Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Многія мяркуюць, што санкцыі з'яўляюцца ключавым фактарам, які штурхае Беларусь бліжэй да Расіі. Аднак, дэталёвы погляд на эканамічныя індыкатары дае падставы па-іншаму зірнуць на гэта сцверджанне.
Абмеркаванне санкцый і акупацыі
У дэбатах пра санкцыі часта ўзнікае пытанне аб тым, ці лічыцца Беларусь акупаванай тэрыторыяй. Гэты аспект важны, паколькі санкцыі супраць суб'ектаў гаспадарання, зарэгістраваных на акупаваных тэрыторыях, звычайна яшчэ больш строгія, чым на тэрыторыі акупанта. Прыклады Крыма і т. зв. ДНР пацвярджаюць гэты падыход.
І тут не чутныя аргументы аслабіць санкцыі супраць т. зв. ДНР каб не штурхаць Данецк у абдымкі Крамля. Чыннікаў тут шмат, у тым ліку і адкрытыя межы паміж акупантам і акупаванай тэрыторыяй, дзякуючы чаму любая шчыліна будзе выкарыстоўвацца акупантам для абыходу санкцый. Таму тым, хто сцвярджае, што наша краіна акупаваная і адначасова кажа, што санкцыі адводзяць нас у Расію і таму іх трэба аслабіць, трэба ўлічваць пры адназначных сцвярджэннях і гэтую акалічнасць.
Эканамічная залежнасць ад Расіі
Большая частка эканомікі Беларусі, за выключэннем некаторых галін, ужо даўно і цесна звязана з Расіяй без усялякіх санкцый. І гэта была мэта Лукашэнкі ў яго перадвыбарчай праграме ў 1994 годзе і гэта тая стратэгія, якой прытрымліваецца дыктатар ужо 30 гадоў. І тут няма нічога новага, нічога функцыянальна не змянілася ў яго падыходах і з 2020 года.
Такія галіны як нафтаперапрацоўка, хімічная прамысловасць, машынабудаванне, металургія проста неканкурэнтаздольныя на сваіх традыцыйных рынках збыту без датаваных энергарэсурсаў з Расіі. Таму прывязаць іх мацней да Расіі папросту немагчыма.
Рост імпарту з ЕС
Нягледзячы на санкцыі, якія нібыта «штурхаюць» Беларусь у Расію, імпарт з ЕС у 2023 годзе дасягнуў рэкордных значэнняў, што супярэчыць сцвярджэнням аб поўным эканамічным павароце Беларусі да Расіі.
Страта гандлёвых сувязей з Украінай
Напрыклад, у 2019 годзе доля Расіі ў тавараабароце Беларусі складала 49%, а Украіны — больш за 8%. Летась доля Расіі склала 60%, а Украіны — 0%. Куды дзеўся тавараабарот з Украінай? Ён перацёк у гандлёвыя стасункі Беларусі з Расіяй.
Поўная страта самай вялікай часткі нерасійскага экспарту адбылася зусім не праз санкцыі, а праз вераломны напад на Украіну і ўдзел у агрэсіі, на жаль, нашай краіны, што прывяло да поўнага спынення гандлю з Украінай.
Аналіз індэксаў
Акрамя абстрактных заключэнняў аналітыкаў, існуюць аб'ектыўныя паказчыкі, індэксы, якія паказваюць наколькі канцэнтраваны экспарт і імпарт любой краіны. Аналізуючы гэтыя індэксы, можна зрабіць наступныя высновы:
Канцэнтрацыя гандлю была непрымальнай ужо даўно (задоўга да санкцый), і ў разы больш, чым гэтыя параметры для Літвы, Польшчы і Украіны.
Да 2020 года быў трэнд на рост канцэнтрацыі, тады як у суседзяў — падзенне. Г.зн. нашы суседзі дыверсіфікавалі рынкі, а Беларусь, нягледзячы на селектарныя нарады ў Лукашэнкі, не.
У 2021 годзе, калі былі ўведзены санкцыі, канцэнтрацыя гандлю не вырасла, а ўпала, гэта значыць наадварот рынкі, куды пастаўляюцца беларускія тавары, пашырыліся.
Для сцверджання, што санкцыі ўзмацняюць гандлёвую залежнасць ад Расіі, неабходна выкананне трох умоў: нізкая канцэнтрацыя гандлю да санкцый, рост канцэнтрацыі пасля ўвядзення санкцый і прамая сувязь гэтага росту з уводам санкцый.
У рэальнасці ж усе тры прыкметы адсутнічаюць.
Comments