«Няма аніякіх прававых падстаў для пераследу і тым больш для канфіскацыі маёмасці. Усе, хто могуць стаць ахвярамі дзеянняў рэжыму, змогуць вярнуць уласнасць пасля транзіту ўлады і атрымаць кампенсацыі за незаконныя захады лукашэнкаўскіх хаўруснікаў. А тыя, хто гэтыя захады ініцыюе і рэалізоўвае, будуць прыцягнутыя да адказнасці. І рэжым гэта разумее. Навошта тады гэта робіць?
Звярніце ўвагу на час. Прайшло амаль 4 гады пасля выбараў 2020 года, якія Лукашэнка прайграў. Ён паспрабаваў утрымаць уладу сілай. Але нямногім больш чым праз тыдзень, 25-27 мая, – выбары ў Каардынацыйную Раду, якая з’яўляецца пагрозай для рэжыму. І мэта гэтай правакацыі – паспрабаваць знізіць яўку на іх.
Яны адчуваюць пагрозу ва ўзмацненні дэмакратычных сіл і спрабуюць дэматываваць беларусаў.
Але не ўлічваюць важную дэталь: дзеянні СК і іншых карных органаў Лукашэнкі толькі больш радыкалізуюць беларускае грамадства, большасць якога ў 2020 годзе сказала Лукашэнку ўсё, што ён дагэтуль не можа зразумець. Цяпер карныя органы спрабуюць пазбавіць беларусаў замежжа таго, што для некаторых было стрымліваючым фактарам. Выснова адна: ніхто не робіць такі ўнёсак у радыкалізацыю беларусаў, як сам рэжым.
Толькі слабы чалавек – а менавіта такім з'яўляецца Лукашэнка – можа ажыццяўляць ціск, рэпрэсіі, прыцягваць да крымінальнай адказнасці безабаронных людзей, якімі з'яўляюцца нашы мамы і бацькі, дзядулі і бабулі, браты і сёстры.
Мы будзем працягваць змагацца, каб прыцягнуць Лукашэнку і яго памагатых да міжнароднай крымінальнай адказнасці. Нам ужо ўдалося дамагчыся 6 ордараў для арышту катаў рэжыму, перш за ўсё кіраўнікоў Акрэсціна і Жодзіна; КДБ і ГУБАЗіК прызнаныя ў Сенаце Чэхіі і Сейме Літвы арганізацыямі-спосарамі тэрарызму. Мы будзем працягваць гэту працу, каб усе злачынцы разумелі: адказнасць непазбежная. І дэмакратыя ў Беларусі пераможа толькі тады, калі гэтая адказнасць наступіць».
Kommentare