Сёння адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі з ваяводам Ніжнесілезскага ваяводства Мацеем Авіжэнем, удзел у якой таксама прынялі прадстаўнікі беларускай дыяспары Вроцлава.
Ваявода прынёс прабачэнні ў сувязі з назапашанай праблемай выдачы дакументаў для беларусаў, якая вынікае з хібаў у дзейнасці папярэдняй адміністрацыі ваяводства. Ваявода адзначыў, што спадзяецца, што да канца чэрвеня ў яго будзе большае разуменне аб магчымасці атрымаць дадатковае фінансаванне дзеля павелічэння колькасці супрацоўнікаў, якія будуць займацца вырашэннем існуючай праблемы.
Павел Латушка па выніках сустрэчы з беларускай дыяспарай у Вроцлаве 14 мая 2024 года, на якой прысутнічала каля 200 беларусаў, прадставіў сістэмныя праблемы з атрыманнем пастаяннага і часовага жыхарства ў Польшчы, дакумента падарожніка і інш. Запыты, якія былі атрыманы ад беларусаў падчас сустрэчы, былі данесены да ваяводы. Мацей Авіжэнь запэўніў, што паспрабуе як мага хутчэй іх вырашыць.
Усяго 49 тысяч спраў замежных грамадзян, у тым ліку і тысяч беларусаў, патрабуюць неадкладнага вырашэння. Яны былі назапашаныя ў папярэднія гады. Агулам у ваяводстве пражывае каля 20 тысяч беларусаў.
Падчас сустрэчы Ніжнесілезскі ваявода Мацей Авіжэнь адзначыў, што разумее спецыфіку праблемы, якая існуе ў пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы і канкрэтна ў Ніжнесілезскім ваяводстве, звязаную з тым, што рэжым Лукашэнкі адмовіў беларусам у праве атрымліваць новыя пашпарты ці працягваць пашпарты ў пасольствах і консульствах Беларусі за мяжой. Ваявода запэўніў, што пытанні легалізацыі беларусаў у яго як новага ваяводы Ніжнесілезскага ваяводства знаходзяцца ў фокусе ўвагі і будуць вырашацца. Для іх вырашэння будуць прымацца наступныя канкрэтныя крокі:
запланавана павялічыць на 51 адзінку колькасць супрацоўнікаў ваяводскай адміністрацыі, якія займаюцца пытаннем выдачы дакументаў: відаў на пастаяннае і часовае жыхарства, польскіх падарожных дакументаў і г.д.;
будзе арганізавана адмысловая адукацыйная праграма для рабочай групы з прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якая дапаможа праінфармаваць аб правільным зборы дакументаў для найхутчэйшага вырашэння пытанняў легалізацыі.
Ваявода Ніжнесілезскага ваяводства Мацей Авіжэнь падчас сустрэчы запэўніў Паўла Латушку аб намерах вырашыць да канца бягучага года назапашаныя ў перыяд да сённяшняга дня праблемы легалізацыі беларусаў.
Дзясяткі нестандартных і спецыфічных кейсаў, а таксама кейсаў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння і ўтрымліваюць пытанні беларусаў у асабліва складанай сітуацыі, былі прынятыя ваяводам для найхутчэйшага разгляду і прыняцця адпаведных рашэнняў.
Павел Латушка падрыхтуе для ваяводы прапановы для магчымага ўліку пры змене закона аб замежніках, якія важна вырашыць для таго, каб паменшыць час чакання, колькасць зваротаў па пытаннях афармлення адных і тых жа дакументаў, каб выдаваць польскі падарожны дакумент на 3 гады, каб польскі падарожны дакумент сведчыў асобу замежнага грамадзяніна ў Польшчы і іншыя прапановы. Ваявода абяцаў перадаць дадзеныя прапановы ў цэнтральныя органы ўлады Польшчы.
Па выніку сустрэчы створана працоўная група з прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Вроцлаве, якая будзе камунікаваць з упаўнаважаным ваяводы, каб паскорыць вырашэнне праблем легалізацыі беларусаў.
Мацей Авіжэнь і Павел Латушка дамовіліся пра тое, што праз два месяцы адбудзецца іх сустрэча, каб прааналізаваць, што ўдалося зрабіць за гэты час для таго, каб зрушыць гэтую праблему ў бок вырашэння.
Comments