Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Рэжымныя прапагандысты працягваюць расказваць беларусам пра важнасць размяшчэння тактычнай ядзернай зброі ў краіне — так прапаганда намагаецца абгрунтаваць мары Лукашэнкі аб ядзернай дзяржаве. Аднак Лукашэнка і яго памагатыя зусім не хочуць расказваць беларусам пра тое, да якіх рызык прывяло размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў нашай краіне і чым яно можа скончыцца. А якія гэта рызыкі?
З прававога пункту гледжання ў такім кантэксце ўяўляецца магчымым звярнуць увагу на наступныя аспекты:
законнасць прымянення ядзернай зброі;
прававыя наступствы для Беларусі.
Законнасць прымянення ядзернай зброі
У 1994 годзе Генеральная Асамблея ААН звярнулася да Міжнароднага Суда ААН с просьбай даць кансультатыўнае заключэнне па пытанню пра тое, ці дазволена міжнародным правам выкарыстанне ядзернай зброі.
8 ліпеня 1996 года ў адказ на гэты зварот Міжнародны суд ААН даў кансультатыўнае заключэнне ў дачыненні да міжнароднага звычаёвага права і дастасавальнасці міжнароднага гуманітарнага права да ядзернай зброі. Сярод іншага ў ім было адзначана:
ні ў звычаёвым, ні ў канвенцыйным міжнародным праве няма канкрэтнага дазволу на пагрозу або выкарыстанне ядзернай зброі;
ні ў звычаёвым, ні ў канвенцыйным міжнародным праве няма ўсёабдымнай і ўсеагульнай забароны на пагрозу або выкарыстанне ядзернай зброі як такой;
пагроза сілай або выкарыстанне ядзернай зброі, якое супярэчыць пункту 4 артыкула 2 Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і не адпавядае ўсім патрабаванням артыкула 51, з'яўляецца незаконным;
пагроза або прымяненне ядзернай зброі таксама павінны быць сумяшчальныя з патрабаваннямі міжнароднага права, якія прымяняюцца ва ўзброеных канфліктах, у прыватнасці з прынцыпамі і нормамі міжнароднага гуманітарнага права, а таксама з канкрэтнымі абавязацельствамі па дамовах і іншых абавязацельствах, якія прама тычацца ядзернай зброі;
з вышэйзгаданых патрабаванняў вынікае, што пагроза або выкарыстанне ядзернай зброі, як правіла, супярэчыць нормам міжнароднага права, якія прымяняюцца ва ўзброеных канфліктах, і, у прыватнасці, прынцыпам і нормам гуманітарнага права;
Тым не менш з улікам цяперашняга стану міжнароднага права і фактаў, якія ёсць у яго распараджэнні, Суд не можа зрабіць канчатковую выснову, ці будзе пагроза або выкарыстанне ядзернай зброі законнымі або незаконнымі ў крайніх абставінах самаабароны, у якіх само выжыванне дзяржавы было б пад пагрозай.
У гэтым заключэнні ўлічваўся шырокі спектр прававога аналізу і навуковых доказаў, прадстаўленых дзяржавамі. І сёння няма падстаў казаць, што палажэнні міжнароднага права па гэтым пытанні зведалі сур'ёзныя змены, за выключэннем далучэння шэрагу краін да Дамовы аб забароне ядзернай зброі ад 7 ліпеня 2017 года.
З пункту гледжання міжнароднага права сёння немагчыма сцвярджаць незаконнасць фактаў пагроз або выкарыстання ядзернай зброі з боку Беларусі або Расіі ў сітуацыях, якія можна кваліфікаваць як крайнія абставіны самаабароны, у якіх само выжыванне дзяржавы было б пад пагрозай. У сённяшнім кантэксце таксама немагчыма сцвярджаць аб наяўнасці такіх абставін, якія маглі б сыходзіць ад любых краін у дачыненне да Беларусі (мабыць, акрамя Расіі) або самой Расіі. Больш за тое ў рэальнасці складана ўявіць умовы, у якіх прымяненне такой зброі масавага паражэння магло б адпавядаць прынцыпам міжнароднага гуманітарнага права, якія рэгулююць вядзенне ваенных дзеянняў.
Прававыя наступствы для Беларусі
Для прадастаўлення карэктнай прававой ацэнкі з'яўляецца важным разуменне таго, хто непасрэдна ажыццяўляе прымяненне ядзернай зброі (аддае загад і выконвае яго).
У найбольш відавочнай сітуацыі, калі такая зброя прымяняецца Расіяй (па загаду яе кіраўніцтва і яе ўзброенымі сіламі) з тэрыторыі Беларусі, такія дзеянні будуць складаць розныя формы акта агрэсіі з боку Беларусі (прадастаўленне тэрыторыі для акта агрэсіі) і Расіі (бамбаванне тэрыторыі іншай краіны).
У такім выпадку спрацуюць умовы для рэалізацыі палажэнняў артыкула 51 Статута ААН, а менавіта права на індывідуальную ці калектыўную самаабарону. Ваенная аб'екты і камбатанты, якія былі задзейнічаны ў такой агрэсіі або могуць быць патэнцыйна задзейнічаны ў наступных атаках, стануць законнымі мэтамі для зваротных контрудараў. Важна падкрэсліць, што шэраг дзяржаў, якія валодаюць ядзернай зброяй, прама заявілі аб магчымасці яго прымянення ў якасці меры ў адказ, падчас слуханняў па кансультатыўным заключэнні Міжнароднага суда ААН. Такі падыход распаўсюджваецца і на калектыўную самаабарону, гэта значыць, напрыклад, у адказ на атаку з ужываннем ядзернай зброі супраць Украіны, трэція краіны, якія ажыццяўляюць калектыўную самаабарону, могуць прымяніць такую зброю для абароны Украіны. Пры гэтым дадзеныя дзяржавы не вызваляюцца ад абавязацельстваў прытрымлівання прынцыпаў міжнароднага гуманітарнага права па вядзенні ваенных дзеянняў.
Чарговыя «ядзерныя мары» Лукашэнкі ствараюць сур’ёзную пагрозу для бяспекі краіны — аб гэтым не скажа рэжымная прапаганда. Аднак і Расія, і Беларусь будуць несці адказнасць за «акт агрэсіі», у якой форме ён не быў бы здзейснены. А ўсе вышэйшыя службовыя асобы дзяржаў, якія ўчынілі вышэйзгаданыя парушэнні, будуць несці крымінальную адказнасць за злачынства агрэсіі і ваенныя злачынствы.
Comments