top of page

Лукашэнка пачаў рыхтавацца да выбараў


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Пасля Новага года дыктатар вырашыў выдаткаваць больш часу на алкаголь — менавіта такую выснову можна зрабіць, азнаёміўшыся з новымі папраўкамі ў закон аб рэкламе. Новаўвядзенні, падпісаныя дыктатарам, павялічваюць час на рэкламу піва, слабаалкагольных напояў, ігральных устаноў і азартных гульняў. А вось рэклама навучання і працаўладкавання за мяжой — цяпер знаходзіцца пад забаронай. Чым жа выкліканая такая цікавасць дыктатара да алкаголю і адначасова з гэтым агіда да адукацыі? На каго нацэленыя папраўкі і каму яны выгадныя? Мы азнаёміліся з папраўкамі Лукашэнкі і раскажам, да чаго прыводзіць «злоўжыванне» дыктатара алкаголем.

Лукашэнка з чаркай
А. Лукашэнка. Крыніца: udf.name

Першыя дні студзеня ў Беларусі спалучаныя з новым «наступам» папраўкамі па законах. І Лукашэнка ў гэтым пытанні відавочна «перабраў». Гэтым разам дыктатар пераадольвае барацьбу з ведамі. Чым так не дагадзіла адукацыя за мяжой дыктатару — не складана здагадацца. Але цяпер спробы абмежаваць доступ беларусаў да ведаў сталі тэндэнцыяй. Напрыклад, нядаўна «анансавана» прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй», а цяпер рэжым абмежаваў рэкламу атрымання адукацыі за мяжой. І гэтыя дзеянні паказваюць стаўленне рэжыму да адукацыі беларусаў. Інвеставаць у адукацыю для Лукашэнкі — нявыгадна. Не выгадна, каб адукаваныя людзі разбіраліся ў эканоміцы і праве, сацыялогіі і дзяржкіраванні, бо такія людзі лепш разумеюць, наколькі правальная палітыка рэжыму. І менавіта адукаваных людзей пераканаць у гэтым складаней за ўсё.

П. Латушка
П. Латушка

Дарэчы, успомнілася мне гісторыя: калі я быў яшчэ навучэнцам школы, мне паступіла запрашэнне з Сан-Францыскага каледжа для таго, каб паступіць на навучанне ў гэты каледж у Злучаныя Штаты Амерыкі. І тады мне ўдалося перадаць ліст сакратару цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі, якая тады рэальна кіравала ў краіне, здаецца, гэта быў таварыш Сакалоў. Пасля гэтага мяне выклікалі да загадчыка аддзела міжнародных адносін цэнтральнага камітэта кампартыі. Я памятаю, перада мной сядзеў пажылы чалавек у акулярах і з такой цікаўнасцю, але з негатывам спытаў: «А навошта вам ехаць вучыцца ў Злучаныя Штаты Амерыкі? Я думаю, што ў нашай краіне вы зможаце атрымаць годную адукацыю». І, вядома ж, мне адмовілі ў праве паехаць вучыцца ў ЗША. Ну што ж, гісторыя паўтараецца, цяпер паўтараецца ўжо ў перыяд кіравання рэжыму Лукашэнкі.

Рэжым разумее, што замежныя краіны зацікаўленыя ў высокакваліфікаваных кадрах з Беларусі — і гэта наступная праблема, з якой апошнім часам сутыкнуўся рэжым. І менавіта ў гэтыя кваліфікаваныя кадры не трэба інвеставаць сродкі для атрымання імі досведу і адукацыі. Але рэжым, як і звычайна, вырашае праблему самым простым і ўжо звыклым шляхам: забараніць, абмежаваць, закрыць, робячы пры гэтым прынцыповую памылку — забароны не павышаюць прывабнасць краіны для спецыялістаў, а забіваюць яе; абмежаванні не ствараюць матывацыю заставацца ў краіне, а зніжаюць яе. 

Наступ на сферу ведаў адбыўся і ў іншых кірунках: па дадзеных СМІ, за снежань-студзень у Беларусі зачынілі каля 10 школ польскай мовы. Сілавікі правялі ператрусы, некалькі выкладчыкаў і дырэктараў устаноў затрымалі. Масавае наступленне на школы замежных моў — яшчэ адна тэндэнцыя. І ўзнікаюць відавочныя пытанні: ці ёсць прававыя падставы зачыняць школы? З якой мэтай гэта робіцца?

Дарэчы, тут таксама ўспамінаецца гісторыя. Калі я быў паслом Беларусі ў Францыі, мы прапаноўвалі — гэта была ініцыятыва перш за ўсё французскага боку — адкрыць французскі інстытут у Мінску, які займаецца прадстаўленнем французскай культуры ў замежных дзяржавах. Дагэтуль у Беларусі французскага інстытута не было, не існавала прадстаўніцтва гэтай важнай арганізацыі. Тады дайшло да таго, што дзве дакладныя, якія былі напісаныя Лукашэнку, атрымалі адмоўны адказ. І Кабякоў, Андрэй Кабякоў, будучы ў той момант кіраўніком адміністрацыі, сабраў цэлую нараду. На гэтай нарадзе прысутнічалі міністр адукацыі, міністр культуры, старшыня КДБ, намеснік міністра замежных спраў, шэраг іншых чыноўнікаў, у тым ліку прысутнічаў і я. І ў ходзе абмеркавання мэтазгоднасці адкрыцця прадстаўніцтва французскага інстытута ў Мінску адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў — гэта быў, мне здаецца, спадар Бараноўскі, былы пасол Беларусі ў Літве — сказаў: «Дык гэта што, французы плануюць адкрыць курсы па вывучэнні французскай мовы для беларусаў, а ў наступным гэта азначае, што беларусы з'едуць у Францыю?» На што я парыраваў на гэтай нарадзе аўтару гэтай тэзы: «Давайце забаронім вывучэнне і англійскай мовы, інакш усе паедуць у Злучаныя Штаты Амэрыкі». Да якога вар'яцтва можа дайсці рэжым — мы з вамі бачым у тым ліку і сёння.

Барацьба рэжыму з «уцечкай мазгоў» ажыццяўляецца па ўсіх франтах — і на ўсіх франтах у самога рэжыму страты. Асаблівае значэнне ў гэтым займае прапаганда. Інфармацыйная барацьба з Польшчай, куды пераехала значная частка беларускага айці-сектара, набыла сістэмны характар. Паглядзіце, як выглядае ў вачах рэжымнай прапаганды Польшча.

Прадстаўнікі рэжыму думаюць, што прапагандысцкі наступ на заходнія краіны палепшыць становішча адукацыі ў Беларусі, зробіць яго больш прывабным. Але гэта зусім не так. Перасцерагаючы беларусаў ад атрымання адукацыі за мяжой, рэжым зусім не клапаціцца аб павышэнні якасці адукацыі ў Беларусі. І таму ёсць свае пацверджанні: яшчэ некалькі гадоў таму найбуйнейшая беларуская ВНУ — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — пры любым зручным выпадку не абмінаў магчымасці нагадаць пра знаходжанне ў спісе 300 лепшых універсітэтаў свету. Безумоўна, не на самых высокіх пазіцыях, але ў знаходжанні ў аўтарытэтным спісе QS World University Rankings — і гэта не аспрэчвалася. Праўда, сітуацыя кардынальна змянілася ў 2023 годзе, калі БДУ апусціўся ў рэйтынгу адразу на 100 пазіцый — з 288-га месца на 387-ае. Прычына гэтага падзення абумоўленая сярод іншага зніжэннем міжнароднага навуковага супрацоўніцтва — перашкодай для беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі, якую стварае сам рэжым Лукашэнкі.

Асабліва камічна ў гэтай сітуацыі выглядае павелічэнне рэкламы алкаголю. Зразумела, што рэжыму ў год перад выбарамі адчайна патрэбныя грошы. І прадстаўнікі рэжыму разумеюць, што любая рэклама стымулюе попыт на прадукт, а значыць, спрыяе росту даходу кампаній, якія плацяць у бюджэт краіны акцызы. А тыя самыя акцызы з 1 студзеня 2024 года ў Беларусі павышаныя. Акцызы ўлічаныя ў кошце тавараў, таму чакаецца, што неўзабаве названыя тавары падаражэюць. І для рэжыму гэта яшчэ адна крыніца папаўнення бюджэту. Таму попыт на іх рэжым вырашыў павышаць шляхам павелічэння аб'ёму рэкламы.

Лукашэнка на сустрэчы з АМАП
Лукашэнка на сустрэчы з АМАП. Крыніца: udf.name

Дзеля справядлівасці: любая дзяржава папаўняе бюджэт за кошт акцызаў. Але ёсць нюанс. Далёка не любая дзяржава раздзімае сілавы апарат, вылучаючы на яго велізарныя бюджэты, мэта якіх толькі адна — забяспечыць захаванне ўлады нелегітымным дыктатарам; не кожная дзяржава мае патрэбу ў аплаце працы лабістаў адмовы ад санкцый — таму што, як мінімум, далёка не ў дачыненні да кожнай дзяржавы ўводзяцца санкцыі; далёка не любая дзяржава вылучае велізарныя сродкі на працу рэпрэсіўнай машыны.

Грошы, якімі папоўніцца бюджэт Беларусі, пойдуць не на дапамогу тым, хто мае патрэбу, і малазабяспечаным сем'ям — рэжым яны не хвалююць. Гэтаму ёсць маса прыкладаў. Напрыклад, такое спакойнае развітанне са спыненым фінансаваннем Беларускага Чырвонага Крыжа замежнымі донарамі — гэтаму пацвярджэнне. Беларускае аддзяленне найбуйнейшай міжнароднай гуманітарнай арганізацыі пазбавілася фінансавання з-за адмовы генсека Шаўцова пакінуць сваю пасаду з-за грубага парушэння прынцыпаў руху. Толькі адзін прадстаўнік рэжыму — спадар Шаўцоў — каштаваў беларусам некалькіх мільёнаў даляраў замежнай дапамогі на гуманітарныя патрэбы. І гэта ў той час, калі той жа рэжым ліквідуе арганізацыі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку дабрачынныя і гуманітарныя. А колькі каштуюць беларусам сілавікі, якія працягваюць ладзіць у краіне бязмежны тэрор, мучаць і ламаць лёсы сотням тысяч беларусаў? Колькі каштуе абслугоўванне рэжыму і рэпрэсіўнага апарата? Колькі каштуе нам сам Лукашэнка? Адказ адназначны: Лукашэнка абыходзіцца беларусам занадта дорага.

Як жа ў гэтай сітуацыі растлумачыць беларусам, што ўсе гэтыя выдаткі ідуць на «добрыя» намеры? Правільна: павялічыць яшчэ адзін артыкул выдаткаў дзяржаўнага бюджэту — выдаткі на прапаганду. І на антыпольскія наратывы на ТБ, на піяр-кампанію па размяшчэнні ядзернай зброі ў краіне, на рэстаўрацыю іміджу дыктатара, нам, паважаныя беларусы, таксама прыйдзецца «скінуцца». Бо Азаронка, які крычыць мацюкамі — і гэта яшчэ мякка кажучы — з экранаў дзяржаўнага тэлебачання, таксама трэба карміць. Прапаганда — інструмент, які выкарыстоўваецца рэжымам для таго, каб людзі не заўважалі выразныя і адназначныя рэчы, якія адбываюцца ў краіне. Менавіта прапаганда гатовая абгрунтоўваць і забойства мірных пратэстоўцаў у 2020 годзе, і закрыццё школ, і прызнанне ўніверсітэтаў экстрэмістамі, і ваенныя злачынствы Лукашэнкі. Але рэжым павінен памятаць: апраўдання прапаганды ніяк не выключаюць адказнасць самога Лукашэнкі за ягоныя дзеянні і ягоных саўдзельнікаў.

Беларускія дэмакратычныя сілы рэжымная прапаганда часта абвінавачвае ў тым, што яны займаюцца дэструктыўнай дзейнасцю. Гэта стары прапагандысцкі прыём — абвінаваціць апанента ў тым, у чым ты сам па вушы замяшаны, нанесці «папераджальны ўдар».

І ў той час, калі ў Беларусі зачыняюцца беларускамоўныя выдавецтвы, у той час калі прыцясняецца беларуская мова і культура, у той час, калі з браслаўскага Музея традыцыйнай культуры пасля хапуна звольнілі 7 чалавек, у Варшаве працягвае актыўную дзейнасць Музей Вольнай Беларусі — праект каманды Народнага анткыкрызіснага ўпраўлення. За 2023 год ў музеі праведзена больш за 150 культурна-адукацыйных мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх сталі больш за 8,5 тысяч чалавек. У той час, як у Беларусі зачыняюцца прыватныя школы і забараняецца рэклама замежнай адукацыі, за мяжой актыўна дзейнічае праграма «Кадравы рэзерв Новай Беларусі», якая дазваляе падрыхтаваць адукаваных і дасведчаных прафесіяналаў для працы ў Новай Беларусі. У той самы час, калі рэжым прызнае «экстрымісцкай» установу вышэйшай адукацыі, дэмакратычнымі сіламі Беларусі распрацоўваецца праект Беларускага Нацыянальнага ўніверсітэта ў Варшаве.

Дык хто экстрэміст? Хто праводзіць дэструктыўную дзейнасць?

І ў той час, як Лукашэнка пашырае рэкламу алкаголю, павышае акцызы для папаўнення свайго бюджэту, мы хочам, каб нашыя дзеці атрымалі добрую адукацыю, мы хочам, каб беларусы былі добрымі спецыялістамі, а беларускія ВНУ шанаваліся ва ўсім свеце. Мільёны беларусаў хочуць, каб у краіну вярнуўся закон, а палітычныя зняволеныя — тысячы нявінных людзей, якія выступілі супраць гвалту і несправядлівасці ў Беларусі — былі выпушчаныя. І гэты наш пазітыўны парадак дня. А што ж прапануе беларусам рэжым?

Comments


bottom of page