16 ліпеня ў Варшаве адбылася сустрэча першага намесніка Міністра замежных спраў Польшчы Анджэя Шэйны з Паўлам Латушкам, намеснікам кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Першы намеснік міністра запэўніў, што Польшча не мае намеру змяншаць тэмпы падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці, каб беларусы не гублялі надзею на дэмакратызацыю сваёй краіны і ідэю вяртання яе ў сям'ю еўрапейскіх народаў.
Спадар Шэйна падкрэсліў, што МЗС і ўрад Польшчы ясна падзяляюць рэжым Лукашэнкі і беларускае грамадства, лічаць гэта сапраўды важным: «Лукашэнка — лаяльны падданы Пуціна, а беларускі народ — не падданы Расіі. У гэтым розніца». Павел Латушка і Анджэй Шэйна прыйшлі да адзінай думкі, што паўнавартасная стратэгія на беларускім напрамку павінна распрацоўвацца ў супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, каб яна магла быць плённай.
На сустрэчы было закранута пытанне змен у сістэме кіравання і вяшчання тэлеканала «Белсат». Інфармацыя, якую Павел Латушка прадставіў першаму намесніку міністра, будзе перададзена прэс-сакратару МЗС, які курыруе дадзеную справу. Таксама быў прапанаваны план удзелу ў далейшых кроках па рэформе тэлеканала.
Анджэй Шэйна падкрэсліў, што тэма Беларусі не забываецца ў Польшчы. Ён запэўніў, што Беларусь застаецца стратэгічным пытаннем для польскіх улад.
Павел Латушка на сустрэчы агучыў прапанову аб стварэнні групы краін стратэгічных партнёраў Беларусі з лідзіруючай роллю Польшчы, улічваючы, што Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі раней быў ініцыятарам стварэння Усходняга партнёрства, у якім удзельнічала і Беларусь.
Польскаму боку было таксама прапанавана правядзенне консульскіх кансультацый з удзелам прадстаўнікоў беларускіх грамадзянскіх арганізацый. Падчас сустрэчы Павел Латушка прапанаваў абмеркаваць планаваныя змены ў заканадаўстве Польшчы, якія рэгулююць візавыя пытанні. Папярэдняя дамоўленасць пра гэта была дасягнута з дырэктаркай консульскага дэпартамента МЗС Юстынай Хжаноўскай.
Павел Латушка узняў пытанне правядзення прававых кансультацый, якія б датычыліся адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, а таксама за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны і дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. Павел Латушка ў якасці прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета звярнуўся з прапановай аб узгадненні ў гэтай сувязі сустрэчы з кіраўніцтвам дагаворна-прававога дэпартамента і дэпартамента, які адказвае за АБСЕ ў МЗС Польшчы.
Павел Латушка ініцыяваў абмеркаванне апошніх выказванняў Міністра замежных спраў Лукашэнкі Рыжанкова наконт вырашэння праблем на беларуска-польскай мяжы. Павел Латушка паведаміў, што праблема заключаецца не толькі ў самім Лукашэнку, але і ў ягоным асяроддзі і сістэме, якую ён пабудаваў. Інсінуацыі рэжыму аб рашэнні памежных пытанняў можна разглядаць выключна як папулізм і інфармацыйна-прапагандоваю аперацыю, пакуль Лукашэнка не выканае канкрэтныя дзеянні, а менавіта:
вызваленне ўсіх палітычных зняволеных;
спыненне рэпрэсій унутры Беларусі;
спыненне дапамогі Расіі ў вайне супраць Украіны;
спыненне штучнага міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй.
Першы намеснік міністра замежных спраў Шэйна выказаў шчырую падтрымку, як дыпламат і як чалавек, беларускаму народу ў нашай барацьбе за свабоду: «Мы павінны дапамагаць Беларусі, каб беларускае грамадства не было русіфікавана. Сярод галоўных і нязменных прыярытэтаў знешняй палітыкі Польшчы з'яўляецца моцны ЕС і НАТА, суверэнная Украіна і свабодная дэмакратычная Беларусь».
Comments