Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
З'явілася інфармацыя пра тое, што рэжым Лукашэнкі вынес смяротны прысуд грамадзяніну ЕС, а канкрэтна Германіі — Рыку Крыгеру, абвінавачанаму па пяці артыкулах КК, уключаючы акт тэрарызму. Інфармацыю пра смяротны прысуд ужо пацвердзіў МЗС ФРГ.
Па-першае, сам факт таго, што ў Беларусі ў 21 стагоддзі дагэтуль існуе смяротнае пакаранне, можа мець толькі адну ацэнку: гэтага не павінна быць у еўрапейскай краіне.
Гэты прысуд можна трактаваць як тэрарыстычны акт, і Лукашэнка сапраўды з'яўляецца тэрарыстам. За жыццё грамадзяніна Германіі ён запатрабуе нейкую цану — выкуп або абмен. І можна нават выказаць здагадку якую.
Ёсць падставы думаць, што ўся гэтая сітуацыя з Рыкам Крыгерам — дамова Лукашэнкі з Крамлём. Бо ў Нямеччыне сядзіць на пажыццёвым зняволенні расійскі супрацоўнік ФСБ Вадзім Красікаў. Паводле некаторых звестак, кіраўнік Крамля некалькі разоў хацеў яго выменяць, але Нямеччына адмаўлялася. Зараз жа Лукашэнка разам з Пуціным вырашылі не пакінуць Берліну выбару — узялі ў закладнікі грамадзяніна Германіі, і прыгразілі яму смяротным пакараннем.
Па-другое, неабходна прааналізаваць, да якіх наступстваў можа прывесці знаходжанне ў закладніках у рэжыму грамадзяніна Германіі.
Мы разумеем, што дыктатару пляваць на людзей і для яго немагчымасць беларусаў выязджаць у Еўропу — толькі на руку. Дыктатура адчувае сябе значна камфортней у ізаляцыі ад цывілізаванага свету, ізаляваных людзей прасцей апрацоўваць.
Зусім іншая гісторыя — гэта таварапатокі і гандаль. Праз новыя санкцыі ЕС магчымасць зарабляць на абыходзе накладзеных на Расію санкцый за вайну супраць Украіны закрываюцца. Як і магчымасць зарабляць на кітайскім транзіце, быць яго «акном у Еўропу» ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях».
Пад пагрозай кітайскі транзіт праз Беларусь праз гібрыдную вайну, якую вядзе Лукашэнка супраць еўрапейскіх суседзяў з 2021 года. Польшча разглядае перспектыву закрыцця мяжы з Беларуссю, калі яе патрабаванні не будуць выкананыя: спыненне атакі мігрантамі, выдача забойцы польскага жаўнера і вызваленне Анджэя Пачобута. Кітай ужо выслаў сігнал Лукашэнку, што яму варта ўрэгуляваць свае стасункі з Польшчай.
Такім чынам, становішча рэжыму Лукашэнкі на гэты момант вельмі няёмкае.
Гарманізацыя санкцый ставіць пад пытанне яго далейшую карыснасць для Расіі як умоўна «самастойнага» суб'екта. Бо ў выніку новага пакета санкцый ЕС, зачыняецца яе беларускае «акно ў Еўропу». На яго цісне тэма кітайскага транзіту. І ў абодвух выпадках ён ужо нясе сур'ёзныя выдаткі.
Замест практычных крокаў Лукашэнка робіць дэкаратыўныя. Нядзіўна, што Польшча прама кажа, што яна будзе гатовая да дыялогу пасля рэальных крокаў, а не піяр-заяў.
Страшна ўявіць, што будзе з Беларуссю ў доўгатэрміновай перспектыве, калі яна перастане быць транзітнай краінай і застанецца сам-насам з Расіяй. Наша краіна стане тэрыторыяй, якая прадстаўляе выключна цікавасць ваеннага характару, і фінансавая падтрымка такіх персанажаў, як Максім Рыжанкоў і іншых чыноўнікаў, не будзе ў планах Масквы.
А Лукашэнка аднойчы не стане. І хай ён зыходзіць з логікі, што пасля яго хоць патоп, але вам, чыноўнікі, потым тут жыць. У краіне, якой неадэкватны дзед-тэрарыст падпісаў смяротны прысуд.
Ён яшчэ не выкананы. Але сінія пальцы ўжо на курку.
Comments