Давайце паглядзім на Ванкуверскую дэкларацыю і прынятыя рэзалюцыі ПА АБСЕ ў шырокім сэнсе.
Першае, што важна разумець: дадзеныя дакументы - гэта па сутнасці інструмент фіксацыі палітычнай рэальнасці. А таксама рэфлексіі і выпрацоўкі рэкамендацый. Менавіта таму і гавораць, што рэзалюцыі носяць рэкамендацыйны характар і не абавязковыя да выканання.
У той жа час, у змесце рэзалюцый адлюстравана грамадская думка - бо прымаюцца яны дэпутатамі, гэта значыць народнымі прадстаўнікамі, якіх ва ўсім цывілізаваным свеце выбіраюць, а не прызначаюць зверху.
Адсюль мы можам казаць аб тым, што дадзеныя дакументы - гэта і інструмент для ўзаемадзеяння прадстаўнічых і выканаўчых органаў, свайго роду інструмент кантролю працы выканаўчых органаў грамадствам і справаздачнасці першых перад другімі.
Бо нягледзячы на неабавязковасць да выканання, дадзеныя дакументы далей па пунктах ацэньваюцца экспертамі па абазначаных напрамках. То бок, гэта можна назваць адпраўным пунктам экспертнага вывучэння ўзнятых пытанняў і праблематыкі, іх аналізу, выпрацоўкі адпаведных падыходаў да іх. І, магчыма, прыняцце тых ці іншых рашэнняў ужо выканаўчымі органамі. І ў гэтым выпадку, падобныя рэзалюцыі могуць класціся, сярод іншага, у іх абгрунтаванне.
Для нас, безумоўна, найважнейшымі з'яўляюцца канкрэтныя практычныя дзеянні, але не варта абясцэньваць і сам факт прыняцця падобных дакументаў па тых прычынах, пра якія мы гаворым вышэй – фіксацыя палітычнай сітуацыі (як у прыказцы пра пяро і сякеру) і фармаванне грамадскага меркаванні ў дачыненні да тых ці іншых узнятых пытанняў і праблем. Бо ў цывілізаваным свеце грамадская думка мае значэнне. Яно вызначае палітыку.
Таму ў выпадку з тэзай аб мяккай анэксіі Беларусі найважнейшым з'яўляецца той факт, што цывілізаванае грамадства і краіны ўсё больш і глыбей разумеюць агрэсіўны, імперскі характар палітыкі Расійскай Федэрацыі - і з гэтым прыходзіць разуменне таго, што гэтая палітыка распаўсюджваецца і на Беларусь. Гэта значыць, дакументальна зафіксаваны факт палітычнага прызнання сітуацыі, звязанай з паступовым далучэннем Беларусі да Расіі. Што суверэнітэт Беларусі, яе незалежнасць знаходзяцца пад рэальнай пагрозай і гэта не ілжывая трывога нацыянальна-арыентаваных сілаў Беларусі, якія б'юць з гэтай нагоды ў набат. А значыць адпаведным чынам будзе мяняцца і палітыка ў дачыненні да Беларусі і, я спадзяюся, з'явіцца выразная стратэгія.
Для рэжыму Лукашэнкі ж гэта выразны сігнал: Захад бачыць, што ён не з'яўляецца гарантам суверэнітэту Беларусі і самастойным урадам, а наадварот - з'яўляецца нелегітымнай марыянеткавай адміністрацыяй, якая здае незалежнасць краіны на карысць Расіі.
А на міжнароднай арэне дадзены тэзіс стане выдатным контраргументам усім палітыкам, якія прапануюць "не занадта ціснуць на Лукашэнку, каб не заштурхаць Беларусь у Расію яшчэ глыбей". Бо відавочна, што менавіта ён і з'яўляецца правадніком "мяккай анэксіі" Беларусі, як гэта называе ПА АБСЕ.
І справа тут нават не ў тым, які менавіта тэрмін прымяніла ПА АБСЕ (многія СМІ, напрыклад, чамусьці пісалі пра "мяккую акупацыю"), а ў тым, што фарміруецца дакладнае разуменне, што Беларусь з'яўляецца ахвярай імперскай палітыкі Расіі і адпаведна рэжыму Лукашэнкі, які яе забясьпечвае.
Вось што важна. Ці будзе гэтай сітуацыі дадзена адпаведная прававая ацэнка - тут я скептык, міжнароднае права гэта не дышаль, яго нельга проста павярнуць так, як хочацца. Але палітычна - дэманстрацыя ПА АБСЕ разумення сітуацыі вельмі важная для выпрацоўкі стратэгіі па Беларусі. І дазволіць нам, у прыватнасці Кабінету, быць больш эфектыўнымі ва ўзаемадзеянні з партнёрамі для супрацьдзеяння Расіі і рэжыму Лукашэнкі і абароны нашай незалежнасці.
Таксама гэта важны сігнал для беларусаў, гатовых да актыўнай барацьбы за незалежнасць. Ні ў Лукашэнкі, ні ў Крамля ўжо не атрымаецца нікому прадаць тэзу аб "тэрарыстах" ці "наймітах", як гэта было, напрыклад, у Казахстане для абгрунтавання ўмяшання АДКБ у тыя падзеі. Больш за тое, у выпадку пачатку актыўнай барацьбы за незалежнасць, узнікнуць дакладныя прававыя падставы для адпаведнага прызнання гэтай барацьбы, адпаведна і права звяртацца па дапамогу да краін Захаду. І ў іх будзе права нам дапамагаць.
Comments