top of page

Лукашэнка — пагроза для ўсяго рэгіёну


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Фінансавы сектар — найважнейшая частка беларускай эканомікі. У сістэме дзяржаўнага кіравання ён адыгрывае асаблівую ролю, а санкцыі ў дачыненні да фінансавага сектара аказваюць істотны ўплыў на функцыянаванне ўсёй эканамічнай сістэмы. Але ці з'яўляюцца сёння дастатковымі ўведзеныя санкцыйныя меры?

Банкаўская сфера з'яўляецца адным з ключавых элементаў фінансавага сектара. Пад санкцыямі ЕС, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных дзяржаў свету сёння знаходзяцца найбуйнейшыя па памерах актываў банкі Беларусі, а таксама Нацыянальны банк і Міністэрства фінансаў. Шэраг вядучых фінансавых інстытутаў (ЕБРР, Сусветны банк, ЕІБ) замарозілі супрацоўніцтва з беларускім дзяржсектарам. Былі зачыненыя многія міжнародныя фінансавыя рынкі для новага размяшчэння беларускіх каштоўных папер.

Шэраг санкцый закранулі непасрэдна банкаўскі сектар Беларусі. Напрыклад, асобныя беларускія банкі былі адключаныя ад міжнароднай міжбанкаўскай сістэмы перадачы інфармацыі і здзяйснення плацяжоў — SWIFT. Разам з тым былі згорнутыя праграмы фінансавання і крэдытныя лініі міжнародных фінансавых інстытутаў.

Тым не менш увядзенне санкцый было расцягнута ў часе, таму фінансавая сістэма Беларусі шмат у чым адаптавалася да абмежавальных мер. 

У сувязі з гэтым сёння актуалізуецца пытанне аптымізацыі санкцыйнага ціску. Эфектыўнай мерай, накіраванай на барацьбу з ухіленнем ад абмежаванняў, можа стаць больш актыўнае прымяненне другасных санкцый у дачыненні да парушальнікаў ужо прынятых мер. Каб зрабіць перспектыву траплення ў санкцыйныя спісы больш рэалістычнай для патэнцыйных і існуючых удзельнікаў ухілення, еўрапейскія і, перш за ўсё, амерыканскія партнёры павінны выкарыстоўваць свой інструмент другасных санкцый і правесці дэманстратыўнае прымяненне супраць арганізацый, якія аказваюць падтрымку ўдзельнікам санкцыйных спісаў. Гэта адзін з інструментаў павышэння эфектыўнасці санкцыйнага ціску.

Як яшчэ можна забяспечыць эфектыўнасць санкцый у банкаўскай сферы? Мы бачым як мінімум чатыры важныя інструменты:

  1. Замарозка актываў Нацбанка Беларусі ў ЗША.

  2. Блакаванне карэспандэнцкіх рахункаў беларускіх банкаў у ЕС, ЗША і іншых дэмакратычных дзяржавах.

  3. Забарона на ўвоз даляравых банкнот на тэрыторыю Беларусі.

  4. Пошук і замарожванне актываў фізічных асоб і кампаній, якія трапілі пад санкцыі.

Рэжым Лукашэнкі працягвае не толькі парушаць правы беларусаў, але сёння з'яўляецца і пагрозай для ўсяго рэгіёну. Масавыя сістэматычныя атакі на грамадзянскую супольнасць у Беларусі, здзяйсненне ваеннага злачынства, злачынствы супраць чалавечнасці і многае іншае — падстава для ўзмацнення жорсткасці санкцый супраць рэжыму. І эфектыўныя санкцыі з'яўляюцца адным з інструментаў для прадухілення такіх дзеянняў. Таму сёння асабліва важна эфектыўна выкарыстоўваць усе рычагі ціску на рэжым.

Comments


bottom of page