top of page

Павел Латушка і Аліна Коўшык сустрэліся з дзяржсакратаром Міністэрства адукацыі і навукі


Крынiц: НАУ-медыя

Аб’яднаны Пераходны Кабінет дамовіўся, што Польшча надалей будзе прызнаваць беларускія дыпломы аб адукацыі, нягледзячы на скасаванне рэжымам Лукашэнкі беларуска-польскага пагаднення


Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка і прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык сустрэліся з дзяржсакратаром Міністэрства адукацыі і навукі, паўнамоцным прадстаўніком урада Польшчы па пытаннях развіцця і міжнародных адносінаў у галіне адукацыі і навукі Томашам Жымкоўскім і дырэктарамі дэпартаментаў Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы.


«Мы надалей будзем прызнаваць беларускія пасведчанні і дыпломы. Для нас пагадненне працягвае дзейнічаць», — адказаў Томаш Жымкоўскі на прапанову прадстаўнікоў Кабінета праігнараваць рашэнне рэжыму Лукашэнкі аб скасаванні беларуска-польскага пагаднення аб узаемным прызнанні дыпломаў.


Таксама прадстаўнікі Кабінета абмеркавалі магчымасць сумеснага з польскімі ўладамі рашэння, якое б зрабіла апастылі ад беларускіх уладаў непатрэбнымі, а адсутнасць сертыфіката ЦТ — не перашкаджала б пры паступленні ў Польшчы беларускім абітурыентам, калі яны не могуць яго атрымаць з-за рэпрэсій ці іншых паважных прычын. Дамоўлена, што пры станоўчым рашэнні польскіх уладаў, прадстаўнікі Аб’яднага Пераходнага Кабінета Беларусі разам з Міністэрствам адукацыі і навукі Польшчы сумесна распрацуюць адпаведныя інструкцыі ў гэтай справе.


Было разгледжана пытанне рэпрэсаваных навучэнцаў беларускіх каледжаў. Прадстаўнікі Кабінета дамовіліся, што яны распрацуюць працэдуру, па якой рэпрэсаваныя беларускія студэнты змогуць дабіцца для сваёй няскончанай беларускай сярэднеспецыяльнай адукацыі статусу скончанай, што дасць ім магчымасць працягнуць навучанне ў Польшчы.


Таксама было абмеркавана стварэнне сеткі суботніх школ па вывучэнні беларускай мовы, літаратуры і гісторыі з магчымасцю выдачы дыпломаў па ўзоры, зацверджаным Аб’яднаным Пераходным Кабінетам.


Польскі бок выказаў зацікаўленасць у прыняцці на працу беларускіх настаўнікаў пасля настрыфікацыі іх дыпломаў.


Асобна была закранута тэма павелічэння колькасці стыпендый для беларускіх студэнтаў і магчымасці больш шырокага інфармавання аб іх.


Для дасягнення практычных вынікаў па вызначаных напрамках сумеснай дзейнасці будзе створана рабочая група па прыкладзе супрацоўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі з Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі, Міністэрствам спорту і турызму Польшчы.

Kommentare


bottom of page