Юрысты і дыпламаты каманды прадстаўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па транзіце ўлады i Народнага Антыкрызіснага Упраўлення падрыхтавалі матэрыял, у якім разважаюць пра пытанне і дапамагаюць разабрацца ў тэме
Першы варыянт — прызнанне Беларусі спонсарам тэрарызму. Такое прызнанне можа адбывацца па аналогіі з прынятай рэзалюцыяй польскага Сейма ад 14 снежня 2022 года ў дачыненні да Расіі.
Так, у дакуменце сказана: «Сойм Рэспублікі Польшча прызнае Расійскую Федэрацыю дзяржавай, якая падтрымлівае тэрарызм і выкарыстоўвае тэрарыстычныя меры».
Што прызнана падставай для такой рэзалюцыі?
«Расія сістэматычна парушае правы чалавека, міжнароднае права і Статут Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, а таксама шэраг іншых абавязкаў»;
«нападае на тэрыторыі іншых краін, здзяйсняе ўзброеныя напады, ваенныя злачынствы і генацыд»;
«ажыццяўляе варожыя дзеянні эканамічнай дзейнасці, у прыватнасці ў галіне энергетыкі»;
нясе «прамую адказнасць за крушэнне рэйса Малазійскіх авіяліній (MH17) у ліпені 2014 года.
«Бестыяльная і незаконная агрэсія Расійскай Федэрацыі супраць Украіны працягваецца. Расейскія вайскоўцы праводзяць тэракты па ўсёй тэрыторыі захопленай краіны, у выніку якіх загінулі тысячы людзей, у тым ліку шмат дзяцей. Расейская Федэрацыя і яе ўзброеныя структуры і фармаванні здзяйсняюць акты тэрору супраць абʼектаў грамадзянскай інфраструктуры, масавыя расстрэлы і выкраданні людзей, сексуальны гвалт і катаванні, адрыў дзяцей ад семʼяў з мэтай іх русіфікацыі, масавыя дэпартацыі насельніцтва, прымусовы заклік грамадзян Украіны ў склад расейскіх узброеных сіл, разрабаванне маёмасці», — гаворыцца ў тэксце рэзалюцыі Сейма Польшчы.
Але на якой падставе краінай-спонсарам тэрарызму можа быць прызнана лукашэнкаўская Беларусь?
На той падставе, што, як і Пуцін, беларускі дыктатар:
сістэматычна парушае правы чалавека, міжнароднае права і Статут Арганізацыі Абʼяднаных Нацый (што выяўлена ў крымінальным пераследзе грамадзян Беларусі за палітычныя погляды, катаванні ў шыза і турмах), а таксама шэраг іншых абавязкаў;
здзейсніў праз КДБ акт авіяцыйнага пірацтва і захопу чалавека, паўтара года тэрарызуе Еўрапейскі звяз міграцыйным крызісам, выкарыстоўваючы замежных асоб, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, для ціску на ЕЗ;
як гаварылася раней, зʼяўляецца саўдзельнікам агрэсіі на баку Расіі супраць Украіны (Беларусь прызнана суагрэсарам у канфлікце ў рэзалюцыі ПАСЕ № 2482 ад 26 студзеня 2023 года);
надаў насуперак жаданням народу Беларусі тэрыторыю замежнай арміі для захопніцкага ўварвання ва Украіну, ажыццяўляе дапамогу арміі краіны, якая выкарыстоўвае тэрарыстычныя метады шляхам размяшчэння яе зброі і сродкаў вядзення вайны на сваёй тэрыторыі (уключаючы тэхнічнае абслугоўванне), а таксама перадае ўласнае ўзбраенне для выкарыстання ў мэтах здзяйснення Расеяй актаў тэрору.
Як мы казалі раней, другім варыянтам даць абʼектыўную міжнародна прызнаную прававую адзнаку дзеянням рэжыму Лукашэнкі, паводле Жэнеўскай дэкларацыі аб тэрарызме ад 29 траўня 1987 года, магло б стаць прызнанне дзеянняў яго рэжыму дзяржаўным тэрарызмам.
Якія падставы для гэтага?
практыка паліцэйскай дзяржавы супраць уласнага народу з мэтай дамінавання праз страх шляхам сачэння, зрыву групавых сходаў, кантролю над сродкамі масавай інфармацыі, збівання, катаванняў, ілжывых і масавых арыштаў, ілжывых абвінавачванняў і чутак, паказальных судовых працэсаў, забойстваў, пакаранняў смерцю без належнага судовага разгляду;
ваенныя манеўры або гульні, якія праводзяцца адной дзяржавай паблізу іншай дзяржавы з мэтай пагрозы палітычнай незалежнасці або тэрытарыяльнай цэласнасці гэтай іншай дзяржавы;
кампаніі дэзынфармацыі, якія праводзяцца дзяржавай з мэтай дэстабілізацыі іншай дзяржавы або стварэння грамадскай падтрымкі эканамічнай, палітычнай або ваеннай сілы або запалохвання, накіраваных супраць іншай дзяржавы;
продаж зброі, якая падтрымлівае працяг рэгіянальных войнаў і тармозіць пошук палітычных рашэнняў міжнародных спрэчак;
адмена грамадзянскіх правоў, грамадзянскіх свабод, канстытуцыйнай абароны і вяршэнства закона пад падставай нібы барацьбы з тэрарызмам.
Але навошта ўсё гэта трэба?
Прызнанне Беларусі як краіны, якая падтрымлівае тэрарызм, або прызнанне дзеянняў рэжыму Лукашэнкі як дзяржаўнага тэрарызму — выключна палітычнае рашэнне, якое можа быць ініцыяванае па прапанове дэпутатаў Сейма, напрыклад дэпутатаў, якія падтрымліваюць дэмакратычныя сілы.
8 лютага з нагоды 160-годдзя Студзеньскага паўстання, Сенатам будзе прынятая рэзалюцыя, якая ўключае палажэнні па Беларусі.
Аднак прыняцце такой рэзалюцыі - гэта прававы падзел рэжыму Лукашэнкі і беларускага народу, падтрымка грамадзянскай супольнасці Беларусі і, што важна, падстава для ўрада Польшчы па ўзмацненні санкцыйнага ціску на дыктатарскі рэжым.
Адпаведныя палітычныя рашэнні нацыянальных парламентаў краін ЕЗ адыграюць важную ролю ў міжнароднай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі, спыненні яго фінансавання з замежных крыніц, стварэнні перадумоў для пачатку незалежнага міжнароднага расследавання ўчыненых злачынстваў і парушэнняў правоў чалавека.
Comentários