top of page

Міністр замежных спраў Латвіі зняважыў Лукашэнку. Што адбылося?


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Сёння, 18 сакавіка, перад пачаткам пасяджэння Рады ЕС па замежных справах, у парадак якога ўключана абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі, кіраўнік МЗС Латвіі Крыш'яніс Карыньш заявіў, што санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі павінны быць сінхранізаваныя з расійскімі — г. зн. санкцыі, якія прымяняюцца да Расіі, павінны цалкам прымяняцца да рэжыму Лукашэнкі — каб пазбегнуць іх абыходу.

Прычынай для гэтага міністр назваў «поўны эфектыўны кантроль Расіі над Беларуссю». Фармулёўка досыць жорсткая і непрыемная для мяне асабіста, як для беларускага палітыка. Карэктней, на мой погляд, было б назваць сітуацыю з расійскім уплывам сур'ёзнай пагрозай суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. 

Аднак варта прызнаць, што факт прадастаўлення тэрыторыі Беларусі для нападу на Украіну і так званыя «інтэграцыйныя пагадненні» сапраўды кажуць пра тое, што ваенны кантроль над тэрыторыяй Беларусі сапраўды ў большай ступені ажыццяўляецца з Крамля, чым з Мінска. І што ў шэрагу ключавых сфер жыцця і эканомікі краіны кантроль Расіі таксама ўзмацняецца праз дзеянні рэжыму Лукашэнкі. І чым даўжэй гэты рэжым будзе існаваць — тым вышэй рызыкі для Беларусі прыйсці менавіта да такой сітуацыі, якой яе апісаў латвійскі міністр. І гэта тое, чаго мы, беларусы, не павінны дапусціць ні ў якім разе.

Вяртаючыся ж да слоў міністра, трэба адзначыць — і без таго правальная знешняя палітыка рэжыму Лукашэнкі пацярпела чарговае фіяска. Як бы ні спрабаваў дыктатар распавядаць пра сваю суверэннасць у прыняцці пастаноў, як бы ні спадзяваўся, што яго ўсё яшчэ ўспрымаюць калі не легітымным, то хоць бы суб'ектным — словы кіраўніка МЗС Латвіі цалкам перакрэсліваюць гэтыя надзеі. Лукашэнка — палітык, марыянетка на пабягушках у Крамля. 

Якая, на жаль, страціўшы сваю палітычную суб'ектнасць, разбурае суб'ектнасць нашай дзяржавы, Рэспублікі Беларусь. 

Таму чым хутчэй наша краіна пазбавіцца ад гэтага персанажа, тым хутчэй мы, беларусы, пазбавімся ад расійскага кантролю і цалкам адновім свой суверэнітэт і незалежнасць. І тым хутчэй пераможа Украіна.

Адным з найважнейшых захадаў на гэтым шляху — гэта ліквідацыя магчымасцяў для Расіі абыходзіць санкцыі праз Беларусь, пра якую, нарэшце, усё часцей кажуць заходнія палітыкі на высокім узроўні. Менавіта для гэтага і неабходная сінхранізацыя (або гарманізацыя) санкцый. А таксама забарона транзіту падсанкцыйных тавараў праз нашу краіну. Кошт вайны для Расіі павінен максімальна вырасці, агрэсія не павінна падсілкоўвацца рэсурсамі, якія паступаюць звонку. А разам з тым рэсурсаў для падтрымкі вайны і свайго існавання ў прынцыпе павінен пазбавіцца марыянеткавы рэжым Лукашэнкі.

Безумоўна, перамагчы ў вайне аднымі санкцыямі немагчыма. Як аднымі толькі санкцыямі не ліквідаваць рэжым Лукашэнкі. Але гэта адзін з інструментаў, які важна эфектыўна выкарыстоўваць. Разам з тым, заходнім партнёрам неабходна праявіць палітычную волю і даць Украіне ўсё неабходнае для перамогі над агрэсарам. Неабходны таксама супраціў унутры Беларусі на ўсіх узроўнях, уключаючы і апаратны ўзровень. І нам, беларусам, і нашым партнёрам на Захадзе і ва Украіне, неабходна зразумець: Беларусь без Лукашэнкі — гэта Беларусь без Расіі, а значыць — без пагрозы свайму існаванню. І без пагрозы сваім суседзям. Ні Украіне, ні Літве, ні Польшчы, ні Латвіі.  

Упэўнены, менавіта такой мы ўсе хочам бачыць Беларусь. Менавіта ў такой Беларусі мы ўсе хочам жыць. Беларусы заўсёды дамовяцца з беларусамі. І заўсёды дамовяцца з суседзямі. Без Лукашэнкі.

Kommentarer


bottom of page