top of page

Лукашэнка — лепшы сябар палякаў


У пятніцу (6 кастрычніка 2023 года) ці то маршал, ці то недапалкоўнік па прозвішчы Лукашэнка зноў прыбраўся ў ваенную форму і паляцеў у Брэсцкую вобласць, інспектаваць ваенны аб'ект з пампезнай назвай «Вузел Супраціву».

Каму супраціўляецца Лукашэнка, з кім ён збіраецца ваяваць? Каму пагражае «непрымальнай шкодай»? А ў ходзе адказаў на пытанні прапагандыстаў вусаты ваяка абмовіўся — «мы не думалі тады, што нам давядзецца ваяваць, што ўсё будзе мірна, а аказалася — не».

І праўда, аказалася. І як жа так выйшла? Выпадкова атрымалася? Ці можа быць 24 лютага мінулага года не Лукашэнка прапусціў ударную групоўку расейскіх войскаў на поўнач Украіны? Можа не Лукашэнка аказаў ёй усю неабходную тылавую і інфраструктурную падтрымку? Можа гэта не Лукашэнка дазволіў нанесці больш за 800 ракетных удараў па Украіне? Ці не Лукашэнка перадаў расейскаму войску тэхніку, падаваў і працягвае падаваць патроны і боепрыпасы, вучыць рускіх мабілізаваных? Можа гэта не Лукашэнка выкрадае ўкраінскіх дзяцей-сірот? А чаму яны асірацелі?

Можа ён адкажа?

А можа быць за год да гэтага, вясной 2021 года не Лукашэнка зладзіў міграцыйны крызіс, гібрыдную атаку на межах з Літвой, Латвіяй і Польшчай?

А можа ўсяго гэтага наогул не было? Бо ні пра што такое Лукашэнка ў пятніцу не казаў. Замест гэтага ён расказваў, напрыклад, пра тое, што не хоча, каб палякі думалі, што «Лукашэнка — вораг Польшчы».

Лукашэнка думае, што яму ўдасца перавярнуць старонку? Бо калі сур'ёзна, то ўсе гэтыя «прапольскія» выказванні Лукашэнку можна перакласці так: «давайце перавернем старонку і зробім выгляд, што нічога не было. Прызнайце мяне прэзідэнтам - і можа быць я і спыню вас тэрарызаваць ».

Вось толькі ніхто яго ўсё роўна не прызнае і не прабачыць. Ні ва Ўкраіне, ні ў Польшчы, ні ў Літве. Ні ў самой Беларусі, народ якой у пераважнай большасці яго ненавідзіць.

Адказнасць немінучая. Якія б «вузлы» не спрабаваў вязаць Лукашэнку.

תגובות


bottom of page