top of page

Нацыянальная свядомасць — гэта наша зброя і наш шчыт


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Выступ Паўла Латушкі падчас удзелу ў святочных мерапрыемствах у Варшаве з нагоды Дня Волі

На поўны размах яшчэ ў трыццаць сёмым Нашы дзяды паказалі «свядомым», Дзе іх сапраўднае месца ў жыцці: Там, дзе іх і касцей не знайсці.

Затым — ува ўсіх у наступных сёмых Нашы бацькі дабівалі «свядомых». Ой, шчыравалі! Але як назло — Стала іх нават больш, чым было!

Цяпер ужо нам, унукам і дзецям, Прадоўжыць работку іх давядзецца. Бо нельга інакш! Бо знаем даўно мы: Страшны народ — Калі ён свядомы!

Гэта урывак верша Ніла Гілевіча і вы, канечне, адчулі вялікую і балючую іронію ўсіх гэтых радкоў. Але ёсць у іх і вялікая праўда. Праўда жыцця, праўда выжывання беларусаў як нацыі. 

Нацыянальная свядомасць — гэта нашая зброя і наш шчыт 

Гэта тое, дзякуючы чаму мы, беларусы, адносна невялікая па колькасці нацыя (параўноваючы з усходняй імперыяй, па суседству з якой нам «пашчасціла» у двукоссях існаваць) — здолела захавацца, здолела выжыць, нягледзячы на стагоддзі расейска-імперскай і расейска-савецкай акупацыі. Нягледзячы на гвалтоўную русіфікацыю, нягледзячы на тэрор, нягледзячы ні на што. 

Мы паўставалі, цярпелі паразы і паўставалі зноў. Нашых лідараў і нашу нацыянальную эліту каралі смерцю на эшафоце, растрэльвалі ў начы ў Курапатах, а яна паўставала зноў. Нашую дзяржаўнасць разбуралі, а яна паўставала зноў.

Менавіта нацыянальная свядомасць 107 год таму прывяла ў Менск больш за 1800 дэлегатаў з усёй Беларусі на першы Ўсебеларускі з’езд. І нягледзячы на тое, што з’езд той быў разагнаны бальшавікамі, праз некалькі месяцаў была абвешчана і паўстала БНР, Беларуская Народная Рэспубліка. Першая беларуская незалежная нацыянальная дзяржава. Бо на тое была воля беларусаў. Прынамсі тых, хто здолеў захаваць свядомасць, хто не страціў надзеі і хто быў дастаткова рашучым, каб скарыстаць гістарычны момант і гістарычную магчымасць таго часу. 

Ад гэтай даты, 25 сакавіка 1918 года, прайшло ўжо 106 год. Але тое зерне нацыянальнай свядомасці, тое зерне імкнення да ўласнай дзяржаўнасці, перажыўшы бальшавіцкі тэрор, перажыўшы сталінскія рэпрэсіі 30-х, перажыўшы Курапаты, перажыўшы дзесяцігоддзі СССР — тое зерне прарасло і дало ўсходы. 

Праўда пра Курапаты, першы Чарнобыльскі шлях, нацыянальны ўздым і рух канца 80-х — пачатку 90-х, абвяшчэнне Рэспублікі Беларусь. І так, нажаль, прыход да ўлады Лукашэнкі пры падтрымцы, зноў жа, Расіі. Збіццё дэпутатаў Вярхоўнага Савета, ганебные рэферэндумы, забойствы палітычных апанентаў, «інтэграцыя» з Расіяй, утварэнне Саюзнай дзяржавы. Але супраціў беларусаў працягваўся. Грамадскі, але ж не выключна.

Плошча 2006, Плошча 2010, Маршы недармаедаў… І нарэшце — рэвалюцыйныя падзеі 2020 года, якія, насуперак існаваўшым на той момант думкам пра другаснасць нацыянальнага складніку пратэсту, праходзілі пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам. 

І што ж мы маем сёння? Так, маем рэакцыю і масавы тэрор у Беларусі. Маем тысячы палітвязняў. Маем больш за 136 тысячаў ахвяр злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці. Маем вайну супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі ўдзельнічае на баку Расіі супраць волі беларускага народу. Маем новую пагрозу незалежнасці і самому існаванню нашай дзяржаўнасці з боку Расіі праз дзейнасць пракрамлёўскага лукашэнкаўскага рэжыму. 

Але ж маем, дагэтуль маем і не губляем сваёй нацыянальнай свядомасці. Маем волю да свабоды. Волю да незалежнасці. І ўнутры Беларусі, і за яе межамі, бо беларуская дыяспара не губляе гэтай волі і гэтай свядомасці нават у вымушанай эміграцыі. І маем падтрымку цывілізаванага свету. 

І я дзякую усім нашым партнерам з гэта. Дзякую ўладам Польшчы, дзе мы сёння знаходзімся, за ўсю тую падтрымку, якую беларусы атрымліваюць на вашай зямлі. 

Але ж галоўнае — я дзякую ўсім беларусам і беларускам, дзе б вы не былі сёння, за тое, што вы не здаліся, не скарыліся і працягваеце барацьбу. Кожны — на сваім месцы і ў меру сваіх магчымасцяў. Дзякуй вам за тое, што вы губляеце сваёй свядомасці, не губляеце мовы нашай, што захоўваеце гэтыя каштоўныя зерні, з якіх неаднаразова адражалася Беларушчына, праходзячы нават праз самыя складаныя выпрабаванні. 

І канечне ж, схіляю галаву перад мужнасцю і дзякую нашым героям-партызанам, што спынялі рух расейскіх цягнікоў, дзякую нашым героям-каліноўцам, якія ўжо 2 гады бароняць Украіну ад расейскай навалы. Вечная падзяка, гонар і слава беларускім героям. Жывым і загінулым. 

Нашая краіна і нашая нацыя бачылі безліч складаных часоў. Але ж мы жывем. Жыве нашая свядомасць. Жыве нашая воля. І жыве Беларусь.

Жыве і абавязкова будзе вольнай. Вольнай і незалежнай. 

З Днём Волі! Жыве Беларусь!

Comments


bottom of page