top of page

Мегаламан Лукашэнка — хадзячая эканамічная і экалагічная катастрофа


Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасол

Нядаўна Лукашэнка падпісаў свой указ аб стварэнні Савета па стратэгічных праектах. Савет створаны «ў мэтах удасканалення дзейнасці па планаванні, распрацоўцы і рэалізацыі стратэгічных праектаў». Дык што гэта за такія стратэгічныя праекты, для якіх спатрэбілася чарговая савет пры Лукашэнку?

Раней ужо былы міністр эканомікі Лукашэнкі Аляксандр Чарвякоў анансаваў сем запланаваных стратэгічных праектаў на найбліжэйшую перспектыву. Акрамя будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі, пра якую мы ўжо гаварылі ў адным з нашых папярэдніх відэа, Чарвякоў анансаваў праект па ўзвядзенні ў Беларусі новага цэлюлознага камбіната.

Трэба нагадаць, што адзін цэлюлозна-кардонны камбінат Лукашэнка ўжо стварыў. Праект па мадэрнізацыі Светлагорскага ЦКК з арганізацыяй новай вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы па маштабах вядома не параўнаць з атамнай станцыяй, але па суадносінах шкоды і карысці ў ЦКК усё можа быць нават горш.

А. Лукашэнка з візітам на Салігорскім ЦКК у лютым 2020
А. Лукашэнка з візітам на Салігорскім ЦКК у лютым 2020

Праект па будаўніцтве цэлюлознага завода на базе Светлагорскага ЦКК расцягнуўся на дзесяць гадоў і абышоўся ў адзін мільярд долараў. Аднак будаўніцтва адбывалася з вялікім адставаннем ад графіка.

Першы раз Светлагорскі ЦКК павінны былі запусціць яшчэ ў далёкім 2016 годзе. Але потым тэрміны гатоўнасці вымушаныя былі перанесці на 2017-ы. У выніку ў 2019 годзе кіраўніцтва Светлагорскага ЦКК пачало працэдуру разрыву кантракту з кітайскім ген. падрадчыкам.

У якасці падстаў называліся парушэнне будаўнічых нормаў і тэрмінаў, былі выяўлены факты пастаўкі бракаванага абсталявання і з'яўленне моцнага непрыемнага паху ў ваколіцах завода. Акрамя таго, генпадрадчык адмовіўся ўводзіць прадпрыемства ў прамысловую эксплуатацыю.

У выніку рэжым Лукашэнкі канчаткова пасварыўся з кітайскімі інвестарамі. Кітайцы сышлі, а доўг на 650 млн даляраў перад двума кітайскімі банкамі застаўся. У сярэдзіне 2019 года завод працаваў у рэжыме доследна-прамысловай эксплуатацыі з загрузкай на ўзроўні толькі каля 60%.

Даўгі Светлагорскага ЦКК перад кітайскімі банкамі часткова пагашаліся міністэрствам фінансаў Беларусі. У выніку будаўніцтва завода беленай цэлюлозы Светлагорскі камбінат стаў стратным прадпрыемствам, ні разу не паказаўшы чысты прыбытак з 2012 года. У пачатку 2019 года агульная запазычанасць прадпрыемства складала блізу 900 млн даляраў і была значна большай за кошт асноўных сродкаў прадпрыемства.

У далейшым тэрміны поўнай гатоўнасці новага камбіната пераносіліся яшчэ не раз. Афіцыйна яго запусцілі толькі ў 2020 годзе. Але пры гэтым і ў 2021-м годзе ён працаваў з загрузкай толькі ў 70%. І што характэрна — у 2022 годзе нічога не змянілася. За дзесяць месяцаў 2022 года камбінат вырабіў 220 тыс. тон цэлюлозы пры праектнай магутнасці ў 400 тысяч.

Салігорскі ЦКК
Салігорскі ЦКК. Крыніца: rynak.by

Але эканамічныя праблемы Светлагорскага ЦКК — гэта не ўсё. Іх дапаўняе яшчэ і экалагічная катастрофа, выкліканая новай вытворчасцю. Будаўніцтва новага завода беленай цэлюлозы ўскладніла экалагічную абстаноўку ў Светлагорску.

Пасля ўводу прадпрыемства ў доследную эксплуатацыю мясцовыя жыхары пачалі скардзіцца на непрыемны пах, удушша, млоснасць, пяршэнне ў горле, ваніты. Мясцовыя ўлады і прадстаўнікі завода пацвердзілі факт выкідаў, але назвалі іх часовымі і звязалі з вымушанай наладкай абсталявання ў працэсе выхаду на праектную магутнасць.

Пры гэтым падкрэслівалася, што ў пробах паветра нібыта не было выяўлена перавышэння мяжы дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў. Аднак, па разліках Беларускага навукова-даследчага цэнтра «Экалогія» ў жылой зоне горада канцэнтрацыі серавадароду, аміяку, фармальдэгіду перавышалі гранічна дапушчальныя ўзроўні ад 60% да 96%.

Праблемы з экалогіяй дапаўняюцца яшчэ і праблемамі з бяспекай. У маі 2019 года работнікі прадпрыемства распаўсюдзілі ў сацсетках фатаграфіі даху, які абрынуўся, у адным з новых цэхаў. 30 ліпеня 2020 года на камбінаце падчас рамонтных работ прарвала трубу з гарачай шчолачнай сумессю, з-за чаго два чалавекі атрымалі цяжкія апёкі, адзін з якіх пазней памёр у бальніцы.

Выбух на салігорскім ЦКК у кастрычніку 2020 года
Выбух на салігорскім ЦКК у кастрычніку 2020 года Крыніца: onliner.by

У кастрычніку 2020 года адбыўся выбух і наступнае ўзгаранне рэзервуара з талавым маслам, пры гэтым выбуховая хваля скінула на зямлю рабочага, што прывяло да яго смерці. Такім чынам, смяротнымі ахвярамі лукашэнкаўскага стратэгічнага праекта стала ўжо прынамсі два чалавекі.

Зараз на Светлагорскім ЦКК рэалізуецца новы праект. Тут будуюць цэх па вытворчасці кардона. Чаканы тэрмін акупляльнасці гэтага праекта — 10 гадоў. Запусціць вытворчасць планавалі сёлета, але нешта зноў пайшло не па плане.

А наогул рабіць кардонную ўпакоўку — гэта на думку Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў такая вось прарыўная, перадавая тэхналогія. Салігорскі ЦКК — характэрны прыклад схемы рэалізацыі стратэгічных праектаў па-лукашэнкаўску. Спачатку вы марнуеце шмат часу і грошай на рэалізацыю мегапраекта, потым разумееце, што ён не працуе так, як павінен, таму зноў марнуеце яшчэ больш грошай, каб мегапраект нарэшце зрабіць ужо супермегапраектам. Прычым гаворка тут зусім не пра мегаэфектыўнасць і суперакупляльнасць такіх праектаў — а толькі пра мегазатраты ва ўгоду мегаламаніі аднаго вусатага саўгаснага «генія».

Нядаўна прэса паведаміла, што Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат атрымаў штраф у памеры 3,34 млн рублёў. Такое рашэнне прыняў суд Гомельскай вобласці. Таксама прадпрыемства павінна выплаціць 33 тысячы рублёў дзяржпошліны. Аднак нелегітымныя ўлады, мабыць, баючыся росту грамадскай незадаволенасці, паспяшаліся абвергнуць гэтую інфармацыю.

Беллеспаперапрам разам з аспрэчаннем паведаміў, што да прадпрыемства нядаўна ў судовым парадку ўсё ж былі ўжытыя штрафныя санкцыі, але ўсяго толькі за несвоечасовае афармленне прыродаахоўных дазвольных дакументаў у сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння ранейшых. Але нават такое апраўданне не адмяняе ўсіх тых праблем, якія спарадзіў Светлагорскі ЦКК у апошнія гады.

Але хіба гэта спыніла Лукашэнку і яго мегаламанію? Не. Як раз наадварот. Цяпер Лукашэнка і ягонае асяроддзе рыхтуюць сюрпрыз ужо не для жыхароў Светлагорска, а для нейкага іншага беларускага горада.

Лукашэнка на БелАЭС
Лукашэнка на БелАЭС. Крыніца: belta.by

Каму ж з беларускіх гарадоў «пашанцуе» размясціць у сябе яшчэ адну экалагічную і эканамічную катастрофу? Гэта пакажа час. На жаль, інакш, акрамя як на шкоду людзям, рэалізоўваць «стратэгічныя праекты» Лукашэнка і выбудаваная ім сістэма проста не ўмеюць.

На кожны правал у гэтага рэжыму заўсёды адзін адказ. Пабудавалі адну бескарысную для краіны і пры гэтым дарагую БелАЭС — ды яшчэ і не за свае грошы? Давайце пабудуем яшчэ адну! Пабудавалі адзін нерэнтабельны і пры гэтым яшчэ і небяспечны для здароўя і жыццяў людзей камбінат, зноў жа — нават не за свае грошы? Выдатна, давайце браць крэдыт і будаваць яшчэ адзін!

А паказчыкам «прагрэсу» ва ўсіх гэтых бяздарных ідэях з'яўляецца хіба што прагрэсуючая мегаламанія Лукашэнкі. Пакутаваць ад якой вымушаная ўся краіна.

Comments


bottom of page