29 ліпеня прайшоў выпуск другога курса дыпламатаў для Новай Беларусі
Курс падрыхтоўкі дыпламатычнага рэзерву для Новай Беларусі быў адкрыты ў канцы 2020 года на базе Цэнтра Усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта пры падтрымцы МЗС Польшчы і Надзвычайных і Паўнамоцных паслоў Паўла Латушкі і Уладзіміра Астапенкі, якія прадстаўляюць каманду НАУ.
Асноўнай мэтай курса з’яўляецца фарміраванне кадравага рэзерву для дыпслужбы Новай Беларусі. Выкладчыкамі на другім курсе з’яўляліся навуковыя супрацоўнікі Варшаўскага ўніверсітэта і Дыпламатычнай акадэміі МЗС Польшчы. Таксама перад студэнтамі выступілі Прэзідэнт Славеніі Борут Пахор, Прэм’ер-Міністр Малдовы Наталля Гаўрыліца, пасол ЗША ў Польшчы Марк Бжэзінскі, кіраўнік замежнай службы МЗС Польшчы Аркадзь Жагоцкі, Спецпрадстаўнік МЗС Францыі Нікаля дэ Лакост і многія іншыя дыпламаты, палітыкі і аналітыкі. Лекцыі правялі і прадстаўнікі каманды НАУ Павел Латушка і Уладзімір Астапенка.
Студэнты ў ходзе навучання вывучалі розныя дысцыпліны, звязаныя з дыпламатычнай працай: арганізацыя дыпламатычнай службы, асаблівасці працы ў консульствах і пасольствах, міжнароднае публічнае права, дзейнасць міжнародных арганізацый (ААН, НАТА, ЕС і інш.), дыпламатычны пратакол і традыцыі, а таксама многія іншыя. У рамках рэалізацыі праграмы студэнты вывучалі замежныя мовы: польскую, англійскую і французскую.
На цырымоніі завяршэння другога курса выступіў кіраўнік НАУ, пасол Павел Латушка, адзначыўшы сваю ўпэўненасць у тым, што дзякуючы тым ведам, якія выпускнікі атрымалі ад вопытных дыпламатаў і палітыкаў, яны зоймуць дастойныя месцы ў беларускім дзяржаўным кіраванні, у тым ліку і ў дыпламатычным корпусе Новай Беларусі.
Усяго за два гады слухачамі дыпкурсу сталі 50 грамадзян Беларусі. НАУ працягне садзейнічаць падрыхтоўцы кадраў для Новай Беларусі.
Commentaires