Павел Латушка пра палітыку рэжыму ў дачыненні да дзяцей і моладзі
Лукашэнка і яго памагатыя ўзяліся за школьнікаў і студэнтаў, сістэмна і метадычна пазбаўляючы дзяцей шчаслівага дзяцінства і будучыні, а беларускую нацыю – ідэнтычнасці і перспектывы.
З аднаго боку спрабуюць ператварыць беларускіх дзяцей у «патрыётаў лукашэнкі» і жывы шчыт для захавання ўлады дыктатара і членаў яго сям'і, а з іншага боку – прымусова навязваюць і патрабуюць пакланення ідэям «рускага свету».
На нарадзе па падрыхтоўцы да новага навучальнага года прысутнічаюць, даюць справаздачы і атрымліваюць указанні кіраўнікі сілавых структур і ведамстваў – школьнікаў і студэнтаў ім трэба трымаць у строгай дысцыпліне і падпарадкаванні.
Ідэалагічнай апрацоўкай і прамываннем мазгоў моладзі зоймецца Карпянкоў праз развіццё ваенна-патрыятычных клубаў, а таксама міністэрства абароны расіі (так, менавіта расіі), якое выступіла з прапановай аб стварэнні сумеснага з беларускім мінабароны каардынацыйнага савета для сістэмнай працы з моладдзю ў мэтах нібыта процідзеяння інфармацыйна-псіхалагічнай вайны з боку Захада. Пра гэта падчас выступу на II Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе, што днямі праходзіць у Мінску, паведаміў намеснік міністра абароны рф – начальнік Галоўнага вайскова-палітычнага ўпраўлення вс рф Віктар Гарамыкін.
У гэты каардынацыйны савет увойдуць «спецыялісты» па навуковых і гістарычных пытаннях, ваенныя эксперты, якія валодаюць ваеннымі ведамі і практычным досведам.
І гэта для школьнікаў і студэнтаў, гэта для беларускіх дзяцей. Да чаго яны хочуць падрыхтаваць нашу моладзь?
Адказ відавочны – да ўдзелу ў баявых і ваенных дзеяннях. Зрэшты, лукашысты і рускамірцы асабліва гэтага і не хаваюць.
Чаму яны так пільна накіравалі свае брудныя рукі і намеры на беларускіх дзяцей – ды таму, што іх пакуль яшчэ шмат:
студэнтаў ВНУ – 240 000
навучэнцаў ПТВ – 170 000
навучэнцаў – 1 000 000
у тым ліку першаклашак – 110 000
гэтыя лічбы далажылі дыктатару і ён іх агучыў.
У яго запаленым на ўласную ўладу мазгу ўжо прадставілася велізарная армія.
«Пагадзіцеся, лічба для Беларусі вялікая» – падсумаваў дыктатар.
А што ж міністр так званай адукацыі прапанаваў для паляпшэння адукацыйнага працэсу?
Андрэй Іванец сказаў: «Міністэрства адукацыі па даручэнні прэзідэнта правяло поўную рэвізію навучальных дапаможнікаў».
І асобна адзначыў, што да новага навучальнага года мінадукацыі і генпракуратура падрыхтавалі тры выданні на тэму генацыду беларускага народа ў гады ВАВ.
Лукашэнку не шкада і яму не баліць душа за нашых дзяцей. Таму прапаганда і муштра – галоўны метад адукацыі для беларускіх школьнікаў і студэнтаў.
Аднак у дачыненні да ўласнага сына дыктатар ужывае зусім іншы метад адукацыі і дэманстратыўна распавядае, што ягоны сын вучыцца адначасова ў беларускім і пекінскім універсітэтах, ён вучыцца тут і там, атрымае два дыпломы, пройдзе практыку па біятэхналогіях у расійскім адукацыйным цэнтры «Сірыус».
І Лукашэнка як бацька сапраўды не дапускае нават думкі, што ягонае дзіця будзе марнаваць час на патрыятычныя ўрокі, якія праслаўляюць ягонага бацьку, і наведванне вайсковых лагераў для абароны ягонага бацькі. Замест гэтага дыктатар прызначыў свайму сыну стыпендыю свайго імя.
Ён выразна разумее, што кожны бацька павінен сам клапаціцца і перажываць пра сваё ўласнае дзіцё.
Цяпер пытанне да нас.
А мы разумеем, што толькі ад нас залежыць будучыня нашых дзяцей?
Ці вырастуць яны адэптамі ідэалогіі гвалту і аднадумства, робатамі, якія галасуюць за аднаго вечнага кіраўніка, ці беларусамі, якія маюць свой пункт гледжання, якія жадаюць жыць у свабодным і адкрытым грамадстве, дзе чалавек – не вінцік і інструмент, не гарматнае мяса, а асоба, якая паважае сябе і іншых.
Comentarios