Намеснік кіраўніка НАУ Уладзімір Астапенка пра Пераходны Кабінет і Прадстаўніцтва ў Бруселі
Чым вы зараз займаецеся ў Аб'яднаным Пераходным Кабінеце Беларусі?
Я займаюся пытаннямі, звязанымі з фармаваннем прыярытэтаў і плана дзеянняў Кабінета. Вельмі складана сцісла апісаць увесь вялікі аб'ём працы, які нам сёння прыходзіцца праробліваць, але ў аснове гэтай працы галоўная тэза: стварыць усе неабходныя ўмовы для абароны суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Мы канстатуем, што Беларусь з'яўляецца фактычна акупіраванай расейскімі войскамі. Мы бачым, як нелегітымны рэжым Лукашэнкі губляе суверэнітэт у розных сферах, пачынаючы з ваенна-палітычнай і працягваючы гаспадарчымі і любымі іншымі пытаннямі.
Таму задача забеспячэння незалежнасці і суверэнітэту Беларусі — гэта галоўная задача ў знешнепалітычным парадку дня Кабінета, якой мы займаемся падчас нашых сустрэч з міжнароднымі партнёрамі, выступаючы на міжнародных канферэнцыях, падтрымліваючы кантакты з палітыкамі высокага ўзроўню ва ўсіх еўрапейскіх краінах.
Вельмі важна адзначыць, што мы сустракаем іх разуменне, гатоўнасць аказваць нам усялякае садзейнічанне ў гэтай рабоце, і мы ўпэўнены, што з гэтай падтрымкай міжнародных партнёраў мы зможам забяспечыць вырашэнне гэтай задачы.
Калі прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі будзе адкрытае для беларусаў?
Я рады аб'явіць аб тым, што Місія дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі адчыняе свае дзверы для беларусаў.
Мы ўжо запланавалі на снежань правядзенне шэрагу інфармацыйных і аналітычных мерапрыемстваў па актуальных праблемах Беларусі. Запрашаю ўсіх жадаючых далучацца да іх.
Місія ў Брусэлі адкрытая для ўсіх беларусаў, і мы спадзяемся, што гэты пункт на мапе Еўропы стане чарговым месцам прасоўвання беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
コメント