top of page

Лукашэнка пусціў расейцаў у Беларусь. Зноў


Да чаго прывядзе паўторны ўвод войскаў Расіі ў Беларусь?


Што беларусам варта чакаць і важна ведаць у сувязі з чарговым планаваным размяшчэннем вялікай групоўкі расійскіх узброеных сіл на тэрыторыі Беларусі? У калонцы для «MOST» разважае кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады, а раней — пасол Беларусі ў Польшчы і Францыі, міністр культуры Беларусі і кіраўнік Купалаўскага тэатра Павел Латушка.


Пагроза ўступлення Беларусі ў наземную частку вайны — рэальная як ніколі


Як меркавалася, Лукашэнка загадзя даў Пуціну згоду на размяшчэнне расійскіх войскаў у Беларусі — пачалася падрыхтоўка адпаведнай інфраструктуры, былі накіраваныя каманды Генеральнаму штабу на стратэгічнае планаванне.


10 кастрычніка асцярогі пацвердзіліся: з той толькі розніцай, што Пуцін і Лукашэнка заявілі аб разгортванні сумеснай групоўкі ўзброеных сіл дзвюх краін на тэрыторыі Беларусі. Прычым яе аснову, як паведамляецца, будуць складаць менавіта беларускія войскі.


Са слоў Лукашэнкі, у Беларусь прыбудуць «тысячы» расійскіх вайскоўцаў, аднак не выключна, што іх можа быць і дзясяткі тысяч, і нават больш за 100 000, у тым ліку ў залежнасці ад паспяховасці мабілізацыі ў Расіі.


Да чаго гэта можа прывесці? Найперш, над самой Беларуссю і яе жыхарамі — цяпер відавочна і дакладна — навісае пагроза навязвання ўдзелу ў вайне наўпрост «на зямлі».

Важна прызнаць: пагроза актыўнага ўступлення Беларусі ў наземную частку вайны (бо ракеты і самалёты ляцяць ва Украіну з беларускай тэрыторыі ўжо з 24 лютага) з’яўляецца рэальнай як ніколі раней.


Адбыцца гэта можа ў любы момант, і калі адбудзецца, у беларускіх ваенных застаецца толькі тры варыянты дзеянняў: павярнуць зброю супраць акупантаў, павярнуць зброю супраць дыктатара (магчымасць такога дзеяння ў арміі ёсць да гэтага часу) або сабатаваць удзел у вайне супраць украінцаў і падацца на ўцёкі.


Крыніца: dw.com

Аднак, нават калі розум возьме верх і Беларусь не ўступіць у вайну наўпрост, сам факт з’яўлення буйных воінскіх фарміраванняў Расіі ў Беларусі і любой іх актыўнасці на тэрыторыі краіны ўжо дае Украіне права процідзейнічаць гэтаму.


Чаму? Беларусь ужо прызнаная суагрэсарам у вайне супраць Украіны, і гэта прызнанне наўпрост вынікае з дакументаў ААН, міжнароднага права. Лукашэнка на нарадзе ў Мінабароны Беларусі 4 кастрычніка 2022 года канкрэтна заявіў пра ўдзел у вайне супраць Украіны. Значыць, міжнародныя дакументы даюць права Украіне процідзейнічаць агрэсіі.


Што можа зрабіць Украіна


Якія дзеянні ў адказ на ўвод расійскіх салдат у Беларусь можа ажыццявіць Украіна? На жаль, самыя жорсткія. Напрыклад, наносіць ракетныя ўдары па вялікіх групоўках войскаў Расійскай Федэрацыі каля мяжы Беларусі. І аб такім праве Украіна ўжо заявіла.


Як беларусу мне цяжка казаць гэта, але ўкраінцы могуць быць вымушаны зрабіць такія захады, бо яны не хочуць паўтарэння гісторыі лютага-сакавіка 2022 года, калі групоўка войск Расіі колькасцю не менш за 20 тысяч чалавек здзейсніла імклівы паход з тэрыторыі Беларусі, што пазней у інтэрв'ю агенцтву «Франс-Прэс» пацвердзіў сам Лукашэнка.


Узброеныя людзі ў расійскай форме ўварваліся ў Бучу, Ірпень, Гастомель, дзе пазней здзейснілі масавыя зверствы і ваенныя злачынствы, а пасля паспрабавалі ўварвацца ў Кіеў.


На гэты раз Украіна зробіць крокі, каб падобны сцэнарый не паўтарыўся, яшчэ да таго, як расійскія войскі перакрыюць мяжу.


Крыніца: Ronaldo Schemidt / AFP / Scanpix / LETA

Хто ў гэтым будзе вінаваты? Адказнасць за такое развіццё падзей і за магчымае ўступленне Беларусі ў вайну будзе несці дыктатар Лукашэнка і яго атачэнне, якія садзейнічаюць працягу ваеннай агрэсіі і захопу тэрыторый суседняй дзяржавы, садзейнічаюць здзяйсненню ва Украіне ваенных злачынстваў.


Гэта выключна іх адказнасць — персанальная, з пункту гледжання крымінальнага заканадаўства — і грамадска-палітычная.

На іх жа кладзецца і віна за эканамічныя наступствы працягу падтрымкі агрэсіі, за санкцыі, якія яшчэ больш жорстка ўдараць па дабрабыце беларусаў на найбліжэйшыя гады.


Агрэсія, ліквідацыя дзяржаўнасці, гвалт і злачыннасць


Чаму для нас з’яўляецца выклікам увод расійскіх войскаў у Беларусь? Таму што ў расійскай улады ясная і выразная мэта: захапіць Украіну і ліквідаваць яе дзяржаўнасць. А ў гэтым сцэнарыі аналагічны лёс чакае Беларусь і беларускі народ.


Мы таксама павінны разумець, што знаходжанне вялікіх расійскіх мабілізаваных груп на тэрыторыі нашай краіны прывядзе да росту канфліктнасці і злачынстваў, гвалту, павальнага ўжывання алкаголю і ўсіх іншых негатыўных наступстваў, якія мы ўжо сёння бачым з розных відэа, знятых у мабілізацыйных пунктах Расіі. Хочам мы такога жыцця ў бліжэйшы час у Беларусі? Пытанне рытарычнае.

Такім чынам, перад намі тры ключавыя пагрозы: рэальная паўторная агрэсія супраць Украіны з беларускай зямлі ці нават з прамым удзелам нашых вайскоўцаў, канчатковая акупацыя нашай краіны і ліквідацыя яе дзяржаўнасці, гвалт і злачыннасць, якія вырастуць на фоне прысутнасці замежных войскаў — няпрошаных «гасцей» на тэрыторыі Беларусі.


Што рабіць, каб Беларусь не стала ваяваць з Украінай?


Як спыніць гэта? Лукашэнка пачуў канкрэтныя сігналы з боку Украіны. Цяпер яму важна пачуць і мэсадж ад заходніх партнёраў, якія павінны вылучыць яму ўльтыматум і выразна даць зразумець, па пунктах, на той мове, якую ён разумее, што яго чакае за згоду на ўвядзенне расійскіх войскаў ва Украіну праз Беларусь і асабліва за магчымую згоду ўступіць у вайну самой Беларусі. Наступны крок такім чынам — за Вашынгтонам і Бруселем. Мы будзем рабіць усё, каб гэты крок нашы партнёры зрабілі.


Лукашэнка таксама павінен баяцца, што мабілізаваныя расіяне ў Беларусі могуць садзейнічаць скасаванню яго ўлады, і гэта фактар, які ўплывае на яго асабістую фізічную бяспеку наўпрост.


Важна і неабходна рабіць усё, каб не дапусціць вайны паміж дзвюма нашымі дзяржавамі — Беларуссю і Украінай. Рабіць усё, каб не стала магчымай крывавая кульмінацыя сцэнарыю, які ўжо разгортваецца з лютага пры падтрымцы Лукашэнкі, які дазволіў наносіць ракетныя і авіяўдары па Украіне. Удары, якія ўжо прывялі да шматлікіх чалавечых ахвяр.

Як беларус я разумею, куды гэта можа завесці на будучыя дзесяцігоддзі адносіны Беларусі і Украіны. Рабіць усё, каб спыніць гэта — галоўная мэта Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Галоўная мэта для ўсіх нас.


Так, хай нашы магчымасці абмежаваныя і хай магчымасць прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад гэтага сцэнарыю мінімальная, але паспрабаваць зрабіць гэта — наша адказнасць перад самімі сабой.

Comments


bottom of page