top of page

Лукашэнка не пойдзе на наступны тэрмін?


Віктар Лукашэнка можа атрымаць у спадчыну поўны кантроль над дзяржавай

Крыніца: nashaniva.com

Галоўным сэнсам жыцця Лукашэнкі Павел Латушка называе ўладу. Таму ён лічыць, што Лукашэнка будзе весці барацьбу за яе да апошняга ўздыху.

«Гэта той чалавек, які наўрад ці адмовіцца ад улады самастойна. Бадай, адзіны варыянт, калі ён можа гэта зрабіць сам — стан здароўя, які не дазволіць яму працягваць утрымліваць уладу і кіраваць дзяржавай. Даволі цяжка ўявіць сабе дыктатара, які, напрыклад, перасоўваецца ў інвалідным вазку», — лічыць кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета.
Павел Латушка
Павел Латушка. Фота: НАУ-медыя

Менавіта стан здароўя Латушка называе тым адзіным фактарам, які можа паўплываць на рашэнне адмовіцца ад удзелу ў наступных выбарах.

«Але тут таксама варта разглядаць сітуацыю ў кантэксце двоеўладдзя, якое ўжо ствараецца на нашых вачах. З’яўляецца новая пасада — старшыня Усебеларускага народнага сходу. З фармальнага пункту гледжання, яна можа ўспрымацца нават вышэйшай за пасаду прэзідэнта».

У такім выпадку гэта будзе ўмоўны зыход, бо Лукашэнка зойме ганаровую пасаду старшыні УНС і атрымае статус «сматрачага» за краінай і за тым, каму ён перадасць функцыі прэзідэнта.

«Лукашэнка, як дыктатар, не давярае нікому, ён не мае сяброў. Ён таксама запалоханы. Асабліва ў апошнія гады ўтрымання ўлады. Гэта і выклікае яшчэ больш масавыя рэпрэсіі ў краіне. Тут спрацоўвае як помста за тое, што ў яго разуменні народ яму нібыта здрадзіў, так і страх паўтарэння 2020 года. Калі мы кажам пра магчымага пераемніка, то такой асобай можа быць толькі хтосьці з членаў яго сям’і».

Павел Латушка лічыць, што такім патэнцыялам валодае толькі старэйшы сын Лукашэнкі — Віктар. Ён як сын не здрадзіць свайму бацьку і сістэмна будзе захоўваць яго спадчыну.

Латушка лічыць, што Аляксандр Лукашэнка хоча ўвайсці ў гісторыю як чалавек, які стварыў незалежную Беларусь.

«Яму не ўсё роўна, што адбудзецца з яго спадчынай пасля смерці. У выпадку, калі яго месца зойме Віктар, ён разумее, што той захавае яго імя ў гісторыі, прынамсі на нейкі час, як стваральніка, а не разбуральніка.

У іншым выпадку змена ўлады будзе азначаць поўную дэсакралізацыю Лукашэнкі.


Фота: Valery Sharifulin Sputnik Kremlin Pool Photo via AP
Калі да ўлады прыйдзе асоба не з сям’і, то яна будзе абвінавачваць ва ўсіх праблемах менавіта Лукашэнку. Віктар жа не будзе выкарыстоўваць гэта ў публічнай прасторы».

Тым не менш, Латушка мяркуе, што хутчэй за ўсё як мінімум да 2025 года складзецца сітуацыя, калі Лукашэнка будзе незаконна ўтрымліваць дзве пасады: прэзідэнта і старшыні УНС.

«І тут цікава, што Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім у старшыні УНС з’яўляецца намеснік. Прызначэнне некага на гэтую пасаду будзе мець важнае значэнне ў разуменні далейшых зменаў ва ўладзе. Калі гэтую пасаду зойме Віктар, стане зразумела, што ён перадае ў спадчыну пасаду свайму сыну. І тады тэарэтычна вырастае шанец, што Віктар можа балатавацца на пасаду прэзідэнта.

Калі ўявіць сабе такую сітуацыя, што Аляксандр Лукашэнка памірае, а Віктар будзе прызначаны прэзідэнтам Беларусі і адначасова з’яўляцца намеснікам старшыні УНС, то ён пасля Лукашэнкі атрымае ў спадчыну і пасаду старшыні УНС. Гэта будзе азначаць поўны кантроль над дзяржавай, што важна для Аляксандра Лукашэнкі пасля яго адыходу. Ён таксама думае пра гэта», — упэўнены Павел Латушка.
Іншым фактарам, які можа спрыяць пакіданню Лукашэнкам пасады, Латушка называе невыкананне даручэнняў Пуціна.

«У такім выпадку Масква можа стварыць умовы, пры якіх ён не зможа балатавацца або не зможа забяспечыць сабе пераабранне».

Comments


bottom of page