top of page

Лукашэнка рыхтуе вайну?


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

За апошнія месяцы сам Лукашэнка і прадстаўнікі яго рэжыму зрабілі стаўку на ўзмацненне мілітарысцкай актыўнасці і прамыя пагрозы цэламу шэрагу краін. Быць пагрозай — цяпер асноўны палітычны падыход Лукашэнкі як у замежнай палітыцы, так і ва ўнутранай.

Рэжым Лукашэнкі павялічвае выдаткі на абарону. У 2024 годзе на гэтыя мэты рэжым выдаткуе на 29% больш, чым у папярэднім годзе.

Сістэматычна праводзяцца вучэнні на палігонах па ўсёй краіне, заняткі па мабілізацыі матэрыяльных рэсурсаў прадпрыемстваў на выпадак вайны, створана т. зв. народнае апалчэнне, абноўлена Ваенная дактрына і Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, створаныя спецпадраздзяленні ўнутраных войскаў з удзелам баевікоў Вагнера ў Мінску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Астраўцы і іншых гарадах, створаныя расійскія вучэбна-баявыя цэнтры сумеснай падрыхтоўкі ваенных у Гродне і Баранавічах.

Расія выкарыстоўвае ваенныя аэрадромы ў Зябраўцы і Лунінцы, на тэрыторыі Беларусі функцыянуюць ваенныя аб'екты Расіі. Павялічваецца аб'ём закупак Беларуссю зброі, а на тэрыторыі краіны размешчана ядзерная тактычная зброя.

Разам з тым рэжым Лукашэнкі актыўна транслюе ўнутр краіны і грамадства ваенізаваную прапаганду, адначасова наладжваючы войскі супраць беларусаў такімі ўказамі, як указ №37. Навошта? Рыхтуе яе да падаўлення антываенных пратэстаў? 

Лукашэнка не плануе спыняцца. Не плануе нікуды дыстанцыянавацца ад Расіі, а толькі шчыльней звязвае з ёй нашу краіну пад выглядам «інтэграцыі» і асабліва ў ваеннай сферы. Нагадаем, што з лістапада 2021 года паміж Беларуссю і Расіяй дзейнічае абноўленая Ваенная дактрына т. зв. Саюзнай дзяржавы. Дзейнічае сумесная рэгіянальная групоўка войскаў і сіл Саюзнай дзяржавы.

Рэжым Лукашэнкі мілітарызуецца на вачах паскоранымі тэмпамі. Беларускі ВПК ужо стаіць на ваенных рэйках, ужо працуе на вайну, фактычна як частка ВПК Расіі. Прапаганда навязвае грамадству ваеннае мысленне. Нормы заканадаўства, хоць ні заканадаўствам, ні нормамі гэта назваць нельга — па сутнасці прыводзяцца ў адпаведнасць з прынцыпамі ваеннага часу. 

Такімі тэмпамі праз два-тры гады, калі не раней, большая частка беларускай арміі, якая больш за ўсіх падвяргаецца ваенізаванай прапагандзе, сапраўды будзе гатовая пачаць вайну, у тым ліку супраць Захаду. Гэта зусім не выглядае як нерэальны сцэнар.

Нам важна пераконваць людзей, схільных уплыву рэжымнай прапаганды. Абараняць ад яе нашых дзяцей. Не дазваляць падмяніць нашы каштоўнасці, нашу гісторыю і нашу ідэнтычнасць чужымі «каштоўнасцямі» і ідэямі агрэсіўнага «рускага свету».

У нас, беларусаў, няма ворагаў. Ні ва Украіне, ні ў Еўрасаюзе, ні ў НАТА. І мы не павінны дазволіць рэжыму Лукашэнкі гэта змяніць.

Kommentare


bottom of page