top of page

Новы міністр замежных спраў дыктатара


Сяргей Алейнiк
Сяргей Алейнiк Крынiца: Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь

Павел Латушка пра Сяргея Алейніка


Характарызуючы Сяргея Алейніка, трэба сказаць, што мы яшчэ два месяцы таму з нашых крыніц у сістэме МЗС і атачэння Лукашэнкі атрымалі інфармацыю аб тым, што Алейнік разглядаецца на пасаду міністра замежных спраў замест Макея. У дачыненні да яго былі распачатыя ўсе неабходныя праверкі. Пра гэта таксама ведаў і Макей — гэта неабходна прыняць да ўвагі.


Алейнік з’яўляўся блізкім сябрам Макея, разам з жонкай былі сведкамі на вяселлі Уладзіміра Макея і Веры Паляковай-Макей. У апошні час склалася ўражанне, што ў іх дружбе намеціўся раскол, які можна звязаць з тым, што Макею стала вядома пра тое, што Алейнік рыхтуецца замяніць яго на пасадзе міністра замежных спраў.


Сяргея Алейніка я ведаю з перыяду яго працы на пасадзе начальніка службы дзяржаўнага пратакола МЗС Беларусі. Служба дзяржаўнага пратакола забяспечвае ўсе візіты Лукашэнкі за межы краіны — афіцыйныя і неафіцыйныя, начальнік службы знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці каля дыктатара пры правядзенні гэтых візітаў. Таксама ён забяспечвае ўсе пратакольныя мерапрыемствы з удзелам дыктатара ўнутры краіны.


Такім чынам, у той перыяд Алейнік атрымаў пэўную ступень даверу і камунікацыю з Лукашэнкам. Трэба разумець, што дыктатар не прызначае на такія пасады людзей, якіх ён дасканала не вывучыў або калі ён мае хоць найменшы недавер да чалавека.


Сяргей Алейнік працаваў таксама пастаянным прадстаўніком Беларусі ў Жэневе і адначасова паслом Беларусі ў Ватыкане і пры Мальтыйскім Ордэне. Менавіта Алейнік стаіць за перамовамі з Ватыканам па цяперашняй сітуацыі ў Беларусі. Перш за ўсе, з ім праводзяць кансультацыі паслы заходніх краін, тыя, што засталіся ў Беларусі. Так што яго роля ў камунікацыі з Ватыканам можа прадстаўляць пэўную цікавасць для Лукашэнкі.


За апошні час Алейнік тройчы выязджаў у Швейцарыю для кантактаў са швейцарскай фірмай, якая займаецца вырашэннем канфліктаў у розных частках свету, у тым ліку адказвала за вырашэнне канфлікту ў сувязі з анэксіяй Крыма, што дэманструе яе адносную «эфектыўнасць». Прадстаўнікі гэтай фірмы прыязджалі на сустрэчу да Макея і ў адміністрацыю Лукашэнкі. За ўсімі гэтымі перамовамі стаіць Алейнік.


У перыяд працы паслом у Вялікабрытаніі на працягу 6 гадоў Алейнік аброс досыць шырокімі сувязямі ў элітах Вялікабрытаніі, што, тэарэтычна, таксама можа быць выкарыстана рэжымам у сваіх інтарэсах. Алейнік таксама апошнім часам ажыццяўляў камунікацыю з некаторымі чыноўнікамі Еўракамісіі.


Алейнік — гэта дастаткова шматслоўны чалавек, які вельмі цяжка перадае сутнасць пытанняў, адданы сістэме і асабіста Лукашэнку цалкам, для якога нацыянальная самасвядомасць, беларуская мова і культура не знаходзяцца ў яго асабістым парадку дня, але ён адначасова той, хто схільны ўсталёўваць камунікацыі з Захадам.


Таму, дзве галоўныя прычыны, па якіх Лукашэнка прыняў такое рашэнне:

  1. асабісты давер;

  2. наяўнасць неабходных сувязяў.

Дадзенае прызначэнне можа сведчыць аб жаданні Лукашэнкі паменшыць уплыў Расіі і павялічыць камунікацыю з Захадам. Разам з тым, мяркую, нічога істотнага ні салдат Лукашэнкі Алейнік, ні сам дыктатар не могуць прапанаваць сёння Захаду.

Comments


bottom of page