top of page

Мы яшчэ сустрэнемся


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

«Гэта будзе наш спектакль, дзе мы сыграем галоўную ролю і самі выступім рэжысёрамі»

У Міжнародны дзень тэатра я хачу нагадаць, якія глыбокія карані мае тэатр у гісторыі Беларусі. Народныя тэатры (самы вядомы з іх — батлейка) і шляхецкія тэатры, такія як Нясвіжскі тэатр Радзівілаў XVIII стагоддзя і Ружанскі тэатр Сапегаў XVIII стагоддзя, аказалі вялікі ўплыў на развіццё беларускай культуры. Ігнат Буйніцкі — постаць, выключная для беларускага тэатральнага мастацтва. Ён больш за сто гадоў таму стварыў першую беларускую тэатральную трупу ў пачатку XX стагоддзя ў фальварку Палівачы на Глыбоччыне.

Беларускі тэатр увайшоў у нашую гісторыю не толькі як асяродак нацыянальнай культуры і мовы, а і ў станаўленні дзяржаўнасці. Менавіта ў 1917 годзе ў будынку гарадскога тэатра ў Мінску, сённяшні тэатр імя Янкі Купалы, адбыўся Першы Усебеларускі з'езд, дзе было абвешчана права беларускага народу на самавызначэнне.

Узгадваю, што падчас працы міністрам культуры Беларусі нам удалося рэалізаваць праграму аднаўлення, рэканструкцыі і рамонту 27 дзяржаўных тэатраў у краіне, сярод якіх асабліва ўзгадваю Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы, выключна першы драматычны тэатр краіны са стогадовай гісторыяй, і абласны тэатр лялек у Гродна, які быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Таксама мы пачалі адбудоўваць драматычны тэатр у Слоніме, заснаваны Міхаілам Агінскім у XVIII стагоддзі. Акрамя таго ўзгадваю, што ў той час ініцыяваў фестываль «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» у Нясвіжы і фестываль драматычных тэатраў Беларусі «Тэатр Уршулі Радзівіл», таксама ў Нясвіжскім палацу.

2020 год. Толькі ў сталіцы прадстаўнікі 12 тэатральных калектываў паказалі, што для іх азначае свабода, і падтрымалі мірныя пратэсты. Яны паказалі, што тэатральнае мастацтва не можа быць прывязана ланцугом. Лідарам тут стаў славуты Купалаўскі тэатр.

Хачу павіншаваць з Міжнародным днём тэатру ўсіх актораў і супрацоўнікаў тэатраў, якія цяпер вымушана за мяжой і, якія засталіся ў Беларусі. Я веру, што мы ўсе сустрэнемся зноў у Купалаўскім і нам нават не хопіць месцаў. Усе мы размесцімся і ў скверы, і на плошчы перад тэатрам на прылеглых вуліцах і завулках. Дзеля гэтага нам важна сыграць галоўную ролю і самім стаць рэжысёрамі. З Днём тэатру!

Былы міністр культуры Беларусі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры UNESCO і гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага таэтра імя Янкі Купалы

Comments


bottom of page