Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
«Вялікія нацыі ніколі не бяднеюць з-за марнатраўства і неразумнасці прыватных асоб, але яны нярэдка бяднеюць у выніку марнатраўства і неразумнасці дзяржаўнай улады» — пісаў вялікі шатландскі эканаміст Адам Сміт.
Беларусы — неверагодна працавіты народ. Пакаленні беларусаў стваралі нашу краіну. Не адно стагоддзе наша шматпакутная зямля палівалася крывёй і потым Беларусь аднаўлялася пасля разбуральных войнаў і бедстваў.
І ўсё атрымалася ў беларускага народа: не проста аднавілі краіну, а стварылі сваю, незалежную дзяржаву. Але на гэтым беды беларусаў не скончыліся. Да ўлады прыйшоў Лукашэнка.
І 30 гадоў праз яго нязменнае праўленне сітуацыя ў нашай краіне склалася так, што хутка працаваць на яе карысць будзе проста няма каму. Колькасць занятых у эканоміцы Беларусі з 2010 года скарацілася на 550 тысяч чалавек. Гэта больш, чым насельніцтва цэлага Гомеля — другога па колькасці горада ў краіне. Агульная колькасць насельніцтва Беларусі таксама пачала скарачацца менавіта з моманту з'яўлення ва ўладзе Лукашэнкі. За час яго кіравання насельніцтва Беларусі скарацілася больш, чым на мільён чалавек.
Лукашэнка сваім бяздарным праўленнем і неразуменнем эканамічных працэсаў перашкаджаў руплівай працы таленавітай нацыі беларусаў: ён хацеў як мага больш кантраляваць і красці, а гэта не давала падстаў павышаць прадукцыйнасць і пашыраць вытворчасць, ды і наогул праяўляць ініцыятыву.
Замест новых прадпрыемстваў Лукашэнка будаваў лядовыя палацы, куды не кожны беларус можа аддаць займацца хакеем сваё дзіця, бо не кожнаму па кішэні купіць для свайго дзіцяці хакейную форму і рыштунак. Замест парадаў і салютаў каласальныя грошы можна было выдаткаваць на дапамогу ветэранам і вязням нацысцкіх лагераў.
Замест будаўніцтва цэнтраў ідэалагічнага і г. зв. патрыятычнага выхавання можна было пусціць сродкі на будаўніцтва школ і дзіцячых садкоў. Замест будаўніцтва АЭС і новых будынкаў пракуратуры і міліцыі мы маглі б падтрымліваць беларускі бізнэс, развіваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.
Замест закупак вадамётаў, дубінак і гумовых куль грошы беларусаў маглі б пайсці на закупку лекаў і неабходнага медыцынскага абсталявання для бальніц і паліклінік.
Усё гэта можна было зрабіць за 30 гадоў. Калі б не Лукашэнка.
Наша задача зараз — выправіць памылку даўжынёй ў трыццаць гадоў. А для гэтага нам неабходна аб'яднацца вакол альтэрнатывы Лукашэнку. Гэта значыць — падтрымліваць палітвязняў, добраахвотнікаў, палітычныя інстытуты. Важна прагаласаваць за сваіх прадстаўнікоў у Каардынацыйную раду 25-27 траўня.
Упершыню за 30 гадоў мы рэальна можам правесці дэмакратычныя выбары і стварыць па-сапраўднаму прадстаўнічы інстытут. Не прызначыць, як Лукашэнка, а сапраўды выбраць тых, хто будзе нас прадстаўляць, абапіраючыся на рэальныя галасы беларусаў, а заўтра, у транзітны перыяд, узяць на сябе адказнасць за тое, каб пабудаваць незалежную і свабодную Беларусь.
Такую Беларусь, якую 30 гадоў беларусам не даваў пабудаваць рэжым Лукашэнкі. Мы ж, беларусы, вартыя лепшага. Вартыя выбіраць лепшых. Вартыя жыць у лепшай Беларусі.
Comentários