У Стакгольме прайшла сустрэча Святланы Ціханоўскай са старшынёй Парламенцкай асамблеі АБСЕ Маргарэтай Седэрфельт
Старшыня таксама запрасіла Народнае антыкрызіснае ўпраўленне прыняць удзел у сустрэчы. НАУ ў сустрэчы прадстаўляла Народнае пасольства Беларусі ў Швецыі.
Гэта першы падобны прыклад, калі Народнае антыкрызіснае ўпраўленне на міжнароднай сустрэчы было прадстаўлена Народным пасольствам Беларусі.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанні і падыходы да вырашэння рэгіянальнага крызісу, які ўзнік у сувязі з фальсіфікацыяй выбараў і бесперапыннымі рэпрэсіямі ў Беларусі.
Прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Васерман перадаў старшыні ПА АБСЕ прапановы НАУ па вырашэнні крызіснай сітуацыі, правёў гутаркі з кіраўніком дэлегацыі Францыі ў ПА АБСЕ Сірэн Моборн, членам шведскай дэлегацыі ў АБСЕ Б’ёрнам Седарам і віцэ-старшынёй ПА АБСЕ Піяй Каўмай (Фінляндыя).
На сустрэчы таксама прысутнічалі віцэ-старшыні ПА АБСЕ Аскар Шакіраў (намеснік Старшыні Сената Казахстана), Азай Гуліеў (кіраўнік дэлегацыі Азербайджана), Ірэн Хараламбідэс (кіраўнік дэлегацыі Кіпра) і Паскаль Алізар (намеснік кіраўніка дэлегацыі Францыі).
Нагадаем, што народныя пасольствы — гэта ініцыятыва супольнасці беларускай дыяспары «Беларусы замежжа» пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення па стварэнні прадстаўніцтваў дэмакратычнай Беларусі за мяжой ва ўмовах страты легітымнасці цяперашняй улады ў краіне і за яе межамі.
Opmerkingen