
Comments