Павел Латушка ў інтэрв'ю нямецкаму выданню «Table Security»
Як вы прыцягваеце ўвагу еўрапейскіх палітыкаў да Беларусі?
Думаю, што нашы заходнія партнёры зараз памыляюцца. Яны недастаткова заклапочаныя роляй дыктатара Лукашэнкі і геаграфічным становішчам Беларусі ў адносінах да развіцця вайны Расіі супраць Украіны. Гэта не можа вырашыць праблему бяспекі для Эўропы ў цэлым.
Давайце проста ўявім, што ў 2020 годзе ў Беларусі перамаглі б дэмакратычныя сілы. Ці мог тады Пуцін пачаць вайну супраць Украіны? Шанцаў на гэта было б значна менш. Ці маглі мы чакаць масіраванага наступу расейскага войска на Кіеў у лютым мінулага года з поўначы з тэрыторыі Беларусі? Не, гэта было б немагчыма. Таму, калі нашыя заходнія партнёры не будуць надаваць належнай увагі вырашэнню ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі і ролі дыктатара Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны, гэта ўскладніць урэгуляванне агульнай сітуацыі. Вядома, самі беларусы адказныя за перамены ў краіне. Але ў нас таксама ёсць чаканні ад ЕС.
Чаго вам не стае?
Мы заўважаем, што на Захадзе значна знізілася гатоўнасць скарыстацца магчымасцямі, якія існуюць у адносінах да Лукашэнкі. Найперш гэта дакладны аналіз ролі Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны і яго як пагрозы бяспецы ўсяго рэгіёну. На гэтай аснове павінна быць распрацавана стратэгія дзеянняў з удзелам Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Шчыра кажучы, сёння ні ў адной краіны ЕС няма стратэгіі дзеянняў у дачыненні да Беларусі.
Ці не падштурхнуць санкцыі супраць Лукашэнкі яшчэ больш у абдымкі Пуціна?
Гэтая здагадка з'яўляецца памылкай. Санкцыі не прымусяць Лукашэнку яшчэ больш актыўна падтрымліваць пуцінскую вайну, таму што і сам Лукашэнка не хоча, каб беларускія войскі ўварваліся ва Украіну. Ад 90 да 95 працэнтаў насельніцтва Беларусі супраць вайны. Страты ва Украіне прывядуць да падзей у Беларусі, якіх баіцца сам Лукашэнка.
Дарэчы, гэта адносіцца і да Пуціна. Па той жа прычыне ён не хоча ўмяшання беларускіх войскаў, бо ўнутраныя праблемы ў Беларусі азначаюць праблемы і для Расіі. А ў Расіі сёння хапае сваіх праблем. Але, у момант канцэнтрацыі ўдарнай групоўкі Расіі ў Беларусі, Лукашэнка выканае волю Крамля.
На гэты момант выглядае, што Лукашэнка зноў на троне. Ды таму, што ў Еўропе яму не хапае ўвагі. Ён гэтым карыстаецца. На яго няма новых санкцыяў 8 месяцаў. Ён стварыў схемы абыходу санкцыяў. Атрымаў грошы ад Расіі. Няма крымінальнага пераследу.
Ён рыхтуе войска на выпадак, калі яго адправяць на вайну з Украінай. Ён дапамагае рускім рыхтаваць расейскія войскі ў Беларусі, робіць для іх зброю, зарабляе на іх і на кантрабандзе тавараў, якія знаходзяцца пад санкцыямі ў Расіі.
Хадзілі чуткі, што Нямеччына затармазіла дыскусію аб узгадненні санкцый супраць Беларусі і Расіі.
Так, мы таксама аб гэтым чулі. Мы спрабуем пераканаць нашых партнёраў у Берліне, што толькі вельмі жорсткія і актыўныя захады супраць Лукашэнкі дадуць надзею і матывацыю народу Беларусі. Лукашэнка вядзе вайну супраць беларусаў. У краіне, як кажа шэраг экспертаў, больш за 5000 палітвязняў.
Вы расчараваны дзеяннямі ЕС?
Маё асабістае меркаванне не важна. Польшча і Літва нас актыўна падтрымліваюць. Я таксама не хачу размалёўваць сітуацыю чорным па белым. Еўрапейскі саюз таксама рабіў захады. Проста мне важна падкрэсьліць, што ў Беларусі была вялікая надзея на ЕС і асабліва на Нямеччыну. Патрэбна стратэгія актыўных дзеянняў.
На ваш погляд, як спрацуюць мацнейшыя санкцыі супраць Беларусі?
Можа быць, слушней спытаць, што з'яўляецца наймацнейшай зброяй супраць Расеі? На гэта я магу адказаць адназначна: скасаванне рэжыму Лукашэнкі. Гэта былі б самыя эфэктыўныя санкцыі супраць Масквы.
Гэта рэалістычна? Некаторыя кажуць не. Адзінае, у чым можна быць упэўненым, дык гэта ў тым, што гэта застанецца нерэалістычным, калі не будуць распачатыя сістэмныя дзеянні.
Comments