top of page

Літва падтрымлівае прыцягненне да адказнасці рэжыму Лукашэнкі


18 верасня Павел Латушка правёў сустрэчу ў Вільні з намеснікам Міністра юстыцыі Літвы Габіяй Грыкартэ-Даўгірдзе.

Галоўная тэма сустрэчы: прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя ў дачыненні да беларускага народа.

Літоўскаму боку прадстаўлена справаздача «Злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі», падрыхтаваная Цэнтрам права і дэмакратыі Justice Hub пры падтрымцы НАУ. Згодна са справаздачай на тэрыторыі Беларусі з мая 2020 года па май 2023 года ахвярамі гэтых злачынстваў сталі не менш як 136 тысяч чалавек.

Падчас сустрэчы абмеркаваны прававыя механізмы прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за ўчыненне аднаго з найбольш сур'ёзных міжнародных злачынстваў. У рамках сустрэчы было адзначана, што ў якасці прававых міжнародных механізмаў адказнасці могуць быць задзейнічаны наступныя:

  • міжнародны крымінальны суд,

  • крымінальны пераслед у рамках нацыянальнага правасуддзя Літвы за злачынствы, учыненыя на тэрыторыі Беларусі (універсальная юрысдыкцыя),

  • спецыяльны трыбунал па Беларусі.

Асобна абмеркаваны пытанні забеспячэння адказнасці рэжыму Лукашэнкі за парушэнне міжнародных абавязацельстваў перад Літвой у рамках Міжнароднага суда ААН (за арганізацыю нелегальнай міграцыі).

Кіраўнік НАУ таксама прадставіў інфармацыю аб новых фактах ваенных злачынстваў, якія ўчыняюцца рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей.

Павел Латушка і Габія Грыкайце-Даўгірдзе абмеркавалі перспектывы стварэння трыбунала за агрэсію, здзейсненую ў дачыненні да Украіны, і прыцягненне да міжнароднай адказнасці за акт агрэсіі Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў.

У гэты ж дзень адбылася сустрэча Паўла Латушкі з дырэктарам Дэпартамента палітыкі ўсходняга суседства МЗС Літвы Дарыусам Віткаўскасам.

Мэта сустрэчы - узаемадзеянне па пытаннях міжнародна-прававой адказнасці рэжыму Лукашэнкі. Было адзначана, што Лукашэнка і яго рэжым учынілі 3 з 4 найбольш цяжкіх міжнародных злачынстваў: злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы і агрэсію.

Асобная ўвага была нададзена магчымаму закрыццю пунктаў пропуску на літоўска-беларускай мяжы ў выпадку далейшай эскалацыі рэжымам сітуацыі з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў.

Эканамічныя і персанальныя санкцыі у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі з боку ЕС і нацыянальныя санкцыі Літвы сталі адной з ключавых тэм сустрэчы. Павел Латушка адзначыў, што увядзенне гандлёвага эмбарга з'яўляецца адным з найбольш істотных інструментаў ціску на рэжым з мэтай вызвалення палітычных зняволеных.

У якасці магчымых дадатковых санкцыйных інструментаў намеснік кіраўніка АПК таксама назваў:

  1. Увядзенне гандлёвых квот.

  2. Замарозка карэспандэнцкіх рахункаў банкаў.

  3. Увядзенне адказнасці за абыход санкцый.

  4. Пашырэнне сектаральных санкцый.

  5. Персанальныя санкцыі ў дачыненні да суддзяў рэжыму Лукашэнкі.

Пытанне легалізацыі беларускіх грамадзян у Літве і прызнання пашпарта Новай Беларусі таксама стала прадметам сустрэчы ў МЗС Літвы.

Асобна Павел Латушка звярнуў увагу партнёраў, што НАК Лукашэнкі і спартыўныя федэрацыі працягваюць парушаць правы спартсменаў, рэалізуючы палітыку дыскрымінацыі і ідэалагічнага фільтравання. Спартыўныя чыноўнікі і асобы, звязаныя з імі, удзельнічаюць у злачынствах, у т.л. вайскоўцаў. Гэтыя абставіны не могуць ігнаравацца пры прыняцці рашэнняў аб удзеле спартоўцаў з Беларусі ў міжнародных стартах і Алімпійскіх гульнях 2024.

Павел Латушка ўзняў пытанне аднаўлення ў правах беларускіх вольных спартсменаў, якія маюць пацверджаную грамадзянскую пазіцыю супраць дыктатуры і ваеннай агрэсіі. Праінфармаваў партнёраў аб тым, што сярод палітвязняў ёсць прадстаўнікі нацыянальнага спорту.

«Сістэма рэгулявання адносін у міжнародным спорце дэманструе сваю архаічнасць і няздольнасць эфектыўна рэагаваць выклікі. Трэба дзейнічаць рашуча і прынцыпова, секунды і метры не вартыя чалавечых жыццяў» — адзначыў Павел Латушка.

Commentaires


bottom of page