Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка па запрашэнні польскага боку правёў сустрэчу з новай Маршалак Сената Польшчы Малгажатай Кідава-Блоньскай. Па ініцыятыве прадстаўніка АПК у склад беларускай дэлегацыі былі ўключаны актывіст аб’яднання беларускіх палітвязняў «Да Волі» Алег Кулеша, дырэктарка Музея Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская, блогер Арцём Шапараў, вольны спартовец-дэсідэнт, чэмпіён свету па самба Сцяпан Папоў, актор трупы «Вольныя Купалаўцы» Ігар Сігаў.
Павел Латушка адзначыў важнасць і ключавую ролю Польшчы ў выпрацоўцы агульнай палітыкі Еўрапейскага саюза ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі, а таксама ў пытаннях падтрымкі беларускага грамадства і дэмакратычных сілаў Беларусі. Падчас сустрэчы кіраўнік НАУ надаў асаблівую ўвагу важнасці прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і павелічэння санкцыйнага ціску на рэжым, праінфармаваў аб ужо праведзенай сустрэчы з новым Міністрам юстыцыі Польшчы Адамам Боднарам і аб планах далейшых сустрэч у Мінюсце Польшчы. Прадстаўнікамі беларускага боку была адзначана салідарнасць з польскай этнічнай меншасцю ў Беларусі і Анджэем Пачобутам, які з’яўляецца палітзняволеным рэжыма Лукашэнкі.
Падчас сустрэчы прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці:
праінфармавалі пра сітуацыю з палітычнымі зняволеннямі ў Беларусі і важнасць трымаць пытанне вызвалення вязняў на міжнародным парадку дня;
падкрэслілі важнасць выдачы віз для наведвання краін Еўрапейскага саюза для тых палітзняволеных, якія выходзяць на волю, а таксама для іншых грамадзян Беларусі;
адзначылі важнасць падтрымкі свабодных беларускіх спартсменаў і магчымага патранажу ў адносінах да тых спартсменаў, якія патрабуюць адпаведнай арганізацыйна-фінансавай падтрымкі для працягнення сваёй спартовай кар’еры;
закранулі тэму падтрымкі вольных медыяў;
звярнулі ўвагу на патрэбу стварэння тэатральнай пляцоўкі для прадстаўнікоў беларускага тэатральнага мастацтва ў Варшаве.
Маршалак Сената падкрэсліла важнасць падтрымкі свабодных беларускіх спартсменаў, а таксама недапушчэння ў дачыненні да іх падвоеных санкцый, калі з аднаго боку рэжым не дазваляе свабодным спартсменам прадстаўляць Беларусь на міжнародных спаборніцтвах, а з іншага — міжнародныя спартовыя арганізацыі не ствараюць магчымасцяў для іх удзелу у міжнародных спаборнцітвах. Малгажата Кідава-Блоньска падкрэсліла гатоўнасць падтрымкі ва ўстанаўленні кантактаў па гэтым пытанні з новым міністрам спорта Польшчы.
Асобна была абмеркавана тэматыка падтрымкі беларускай культуры за мяжой. Сярод іншага закраналася пытанне стварэння тэатральнай пляцоўкі для «Вольных Купалаўцаў», а таксама для іншых беларускіх тэатральных калектываў, якія дзейнічаюць у Польшчы. Маршалак Сената выказала падтрымку стварэння такой пляцоўкі ў Польшчы з мэтай захавання беларускай культуры і рэлакацыі ў будучым у новую дэмакратычную Беларусь. Выказана просьба садзейнічасць ў сустрэчы прадстаўнікоў АПК з новым міністрам культуры Польшчы.
Павел Латушка падняў праблему легалізацыі беларусаў у Польшчы і звярнуўся з просьбай аказаць садзейнічанне ва ўстанаўленні кантактаў АПК з новым кіраўніцтвам Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы.
Падчас сустрэчы Маршалак Сената адзначыла важнасць падтрымкі беларускага грамадства, дэмакратычных сілаў Беларусі ў гэты складаны для Беларусі час; падкрэсліла, што парламент Польшчы стаіць на баку беларускіх дэмакратычных сілаў. Кіраўніца Сената пагадзілася з пазіцыяй пра немагчымасць разглядаць прызначаную электаральную падзею ў сённяшняй Беларусі ў якасці выбараў, а таксама выказала гатоўнасць ва ўзаемадзенні з членамі новага ўрада Польшчы абмеркаваць праблемы, якія былі паднятыя прадстаўнікамі беларускай грамадскасці.
Гэта першая сустрэча прадстаўніка АПК і прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці з новым вышэйшым кіраўніцтвам Польшчы. Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні рэгулярных сустрэч для абмеркавання і вырашэння праблемы беларускай дыяспары ў Польшчы.
Comments