Беларусы ў хуткім часе змогуць карыстацца беларускамоўнай версіяй мабільнага дадатку пры зваротах па міжнародную абарону ў Польшчы
У красавіку Упраўленне па справах замежнікаў Польшчы анансавала запуск мабільнага дадатку Refugeebook для замежных грамадзян, якія звяртаюцца па міжнародную абарону ў Польшчы. У дадатку змешчаныя адказы на пытанні па атрыманні міжнароднай абароны: працэдура падачы, атрыманне сацыяльнай дапамогі, формы дакументаў, асаблівасці падачы дакументаў сумесна з дзецьмі, дзеянні пасля прыняцця рашэння і г.д. Дадатак быў створаны на польскай, англійскай, рускай і ўкраінскай мовах.
У сувязі з адсутнасцю беларускамоўнай версіі мабільнага дадатку намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 24 красавіка звярнуўся да кіраўніка Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томаша Цытрыновіча: «Улічваючы вялікую колькасць беларускіх бежанцаў у Польшчы, хацеў бы звярнуцца да вас з просьбай дадаць у гэты спіс беларускую мову. Ініцыятыва па ўвядзенні беларускай мовы дазволіла б беларускім бежанцам атрымаць больш лёгкі доступ да інфармацыі і падтрымаць нацыянальную мову, якая падвяргаецца агромністаму ціску з боку рэжыму ў Беларусі».
У сваім адказе, атрыманым Паўлам Латушкам 9 траўня бягучага года, кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы адзначыў: «Я даў даручэнне пачаць працу над мадыфікацыяй дадатку і ўвесці версію на беларускай мове».
«Мы ўдзячныя Упраўленню па справах замежнікаў Польшчы за важнае рашэнне ў падтрымку беларускай мовы. Заўсёды будзем намагацца абараняць правы беларусаў, якія вымушаны шукаць прытулку за мяжой. Важным для нас з’яўляецца і падтрымка нашай кааліцыі "Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"" на выбарах у Каардынацыйную раду, праз якую мы таксама будзем змагацца за правы беларусаў», — адзначыў у сувязі з рашэннем польскага боку Павел Латушка.
コメント