top of page

Мы павінны здацца Лукашэнку?


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Існуе меркаванне, што санкцыі нібыта правакуюць Лукашэнку на працяг рэпрэсій у Беларусі. І што нібыта, наадварот, узмацняючы санкцыі, мы спрыяем яшчэ большым рэпрэсіям. Дык што ж рабіць?

Давайце паспрабуем паглядзець на гэта праз іншую аналогію: агрэсія і супраціў. І задамося такім пытаннем: ці трэба супраціўляцца агрэсару, ці трэба яго караць за агрэсію? Ці трэба скласці зброю, капітуляваць і заплюшчыць вочы на ўсё, што ён ужо нарабіў, каб не правакаваць яго на яшчэ большую агрэсію? 

Пастаўлю пытанне яшчэ больш канкрэтна: што трэба было рабіць Украіне, калі Расія пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі развязала супраць яе поўнамаштабную вайну? Што трэба было рабіць Украіне, каб не «справакаваць» Расію? І што Украіне трэба рабіць цяпер? Можа быць, здацца, капітуляваць, здаць свае тэрыторыі? А што рабіць партнёрам Украіны, пра што Украіне трэба іх прасіць? Можа быць, ім трэба сказаць: ну добра, Расія, мы перастаем дапамагаць Украіне, здымаем з цябе ўсе санкцыі і заадно прызнаем, што акупаваныя табой тэрыторыі афіцыйна становяцца тваёй часткай — таму што мы не хочам цябе далей правакаваць. Так?

У 2020 годзе рэжым Лукашэнкі напаў на беларусаў, якія не хочуць жыць пад ягонай дыктатурай (сапраўды гэтак жа, як украінцы не хочуць жыць пад расійскай акупацыяй). Гэты напад у выглядзе масавых штодзённых рэпрэсій, якія ўжо неаднаразова былі надзеленыя прыкметамі і падпадаючымм пад злачынствы супраць чалавечнасці ў розных міжнародных дакументах, працягваецца па гэты дзень. Па дадзеных Цэнтра права і дэмакратыі Justice Hub ахвярамі гэтых злачынстваў па стане на май 2023 года стала не менш за 136 тысяч чалавек. 

У лютым 2022 года Лукашэнка як марыянетка Пуціна забяспечыў уварванне Расіі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Г. зн. сумесна з Пуціным здзейсніў акт агрэсіі ў дачыненні да Украіны. І гэта злачынства агрэсіі працягваецца па гэты дзень. А разам з тым Лукашэнка таксама здзяйсняе ваенныя злачынствы, арганізоўваючы незаконнае перамяшчэнне і дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый. 

І што ж у гэтых умовах прапануюць нам прыхільнікі падыходу «не правакаваць агрэсараў»? Я адкажу, што яны прапануюць — змірыцца, бяздзейнічаць і здацца. Здаць Украіну Пуціну. І здаць Беларусь Лукашэнку. Што ў канчатковым выніку азначае таксама здаць Беларусь яго гаспадару — Пуціну.

Гэта значыць замест «быць», яны прапануюць «не быць». А што выбіраеце вы?

 

Commenti


bottom of page