Павел Латушка зачытае ўрывак з твора Якуба Коласа «На ростанях»
Здавалася, ужо само паветра было насычана новымі павевамі свежай мыслі, хоць ахоўнікі ўсталяванага вякамі палітычнага ладу цвёрда стаялі на сваёй варце і забівалі самыя маленькія шчылінкі, праз якія маглі б прабіцца новыя ідэі. Але там, дзесь у патаемных глыбях, нешта бурліла, кіпела, узнімалася, ірвалася наверх. Газеты паведамлялі аб забастоўках, успыхваўшых там-сям па вялікіх гарадах. Глуха далятала з розных месцаў грознае водгулле людскога абурэння. З заціснутых нізін выбіваліся крыніцы новага жыцця.
Цяпер усе гэтыя падзеі пераломліваліся ў свядомасці Лабановіча пад іншым пунктам разумення. Ён адчуваў радасць пазнання новай праўды, той праўды, што ў няяснай постаці вякамі жыве ў мужыцкім сэрцы, бунтуючы дух і падымаючы яго на паўстанні, той праўды, за якую лепшыя дзеці народа марнелі па астрогах, гібелі і чэзлі ў ссылках, на катарзе або ў росквіце жыцця складалі галовы па цёмных сутарэннях. І ўсе гэтыя мучанікі за праўду выклікалі здзіўленне і глыбокае спачуванне і з непераможнаю сілаю хілілі на тую цярністую пуціну пакуты, па якой ішлі яны.
Але разам з гэтым ясней выяўлялася і дваістасць таго стану, у якім цяпер апынуўся Лабановіч. З аднаго боку, ён — вясковы настаўнік — павінен праводзіць у жыццё пэўныя ідэі. Сэнс іх — замацаванне таго парадку рэчаў, у справядлівасць якога ён не верыць. Над ім ёсць вока, і гэтае вока не дрэмле. І не адно, а многа такіх вачэй. З другога ж боку, выконваючы сваю ролю, ён свядома пераходзіць у рады ворагаў народа. Ён станецца лгаром і проста нячэсным чалавекам, калі будзе ўбіваць праз школу ў дзіцячыя галовы гэтыя казённыя ідэі.
<…>
Заспакоіцца і пагадзіцца на гэтым няможна. Трэба рабіць нешта іншае, трэба заспакоіць сваё грамадскае сумленне і выйсці з фальшывага становішча ашуканага чалавека, таго становішча, у якім знаходзяцца мільёны абдураных людзей.
Comments