Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Ужо некалькі месяцаў запар у літоўска-беларускай інфапрасторы абмяркоўваецца тэма літвінізму. Дайшло нават да таго, што асобныя літоўскія палітыкі сталі казаць, што літвінізм — гэта ідэалогія, якой прытрымліваюцца беларускія эмігранты і нібыта гэта з’яўляецца пагрозай для суверэнітэту Літвы, спробай перапісаць літоўскую гісторыю і ледзь не перадумовай да з’яўлення тэрытарыяльных прэтэнзій з боку беларусаў.
Гучыць сур’езна, асабліва на фоне наяўнасці дыскусіі ўнутры літоўскіх уладаў наконт магчымасці ўраўноўвання абмежаванняў для беларусаў і расійцаў. Праблема ў тым, што літвінізм у гэтым сэнсе можа выкарыстоўвацца як адзін з аргументаў на карысць неабходнасці прыняцця падобнага рашэння.
Але ж ці сапраўды існуе такая рэч, як «пагроза літвінізму»?
І ці ў тым кірунку ідзе дыскуссія вакол яе, калі карані праблемы шукаюцца ў глыбінях гісторыі? Альбо ж гэтая праблема мае штучнае паходжанне з вельмі канкрэтнай мэтай — стварыць штучны канфлікт паміж літоўцамі і беларусамі, пасварыць народы, разбурыць салідарнасць і перанакіраваць літоўскае грамадскае меркаванне ад падтрымкі беларусаў у бок насцярожанасці і нават варожасці. Варта памятаць, што Літва — адзін з найбліжэйшых і найбольш актыўных нашых саюзнікаў, краіна, што прыняла ў сябе не толькі Святлану Ціханоўскую, але дзесяткі тысяч беларусаў, вымушаных з’ехаць з Радзімы як праз масавыя рэпрэсіі і пераслед, так і па сацыяльна-эканамічных прычынах, бо Беларусь пад уладай Лукашэнкі імкліва стагнуе ва ўсіх сферах жыцця і людзі банальна не бачаць для сябе ніякіх жыццёвых перспектыў.
Разам з тым Літва — гэта і адзін з галоўных драйвераў пашырэння ціску на дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, які, як вядома, з’яўляецца найбліжэйшым саюзнікам Расіі і суагрэсарам у вайне супраць Украіны. У той час, як беларускі народ у большасці сваёй знаходзіцца на іншым баку, не падтрымлівае вайну і прагне да свабоды і дэмакратыі.
Адсюль пытанне — ці будзе Расія зацікаўлена ў такой салідарнасці Літвы з беларусамі, у такім пазітыўным стаўленні літоўцаў да беларусаў, якое мела месца і да падзеяў 2020 года, але пасля іх праявілася найбольш актыўна і моцна.
Альбо ж наадварот, Расія будзе імкнуцца разбурыць гэтую салідарнасць і пасварыць два сяброўскіх народа — беларусаў і літоўцаў? Асабліва падчас ганебнай вайны супраць Украіны, якую распачала Расія пры актыўнай падтрымцы і саўдзеле рэжыму Лукашэнкі, і ў якой Расія як мінімум імкнецца перацягнуць беларусаў на свой бок і як максімум ўцягнуць іх у гэтую вайну ў якасці гарматнага мяса.
Тым больш мы мелі магчымасць назіраць, як з пачаткам вайны распальваўся канфлікт паміж беларусамі і ўкраінцамі, і наўрадці мы з вамі не разумеем, каму падобныя канфлікты ў такіх умовах карысныя і ў чыіх інтарэсах яны распальваюцца.Мне падаецца, што адказ тут відавочны. Як відавочным з’яўляецца і адказ на пытанне, што рабіць з раптоўна ўзнікшай «праблемай літвінізму», з’яўленне якой дзіўным чынам супадае па часе з расійскай агрэсіяй у Еўропе.
Адказ такі — нельга дазволіць нас падзяліць.
Нельга дазволіць агрэсару разбурыць салідарнасць паміж народамі, супраць якіх накіраваная як ягоная агрэсія, так і імперская палітыка Расіі ў прынцыпе.
Але каб гэтаму супрацьстаяць, трэба разумець, як працуе штучнае стварэнне такіх канфліктаў, як у выпадку з літвінізмам.
Унутры любога грамадства і сярод грамадстваў розных краін заўсёды існуюць, у большых ці меншых памерах, пэўныя невырашаныя да канца праблемы, непаразуменні альбо супярэчнасці, часам амаль забытыя, а часам і даволі вострыя, якія цягнуцца шмат год.
Расійская федэрацыя — вядомы гулец на полі выкарыстання такіх непаразуменняў і супярэчнасцяў як базісу для таго, каб актыўна распальваць іх у сваіх мэтах, выкарыстоўваючы ўвесь гібрыдны арсенал свайго ўплыву на суседнія краіны: ананімныя каналы, фабрыкі ботаў і троляў, лабісты і іншыя агенты ўплыву ўнутры гэтых краін.
За прыкладам далёка хадзіць не трэба. Украіна.
Ствараючы палітычную платформу для Януковіча ў 2004 годзе расійскія палітэхнолагі, сярод якіх Ігар Шувалаў, Марат Гельман, Цімафей Сергееў, Глеб Паўлоўскі і іншыя стварылі найбруднейшую у новай гісторыі палітычную кампанію, стварыўшы такзваную «Мапу трох сартоў Украіны».
Задачаю той кампаніі было распаліць нянавісць паміж рознымі рэгіёнамі Ўкраіны, выкарыстоўваючы іх натуральныя культурныя адрозненні.
Сам жа наратыў, альбо як яшчэ называюць такія прапагандысцкія ўкіды — сваратыў, быў наступнага зместу: нібыта ва Украіне людзі падзеленыя на сорты: першы, другі і трэці.
Адначасова з гэтым укідваўся сваратыў пра тое, што праціўнікі пра-расійскага Януковіча і прыхільнікі Юшчэнкі, як і ў цэлым прыхільнікі незалежнасці і пра-заходняга шляху Украіны — нацысты і фашысты. Гэта таксама прыдумалі расійскія паліттэхнолагі Януковіча і Партыі рэгіёнаў, каб дыскрэдытаваць апанентаў.
Актыўна распаўсюджваліся ўлёткі і іншыя агітацыйныя матэрыялы, у тым ліку білборды, з мапай Украіны, тэрытарыяльна падзеленай на «тры сорта украінцаў»: Захад — першы сорт, Цэнтр — другі сорт і Ўсход — трэці.
Адначасова распальвалася гістэрыя пра ўкраінскі «нацызм» і пагрозу грамадзянскай вайны і генацыду.
Вы хочаце быць «трэцім сортам»? — такое пытанне ставілі перад жыхарамі ўсходу Украіны расійскія паліттэхнолагі.
Канчатковай мэтаю было знішчыць еднасць краіны і стварыць нагоду для анексіі ўсходніх і паўднёвых рэгіёнаў. Уплыў, які мела гэтая кампанія, сёння цяжка не заўважыць: наяўнасць калабрантаў у акупаваных рэгіёнах, міжнароднае вызнанне «праблемы» расійскамоўных украінцаў і крывавая вайна, якая з боку Расіі была абгрунтавана гэтай праблемай.
Вось так, праз паліттэхналогіі і ІПСА, Расіяй былі вызначаны вобласці Украіны для будучага захопу і закладзена база пад усе адпаведныя наступныя дзеянні.
Па сутнасці з той кампаніі Януковіча 2004 года і растуць ногі ўсіх тых фэйкаў і сваратываў, якія пазней былі выкарыстаныя Расіяй для прасоўвання свайго кандыдата ў прэзідэнты Украіны, для супрацьдзеяння еўрапейскаму выбару для Украіны, для распальвання сепаратызму, а пасля — для расійская агрэсіі супраць Украіны, якая пачалася ў 2014 годзе з акупацыі Крыму і Данбасу, а ў 2022 годзе перерасла ў татальную вайну на вынішчэнне украінцаў.
Ну а зараз, калі мы ўжо разабраліся і разумеем, як працуюць такія паліттэхналогіі, давайце вернемся да «праблемы літвінізму».
Яшчэ з 90-х паміж Літвой і Беларуссю існававала дыскусія наконт таго, каму належыць гістарычная спадчына ВКЛ. Але пры гэтым і Літва, і Беларусь заўсёды вызнавалі натуральная права адзін аднога трактаваць гісторыю з улікам сваіх нацыянальных інтарэсаў.
У самой жа наяўнасці дыскусіі нічога дзіўнага ды праблемнага і няма, і не было б зараз, бо рознасць у трактоўцы гісторыі існуе ў любой краіне. І калі краіны безумоўна паважаюць сувернітэт адзін аднога, падобныя рэчы ніколі не прыводзіць да жорсткіх канфліктаў, тым больш войнаў.
Але тут зноў у гульню ўступае Расія.
І з дапамогаю медыйных інтрументаў штучна стварае ілюзію, нібыта беларусы лічаць сучасную Літву «следствам фальсіфікацыі гісторыі» і нават маюць тэрытарыяльныя прэтензіі да Літвы, абгрунтаваныя гісторыяй ВКЛ.
Якая ў гэтага задача?
Гэтая кампанія накіравана супраць палітычна актыўных беларусаў, з мэтай стварыць для іх невыносныя ўмовы існавання ў краіне, куды яны былі вымушаны перамясціцца пасля пераследу прарасійскім рэжымам Лукашэнкі.
Стварыць праблемы для беларусаў у вымушанай эміграцыі, каб яны не маглі аб'ядноўвацца, дапамагаць грашыма беларусам-дабраахвотнікам ва Украіне і тысячам палітзняволеных у Беларусі. І каб беларусам было складана захоўваць і трансляваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.
Калі Расія здолее штучна зрабіць з беларусаў «пагрозу» у Літве, здолее разбурыць салідарнасць і справакаваць нешта зваротнае, агрэсіўнае — палітычна актыўныя, свядомыя беларусы будуць вымушаныя пакінуць Літву і раз’ехацца па іншым краінам, атамізавацца. І тады яны ў меньшай ступені будуць здольнымі аб'яднаць свае высілкі.
Канчатковая мэта Расіі — штучна разбурыць натуральныя добрасуседскія зносіны паміж Беларуссю і Літвой.
А ў выглядзе Літвы — разбурыць сувязі Беларусі з Еўропай, каб пазбавіцца гэтай перашкоды на шляху да канчатковай акупацыі нашай краіны.
Што ж з гэтым рабіць?
Нам, беларусам — не ўключацца ў канфлікты вакол гісторыі ВКЛ. Літва мае сваё суверэннае права трактаваць сваю гісторыю як хоча, таксама як і мы, беларусы — сваю. Нам неабходна захаваць павагу адзін да аднога і трымацца гэтага. Прынамсі нас аб'ядноўвае любоў да гэтай гісторыі — агульнай гісторыі ў любым выпадку. І мы павінны памятаць, хто б хацеў знішчыць гэтую гістарычную памяць. Гэта патрэбна толькі адной Расіі.
Таксама мы павінны памятаць, што калі размова ідзе пра падзел Беларусі на «прарасійскія Магілёў, Гомель і Віцебск» і «прапольскія Гродна і Брэст», гэта таксама на руку Расіі. Але ж насамрэч не існуе аніякіх прарасійскіх рэгіёнаў, як і прапольскіх. Ёсць адзіная, непадзельная Беларусь, наш агульны дом, за права ўласнаці над якім — то-бок за наш суверэнітэт — мы, беларусы, і змагаемся. І мы мусім супрацьстаяць усім варожым сілам і іх памагатым, якія раздробліваюць і знішчаюць нашу краіну.
Паважаныя літоўцы. Памятайце, што існуе толькі адна краіна, якая не паважае ваш сувернітэт, не вызнае вашую незалежнасць і мае да вас тэрытарыяльныя прэтэнзіі. І гэта — не Беларусь. Гэта краіна, якая зараз вядзе жахлівую вайну супраць Украіны. Нашая сумесная задача зараз — не дазволіць нас заблытаць і паслабіць нашую еднасць у супраціве агульнай для нас пагрозе — Расіі.
Нам, палітыкам — важна думаць наперад. І разумець, што існуе рэальная пагроза павялічэння небяспекі межаў. Бо калі Беларусь знікне — памежнай тэрыторыяй для Літвы стане Расія, а не Беларусь. І гэтая пагроза сыходзіць ад Расіі і рэжыма Лукашэнкі, які паставіў Беларусь на мяжу страты незалежнасці.
Лічу, што і гісторыкам абедзьвух краін ня трэба дзяліць нашую агульную гістарычную спадчыну. Нам трэба проста паважаць натуральнае права нашых народаў на яе. «Праблема літвінізму» — штучная і карані яе ляжаць не ў гісторыі ВКЛ, а ў сучаснай гісторыі. Давайце памятаць, як і кім распальваліся канфлікты ў Малдове, Грузіі, Украіне. А зараз — у Літве і Беларусі. І менавіта гэта з'яўляецца сёння найбольш небяспечнай часткай нашай рэальнасці. Давайце разам супрацьстаяць гэтаму.
Спецыялісты па медыя, даследчыкі прапаганды і паліттэхналогій, аналітыкі, журналісты-расследавальнікі — наш сумесны удзел у гэтым супрацьстаянні расійскім сваратывам зараз вельмі патрэбны. Упэўнены, што разам мы ў стане разбурыць іх і данесці праўду беларускаму і літоўскаму народам. Бо праўда — адзін з галоўных і самых моцных інструментаў для ўмацавання салідарнасці нашых народаў у пераадоленні агульнага гістарычнага выкліку, які зноў кідае нам агрэсіўная імперыя.
Comments