top of page

Марыць і Дзейнічаць


Павел Латушка на Фестывалі «TUTAKA»

«Чалавек жыве, пакуль марыць. Я думаю, тут сабраліся ўсе беларусы, якія мараць. Мараць пра галоўнае — вярнуць сабе Беларусь. Я вельмі мару пра тое, што вярнуся ў Беларусь. Але марыць недастаткова. Важна рабіць! Кожнага дня!»,  сказаў Павел Латушка намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення падчас адкрыцця фестываля «TUTAKA» на Падляшшы. 

З 12 па 14 ліпеня непадалёк ад Беластока прайшоў фестываль «TUTAKA», які ўжо не першы год збірае беларусаў з усёй Еўропы на мяжы Польшчы з Беларуссю. І сёлета «TUTAKA» сабрала ў адным месцы тое, што ўяўляе сабой сёння незалежная беларуская культура. Фестываль «TUTAKA» не толькі паказаў багацце і разнастайнасць сучаснай незалежнай беларускай культуры, але і стаў важнай падзеяй для ўсіх, хто імкнецца захаваць і развіваць яе ва ўмовах вымушанай эміграцыі.

«Я цешуся з таго факту, што сёння сабраліся таксама беларуская меншасць у Польшчы і беларуская дыяспара. На жаль, беларуская дыяспара з таго факту, што нас дэпартавалі з нашай краіны, але важна, што мы разам. Бо калі мы разам — мы сіла»,  —  заявіў Павел Латушка ў сваім звароце да ўдзельнікаў фестывалю.

Гэты фестываль стаў сапраўдным святам для ўсіх, хто цэніць і падтрымлівае беларускія традыцыі, мастацтва і музыку. На працягу трох дзён госці маглі атрымліваць асалоду ад разнастайнай праграмы, якая ўключала канцэрты беларускіх выканаўцаў, тэатральныя пастаноўкі, літаратурныя чытанні і выстаўкі сучасных мастакоў.

Акрамя забаўляльнай праграмы фестывалю важнай часткай сталі таксама дыскусійныя пляцоўкі, у адной з якіх прыняў удзел Павел Латушка. На панэлі «Выбары ў Беларусі 2025. Што рабіць далей?» абмяркоўваліся падыходы да выбарчай кампаніі ў Беларусі ў наступным годзе. Таксама разам з прэзідэнткай-элект Святланай Ціханоўскай Павел Латушка сустрэўся з пасламі і прадстаўнікамі Польшчы, Францыі, Швецыі, Канады, Нідэрландаў, ЗША, Латвіі, якія падтрымліваюць беларусаў, і кіраўнікамі Падляшскага ваяводства. Абмеркаваны новыя крокі, якія могуць быць зроблены нашымі партнёрамі для далейшай падтрымкі беларускага народа і ўзмацнення ціску на рэжым.

Такія фестывалі, як «TUTAKА». Вялікая грамада беларусаў. Беларуская культура. Гэта сапраўды натхняе. Скончыў свой выступ Павел Латушка  такімі словамі: «На жаль, навала расейская пануе на нашай зямлі. На жаль, жудасны рэжым яшчэ існуе на нашай зямлі. Але гэта жудасная рэч знікне. Знікне не сама сабой. Яна знікне толькі тады, калі мы будзем разам, будзем моцныя, бузем сільныя. Нельга здавацца. Трэба верыць, марыць, жыць. Бо жыве наша родная Беларусь! Жыве Беларусь!»

 

Comments


bottom of page