Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Кожны чалавек мае права на шчасце, а тым больш дзіця. Сёння ў Беларусь прымусова прывозяцца тысячы дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Яны фактычна сілком адрываюцца ад свайго атачэння: народа, культуры, мовы зносін.
Быць прымусова перамешчаным, дэпартаваным, расці сярод чужых людзей, сярод чужой культуры — гэта глыбокая траўма, якая будзе пераследваць дзіцё ўсё жыццё. І чым даўжэй гэта працягваецца, тым больш сур'ёзныя наступствы для дзіцяці.
Менавіта таму Украіна сёння актыўна шукае сваіх непаўналетніх грамадзян, незаконна вывезеных у Беларусь. Хочам мы таго ці не, але рэжым Лукашэнкі здзяйсняе гэтыя злачынствы ад імя нашай дзяржавы. І таму, як грамадзяне Беларусі, мы бачым сваім абавязкам дапамагчы Украіне вярнуць сваіх дзяцей дадому і аднавіць справядлівасць.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне не спыняецца і працягвае збіраць матэрыялы для Міжнароднага крымінальнага суда, якія даказваюць дачыненне прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі да незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
Як кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, у красавіку я на сустрэчы з былым упаўнаважаным прэзідэнта Украіны па правах дзяцей, кіраўніком і заснавальнікам арганізацыі «Save Ukraine» Мікалаем Кулебай абмеркаваў тэму садзейнічання вяртанню ўкраінскіх дзяцей на Радзіму, а таксама збор і перадачу матэрыялаў аб месцах знаходжання дзяцей, незаконна вывезеных з тэрыторыі Украіны ў Беларусь.
Важна разумець, што гэта менавіта Лукашэнка незаконна перамяшчае ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Але любы, хто ў гэтым замяшаны, будзе таксама крымінальна датычны да гэтых злачынстваў. Украіна не даруе злачынствы супраць сваіх дзяцей, міжнародная супольнасць не даруе такіх злачынстваў. Датычныя будуць заўсёды жыць пад страхам крымінальнага пераследу па ўсім свеце.
Адзіны спосаб пазбегнуць адказнасці — садзейнічаць вяртанню гэтых дзяцей дадому, пад апеку сваёй дзяржавы.
Я звяртаюся да беларусаў з просьбай дапамагчы ў пошуку інфармацыі аб:
месцах знаходжання любых дзяцей грамадзян Украіны, якія знаходзяцца ў Беларусі без сваіх бацькоў, уключаючы сірот;
сем'ях, у якіх яны знаходзяцца;
перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей па тэрыторыі Беларусі;
асоб, якія маюць дачыненне да іх незаконнага перамяшчэння;
асаблівасцях абыходжання з дзецьмі;
іншай інфармацыі, якая мае дачыненне да незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
Лукашэнка ўжо ўцягнуў і працягвае ўцягваць у свае шматлікія злачынныя дзеянні шэраговых беларусаў. Насельніцтву краіны становіцца ўсё складаней дыстанцыявацца ад дзеянняў зласлівага дыктатара, які ненавідзіць беларусаў і наогул усіх людзей.
Але вайна абавязкова скончыцца. Абавязкова скончыцца і час Лукашэнкі. А нам, беларусам, трэба будзе працягваць жыць і працягваць глядзець у вочы адзін аднаму і сваім суседзям — украінцам. Якім будзе наш погляд і які погляд мы атрымаем у адказ? Вырашаць толькі нам.
Маленькія дзеянні кожнага чалавека могуць прывесці да вялікіх зменаў. Давайце кожны прыкладзе свае намаганні, каб дзеці, якія сталі ахвярамі ваеннага злачынства, усё ж такі маглі мець будучыню. На Радзіме, ва Украіне. А нашы дзеці, нашы беларускія дзеці, ганарыліся намі і былі побач з намі.
Bình luận