top of page

Павел Латушка на ўрачыстасці з нагоды 80-годдзя Бельскага ліцэя з дадатковай навукай беларускай мовы


г. Бельск Падляскі Тэзісы выступлення 25 сакавіка 2024 года

Паважаныя спадар Дырэктар, спадар Стараста, спадар Бургамістр, паважаная бацькоўская рада, паважаныя настаўнікі і вучні ліцэя,

Для мяне вялікі гонар выступаць сёння, у такі важны дзень і ў такім унікальным месцы, як II агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім.З вялікай пашанай і падзякай за вашую працу, за вашую неацэнную справу, віншую кіраўніцтва, выкладчыкаў, навучэнцэў і ўсіх тут прысутных з 80-годдзем Ліцэю. 

Ганаруся, што маю магчымасць выступаць перад вамі на роднай беларускай мове, бачыць столькі таленавітых, цудоўных, адукаваных маладых людзей, хлопцаў і дзяўчат, ведаць, што мы выдатна адзін аднаго разумеем і маем агульную любоў да беларушчыны ў нашых сэрцах і гэтая бясцэнная магчымасць існуе дзякуючы кожнаму і кожнай з вас. Дзякуй вам вялікі за гэта.І тым больш каштоўна сустрэцца з вамі ў дзень аднаго з галоўных святаў для беларусаў па ўсім свеце — Дня Волі. Свята, якое аб’ядноўвае нас агульнымі каштоўнасцямі, што робяць нас тымі, хто мы ёсць.

Бо што такое воля беларусаў? Хто мы ёсць і чаго мы хочам? 

Беларускі класік Янка Купала казаў — людзьмі звацца. Але якімі людзьмі? Беларусамі. І гэтая свядомасць — самы галоўны наш выбар. Першы крок да таго, каб быць вольным і свядомым чалавекам.

Беларусы доўга не мелі свабоды. Але крок па кроку яны ішлі да яе. Крок па кроку, складана, часам крывава, часам амаль пачынаючы ўсё нанова, часам чакаючы зручнага гістарычнага моманту, але ж беларусы не спынялі свой шлях змагання за волю. Змагання за зямлю, незалежнасць, дзяржаву. За тое, каб звацца беларусамі.

25 сакавіка 1918 года гэты шлях прывёў да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, першай нацыянальнай дзяржавы беларусаў. 

106 год мінула з таго часу. І гэтыя гады не былі для беларусаў ані простымі, ані спагадлівымі. Але вось ужо ў 106-ты раз мы ўзгадваем тую важнейшую гістарычную падзею, калі мы на ўвесь свет заявілі: мы ёсць, мы маем волю, мы маем свядомасць і маем права будаваць сваю будучыню. Мы беларусы. Мы жывем і жыве Беларусь!

І сёння, у 106-ю гадавіну абвячшэння незалежнасці БНР, у наш Дзень Волі, я рады казаць гэтыя словы. Рады бачыць свядомых беларусаў і беларусак, якія ў незалежнай, еўрапейскай і дэмакратычнай Польшчы захоўваюць традыцыі, культуру, веру і карані. 

Беларуская меншасць у Польшчы, тут на Падляшшы — яскравы прыклад свядомага захавання таго, што прыйшло да вас ад дзядоў і прадзедаў, спакон вякоў. І я дзякую вам за тое, што вы не губляеце сваёй свядомасці, не губляеце мовы нашай, нашай культуры, беларускіх традыцый, традыцый вашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, што захоўваеце беларускі дух і тыя каштоўныя зерні.

На жаль, сёння ў Беларусі пануе пачварны рэжым, які знішчае беларускасць, нашу культуру і мову, які змагаецца і супраць польскай этнічнай меншасці, якая пражывае ў Беларусі. Беларусы ў Польшчы і палякі ў Беларусі — багацце дзвюх краін, тое, што нас павінна яднаць і  быць мастом да супрацоўніцтва. На жаль, але сённяшні дыктатарскі рэжым гэта не разумее і супрацьдзейнічае добрасуседскім адносінам двух народаў.

Веру ў тое, што хутка Беларусь адрыне дыктатуру і мы будзем як дзве еўрапейскія дзяржавы. Беларусь і Польшча будуць супрацоўнічаць і нават адчыняць межы як гэта ёсць у Еўрасаюзе.

Важна, што ўлады Польшчы, улады Падляшша і Бельску падтрымліваюць беларусаў на Падляшшы, спадзяюся, што так будзе заўсёды. Веру ў тое, што такая выдатная ўстанова, як ІІ Ліцэй з беларускай мовай навучання адзначыць свае не толькі 80-годдзе, але і 100-годдзе і многае многае лета.

Дзякуй вам за запрашэнне. Дзякуй за ўвагу. Са святам, з юбілеем! Жыве Беларусь!

Comments


bottom of page