top of page

Па ўзроўні грамадзянскіх свабод Беларусь апусцілася ў «склеп» сусветнага рэйтынгу


Павел Латушка пра паглыблены крызіс з фундаментальнымі правамі чалавека ў Беларусі ў інтэрв'ю «Голасу Амерыкі»

У «Індэксе чалавечай свабоды», складзеным даследчым цэнтрам Інстытута Катона (ЗША) і аналітычным цэнтрам Інстытута Фрэйзера (Канада), Беларусь за мінулы год апусцілася на сем пазіцый.

Пры складанні рэйтынгу ўлічваецца 86 паказчыкаў, у тым ліку стан асабістых, грамадзянскіх і эканамічных свабод, сітуацыя з бяспекай, свабодай веравызнання, правам на ўласнасць і гэтак далей.

У сусветным «Індэксе чалавечай свабоды» Беларусь у 2023 годзе заняла 133-е месца — разам з Нікарагуа, Марока і Конга.

У параўнанні з 2022 годам краіна страціла сем пазіцый, апусціўшыся з 126-га месца. Як адзначаюць складальнікі рэйтынгу, за год у Беларусі становішча пагоршылася па ўсіх трох паказчыках — у асабістай, грамадскай і эканамічнай свабодах.

Па ўсіх гэтых паказчыках палітыка мінскага рэжыму адкінула Беларусь у «склеп» сусветнага рэйтынгу. Для параўнання, сярод суседніх краін найлепшы паказчык мае Латвія (15-е месца), за ёй ідуць Літва (17) і Польшча (47). Украіна знаходзіцца на 83-м радку, Расія — на 121-м.

Цяперашні «Індэкс чалавечай свабоды» ацэньвае сітуацыю ў 185 краінах і тэрыторыях, якія ахопліваюць 98,8% насельніцтва Зямлі.

«Чаму сусветная грамадскасць не кажа, што Нобелеўскі лаўрэат міру асуджаны на 10 гадоў турмы?»

Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка лічыць такую нізкую пазіцыю Беларусі ў «Індэксе чалавечай свабоды» сведчаннем таго, што Лукашэнка, фактычна «абнуліў» у краіне правы чалавека. І сітуацыя ў гэтых адносінах стала, па яго словах, катастрафічнай.

«Аб дэмакратыі ў Беларусі наогул нельга казаць, калі там кіруе таталітарны, жорсткі рэжым, які выбудоўвае сістэму татальнага кантролю за ўсімі інстытутамі грамадства і за канкрэтнымі грамадзянамі», — падкрэсліў Латушка ў гутарцы з карэспандэнтам Рускай службы «Голасу Амерыкі».

Апазіцыянер таксама адзначае, што сёння Беларусь з'яўляецца адным з сусветных рэкардсменаў па колькасці палітычных зняволеных. «Прызнаных арганізацыяй "Вясна" іх 1500, а ў рэальнасці эксперты кажуць пра тое, што гэтую лічбу неабходна памножыць у разы. Вельмі многія людзі не прызнаныя (палітычнымі зняволенымі), ці мы нават не ведаем пра іх знаходжанне ў турмах. У Беларусі летась былі ліквідаваныя ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі, за апошнія паўтара года было ліквідавана 1440 няўрадавых арганізацый — усе тыя, хто супрацоўнічаў з Еўропай, ЗША, Канадай, Вялікабрытаніяй, з іншымі дэмакратычнымі краінамі. У Беларусі няма ніводнага незалежнага СМІ — яны проста перасталі існаваць як на нацыянальным, так і на рэгіянальным узроўні. Усе яны працуюць з-за мяжы», — пералічвае Павел Латушка.

Па словах кіраўніка НАУ, у беларускіх месцах зняволення штодня катуюць палітвязняў, і пра лёс многіх вядомых апазіцыйных палітыкаў і грамадзянскіх актывістаў нічога не вядома на працягу некалькіх месяцаў. «Нобелеўскі лаўрэат міру Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў турме, і ў мяне выклікае пачуццё неразумення маўчанне свету пра гэта! Чаму сусветная грамадскасць не кажа пра тое, што Нобелеўскі лаўрэат міру асуджаны на 10 гадоў турмы і знаходзіцца ў жудасных умовах?», — усклікае суразмоўца «Голасу Амерыкі».

І працягвае, што рэпрэсіі, якія чыняцца мінскім рэжымам, палітычныя, грамадскія, сацыяльныя перацякаюць і ў эканамічную сферу. «Напрыклад, у Беларусі ўжо больш за паўтара года не рэгіструюцца індывідуальныя прадпрымальнікі. У турмах — сотні беларускіх бізнэсоўцаў, падаткі растуць, усё больш галін эканомікі падлягаюць ліцэнзаванню. Усё гэта прыводзіць да актыўнай міграцыі беларусаў. Па дадзеных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, якія былі апублікаваныя ў маі мінулага года, ад 250 000 да 500 000 беларусаў пакінулі краіну на працягу апошніх трох гадоў», — прыводзіць доказы намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета.

На думку Паўла Латушкі абвастрэнне сітуацыі ўнутры Беларусі пагражае небяспекай і ўсяму свету. І вось чаму: «Раней у краінах вольнага свету праблема правоў чалавека была прыярытэтам, і ніхто не гатовы быў уявіць сабе, што такая сітуацыя, як у сённяшняй Беларусі, магчымая ў прынцыпе. А цяпер многія краіны пачынаюць глядзець на нашу сітуацыю паводле прынцыпу: "Ну, гэта адбываецца дзесьці там, і да нас гэта не мае дачынення". Але калі з'яўляецца такая згодніцкая пазіцыя, то яна ў выніку прывядзе да таго, што заўтра гэта нечакана можа з'явіцца і ўнутры гэтых дэмакратычных краін. І заходнія грамадствы сутыкнуцца з такімі ж праблемамі», — папярэджвае Павел Латушка.

Больш высокае ў параўнанні з Беларуссю месца Расіі ў сусветным «Індэксе чалавечай свабоды» ён тлумачыць тым, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі пачаліся раней і ідуць больш інтэнсіўна. «Мы, напрыклад, ведаем, што паводле звестак "Мемарыяла" ў Расіі 87 палітычных зняволеных, а ў Беларусі паводле звестак "Вясны" — 1500. Насельніцтва ў Расіі — 145 мільёнаў, а ў Беларусі — 9 мільёнаў. У Беларусі няма наогул апазіцыйных палітычных партый, а ў Расіі яны пакуль усё ж такі ёсць, у Беларусі ліквідаваныя ўсе незалежныя НКА, а ў Расіі яны яшчэ існуюць. Гэта значыць узровень рэпрэсій у Беларусі несупастаўны з Расійскай Федэрацыяй», — перакананы Латушка.

Ён дадае, што вайна супраць Украіны пачалася з ініцыятывы Расіі, але мінскі рэжым падтрымаў агрэсію.

«На мой погляд, за свабоду трэба змагацца заўсёды. Захад павінен гэта зразумець і не ісці на кампрамісы з Лукашэнкам, таму што цягам 30 гадоў стала ясна, да чаго прыводзяць гэтыя кампрамісы. Сёння тэст для сваёй будучыні праходзіць не толькі беларускі народ, тэст праходзіць і дэмакратычны свет, дэмакратычная Еўропа. Калі прайграюць беларусы — заўтра прайграе і дэмакратычны Захад. У гэтым у мяне няма ні найменшага сумневу. У нас складваецца ўражанне, што свет апусціў рукі, ён глядзіць фармальна на тое, што адбываецца ў нашай краіне, а дыктатары разумеюць толькі мову сілы».



Comments


bottom of page