top of page

Лукашэнка рыхтуе вайну


Расійская і беларуская ваенная тэхніка на сумесных вучэннях
Расійская і беларуская ваенная тэхніка на сумесных вучэннях. Крыніца: dw.com

Павел Латушка ў інтэрв'ю APA-Austria Presse Agentur

Крыніца: apa.at

У сувязі з мілітарызацыяй рэжыму Аляксандра Лукашэнкі беларускі палітык у выгнанні Павел Латушка асцерагаецца, што цягам некалькіх гадоў войска Беларусі зможа разам з расійскім войскам пачаць ваенныя дзеянні супраць Захаду. Пра гэта Латушка заявіў APA у аўторак вечарам падчас мерапрыемства па Беларусі ў аўстрыйскім парламенце, на якое яго запрасіла знешнепалітычны прадстаўнік зялёных Эва Эрнст-Дзедзіч.

«Мой прагноз такі: калі ў Беларусі не будзе стратэгіі падтрымкі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, то праз два-тры гады большая частка беларускага войска будзе гатовае пачаць вайну разам з узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі, у тым ліку супраць Захаду», — растлумачыў у інтэрв'ю АPA былы міністр культуры і паплечнік лідара апазіцыі ў беларускім урадзе ў выгнанні Святланы Ціханоўскай. У такім выпадку Беларусь магла б не толькі даць сваю тэрыторыю для агрэсіі, як гэта адбываецца цяпер, але і сама ўзяць удзел у нападзе.

Палітык, завочна асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі, згадаў у гэтай сувязі пра папраўкі да закона, якія тычацца ваенных дзеянняў. Смяротнае пакаранне было ўведзена для салдат за дзяржаўную здраду, а таксама было створана народнае апалчэнне. Акрамя таго, былі праведзены трэнінгі, якія тычацца кіравання рэсурсамі, палівам і харчаваннем падчас вайны, для кіраўнікоў кампаній.

А. Лукашэнка ў Брэсцкай вобласці
А. Лукашэнка ў Брэсцкай вобласці. Фота: president.gov.by

«Ён (Лукашэнка — заўв.) таксама размясціў на беларускай тэрыторыі тактычную ядзерную зброю, каб выкарыстоўваць яе як гарантыю бяспекі, калі б ён накіраваў у бой узброеныя сілы супраць іншай дзяржавы», — растлумачыў Латушка, згадаўшы аперацыю каля літоўска-польскага калідора Сувалкі або супраць Украіны ў якасці гіпатэтычных прыкладаў. У той час як расійскія прадстаўнікі дзяржавы заўсёды казалі пра тое, што расійская ядзерная зброя знаходзіцца ў Беларусі, Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што рашэнне аб ужыванні гэтай зброі будзе прымаць ён сам. Латушка мяркуе, што гэта права Мінска было замацаванае ў сакрэтным дадатковым пратаколе да расійска-беларускага пагаднення аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі.

У якасці меры супраць магчымай ваеннай эскалацыі палітык у выгнанні прапанаваў энергічныя меры супраць рэжыму і падтрымку па-праеўрапейску настроеных беларусаў. Урэшце, тысячы з іх былі пазбаўленыя волі за пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, і сотні тысяч пакінулі сваю радзіму. Аднак не прадпрымаючы дастатковых захадаў супраць Лукашэнкі, Захад дэматывуе гэтых людзей. «Ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці (міжнародным крымінальным правасуддзем — заўв. рэд.), не прынятыя санкцыі, якія былі б супастаўныя з санкцыямі супраць Расіі», — крытыкуе ён. 

Неэфектыўнасць падыходу Захаду да рэжыму выклікае ў беларусаў пытанне, навошта ім змагацца за дэмакратыю. У той жа час Расія актыўна падтрымлівае прарасійскую і антызаходнюю меншасць і выкарыстоўвае «велізарную прапагандысцкую машыну», растлумачыў ён. Толькі ў панядзелак Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвясцілі аб стварэнні сумеснага медыяхолдынга.

Неабходнасць больш жорсткіх захадаў Латушка абгрунтоўвае, у прыватнасці, тым, што больш мяккія санкцыі дазваляюць імпартаваць у Беларусь грамадзянскія і ваенныя тавары, перадаючы іх у Расію або выкарыстоўваючы ва ўласнай ваеннай прамысловасці. «Адным з галоўных пытанняў з'яўляецца вытворчасць дронаў, у якую Лукашэнка істотна інвеставаў», — сказаў ён.

Павел Латушка
Павел Латушка. Фота: НАУ-медыя

У той жа час палітык у выгнанні выказаў шкадаванне, што ў апошнія гады на Захадзе неаднаразова недаацэньвалі Лукашэнку. Міжнародныя кампаніі павінны былі вырашыць у 2020 ці 2021 годзе, ці хочуць яны заставацца ў Беларусі. «Мы таксама казалі аўстрыйскім кампаніям, што рызыкі ўзрастуць, і гэта можа прывесці да страты інвестыцый», — падкрэсліў Латушка. Цяпер усе апынуліся ў пастцы, сказаў ён, спасылаючыся на ўказ Лукашэнкі ад восені 2023 года, згодна з якім кампаніі з «недружалюбных» краін павінны пры продажы долей выплаціць дзяржаве 25 адсоткаў ад рынкавага кошту, а продаж павінен быць ухвалены ўрадам. 

Палітык, які жыве ў выгнанні ў Варшаве, ускладае вялікія надзеі на новы польскі ўрад. Польшча заўсёды была саюзнікам дэмакратычных сіл у Беларусі — у гэтым ёсць міжпартыйны кансэнсус. «Аднак, паколькі (прэм'ер-міністр Дональд) Туск і (міністр замежных спраў Радаслаў) Сікорскі з'яўляюцца праеўрапейскімі палітыкамі, яны будуць мець большы ўплыў на распрацоўку стратэгіі Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі», — кажа Латушка.


תגובות


bottom of page