Дарадца НАУ па знешняй палітыцы Павел Берстаў у эфіры тэлеканала TRT World
Важна разумець, што Беларусь сёння знаходзіцца пад расейскай акупацыяй. Лукашэнка фактычна аддаў наш сувэрэнітэт Крамлю. З юрыдычнага пункту гледжання мы не з’яўляемся часткай Расіі, але марыянеткавы ўрад даўно не кантралюе сітуацыю ўнутры краіны.
Аднак Беларусь — гэта не Лукашэнка і яго рэжым. Нашая краіна — гэта мы, беларусы. І толькі ад нас залежыць захаванне суверэннасці нашай дзяржавы. Мы падняліся і аб’ядналіся як нацыя. Мы адзіныя і працягваем сваю барацьбу як на міжнародным узроўні, так і ўнутры краіны.
Увесь свет бачыць працу лідэраў беларускіх дэмакратычных сіл, якія не толькі падтрымліваюць імідж нашай краіны на самым высокім палітычным узроўні, але і рыхтуюць цвёрдую юрыдычную аснову для прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і ўсіх вінаватых у злачынствах супраць народаў Беларусі і Ўкраіны.
Нягледзячы на маштабаванне рэпрэсій, беларусы не спыняюць барацьбу і ўнутры краіны. Працягваецца арганізаванае супраціўленне партызан на чыгунцы, кібератакі баз даных дзяржаўных службаў і ведамстваў, барацьба з прапагандай, дваровая пратэстная актыўнасць. Усё гэта падтрымлівае маральны дух беларусаў.
Вельмі важна ўздымаць і рабіць заўважнай тэму беларускага пратэсту, у тым ліку з дапамогай міжнародных СМІ. Увесь свет павінен бачыць: мы не перасталі змагацца. Увесь свет павінен разумець, што Лукашэнка — марыянетка Пуціна. Абодва дыктатары і іх саўдзельнікі павінны быць пакараныя за ўчыненыя злачынствы.
Менавіта на гэта накіравана маштабная кампанія НАУ «Punish Putin’s Puppet», якая аб’ядноўвае ў сабе ўсе праекты па прыцягненні Лукашэнкі і яго марыянетачнага рэжыму да адказнасці.
Comments