Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Павел Латушка пра тое, у чым заключаецца важнасць выбараў у Каардынацыйную раду для Беларусі.
Першае і самае відавочнае — каб нарэшце пачаць выбіраць і ўплываць на палітыку. Пачынаючы з узроўню палітыкі саміх дэмакратычных сіл. Гэта вельмі каштоўна і важна — нарэшце атрымаць пазітыўны, здаровы электаральны досвед.
Па-другое, выбары патрэбныя для таго, каб рэалізаваць прынцып «нічога пра нас, без нас». Бо можна сядзець і казаць, што хтосьці там за мяжой кулуарна нешта вырашае, а можна непасрэдна ў гэтым удзельнічаць праз выбары і наўпрост уплываць.
Па-трэцяе, для таго, каб стварыць рэальна прадстаўнічы орган, які будзе абараняць інтарэсы выбаршчыкаў і які будуць рэальна чуць нашы міжнародныя партнёры і палітыкі, бо за ім стаіць выбар людзей. А для гэтага важна прывесці ў палітыку сваіх прадстаўнікоў, якіх выбралі мы, а не самі дэмсілы ўнутры сябе.
Па-чацвёртае, выбары неабходныя, каб за кошт новых абраных прадстаўнікоў вырашыць кадравае пытанне і нават голад, які відавочна існуе ў дэмакратычных сілах сёння. Выбары ў КС дазволяць уключыць у працу 80 чалавек, абраных дэпутатаў, якія змогуць прысвячаць сябе ўзняццю хвалюючых беларусаў пытанняў на ўсіх даступных на дадзены момант пляцоўках.
І, нарэшце, стварэнне і функцыянаванне дэмакратычных палітычных інстытутаў, якія выступаюць альтэрнатывай дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі — гэта тое, без чаго немагчыма эфектыўна вырашаць ні тактычныя і аператыўныя задачы, ні стратэгічныя. Гэта тое, без чаго немагчыма эфектыўна змагацца з дыктатурай. Гэта тое, што неабходна для абароны незалежнасці Беларусі ва ўмовах расійскай пагрозы і недапушчэння сцэнару, пры якім Расія зможа бесперашкодна інкарпараваць Беларусь.
І гэта тое, без чаго Беларусь не будзе гатовая да дэмакратычных пераменаў. А час пераменаў у любым выпадку прыйдзе. І мы павінны быць да гэтага гатовыя.
Вось навошта трэба ісці на выбары 25-27 траўня. Вось навошта нам з вамі патрэбна абраная Каардынацыйная рада. Давайце выбіраць разам.
З праграмай і першымі 9 крокамі кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» можна азнаёміцца ў нашым Telegram-канале.
Comments